Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

В Кобрине состоялись традиционные соревнования по лыжным гонкам

… Ціхі суботні ранак, пад нагамі звонка рыпіць снег, навокал – чароўная зімовая цішыня. Надвор’е гэтага дня стала сапраўдным падарункам для ўсіх аматараў здаровага ладу жыцця, якія прыйшлі на традыцыйныя спаборніцтвы па лыжных гонках “Кобрынская лыжня-2016” у межах круглагадовай спартакіяды калектываў фізкультуры прадпрыемстваў і арганізацый г. Кобрына, што адбыліся ў мінулую суботу ў парку імя А.В. Суворава і на стадыёне “Юнацтва”. У спаборніцтвах прынялі ўдзел каманды устаноў адукацыі, спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў, РФАУ “Атлант”, прадпрыемстваў і арганізацый горада, клубы энтузіястаў і проста аматары здаровага ладу жыцця.

- Вельмі добра, што ў нас ёсць неабыякавыя людзі, якія сёння прыйшлі сюды, каб правесці гэты суботні дзень у прыемнай атмасферы, – сказаў у час урачыстай цырымоніі адкрыцця спаборніцтваў намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык. – Прыемна адзначыць, што ў гэтым годзе нас стала больш: да “Кобрынскай лыжні” далучыліся школы. Усім удзельнікам хочацца пажадаць добрага настрою, і каб сённяшнія спаборніцтвы прайшлі на “выдатна”, а перамога дасталася на самай справе мацнейшым.

Пачалася праграма гэтага спартыўнага дня з эстафеты, у якой прынялі ўдзел каманды ўстаноў адукацыі раёна. Спаборніцтвы атрымаліся на самай справе эмацыянальнымі і відовішчнымі. Пад бадзёрыя крыкі балельшчыкаў і калег па камандах лыжнікі імкліва панесліся па белым полі. Выкладчык фізічнай культуры СШ № 7 Алена Ільючык прыйшла на спаборніцтвы з цэлай дэлегацыяй маленькіх балельшчыкаў: падтрымлівалі сваю настаўніцу яе вучні, а з такой падтрымкай, як кажуць, і лыжы бягуць хутчэй.

Як заўсёды, “Кобрынская лыжня” сабрала аматараў здаровага ладу жыцця самага рознага ўзросту. Мікалаю Вячорку пайшоў 65-ы год, аднак бадзёрасці духу ў яго з запасам хопіць на некалькіх маладых. Паралельна з захапленнем бегам на яго спартыўным шляху 29 марафонаў і 4 звышмарафоны. На лыжах Мікалай Сямёнавіч ходзіць з самага дзяцінства, і нават сёння памятае самыя першыя дубовыя лыжы, зробленыя яшчэ яго бацькам. За ўсе гады Мікалай Вячорка не прапусціў ні адной “Кобрынскай лыжні”. Як адзначае спартсмен, такія мерапрыемствы, безумоўна, патрэбны як моладзі, так і людзям сталага ўзросту: і хвароб будзе менш, і настрой лепшы.

Добрага настрою ў гэты дзень на самай справе хапіла на ўсіх. Вясёлыя жарты, здаровы румянец, ды белы іскрысты снег навокал, здавалася, самі сабой разганялі ўсе нягоды. Выдатны зарад пазітыву атрымалі ўсе без выключэння ўдзельнікі. Аднак на тое яны і спаборніцтвы, каб вылучыць мацнейшых. У эстафеце сярод устаноў адукацыі першае месца заваявала каманда СШ № 9, у групе з удзелам спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў і РФАУ “Атлант” першае месца ў каманды дзіцяча-юнацкай сярэдняй школы па вяслярных відах спорту, сярод прадпрыемстваў і арганізацый лепшай стала каманда “Кобрынскага УМГ” ААТ “Газпрам Трансгаз Беларусь”. У індывідуальным заліку сярод жанчын першай прыйшла да фінішу Ала Шахалевіч. А самым хуткім лыжнікам “Кобрынскай лыжні-2016” сярод мужчын стаў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Павел Адамовіч, які выступаў у складзе клуба “Кобрын-2”.

Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.

Источник информации:
Районная газета "Кобрынскi веснiк"