Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

З верай па жыцці

У вялікім спісе злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў, учыненых на беларускай зямлі, у тым ліку і на Кобрыншчыне, асобнае месца займае прымусовы вываз мірнага насельніцтва на работы ў Германію. Каб заманіць ахвяру ў сваю пастку, фашысцкая Германія вяла вялікую прапаганду. Паказваючы ў ружовым святле нямецкі “рай”, яна не скупілася на абяцанні, запэўнівала, што там у кожнага будзе магчымасць пачаць новае жыццё, добра зарабляць. Але, убачыўшы, што добраахвотнікаў сярод мірных беларусаў не знайшлося, акупанты пачалі дзейнічаць па-іншаму – літаральна паляваць на людзей, учыняць масавыя аблавы на працаздольную частку насельніцтва і сілай адпраўляць яе ў Нямеччыну. Сярод тых, хто прайшоў пекла нямецкага рабства, не зламаўся, не ачарсцвеў душой, не страціў спагады і павагі да бліжняга, і мая гераіня – ураджэнка вёскі Мінянка Вера Другак ( у дзявоцтве –Янчук).

Вера, якой на пачатак вайны было ўсяго дванаццаць гадоў, і зараз добра помніць той дзень, калі ўпершыню варожая нага ў чорным боце ступіла ў іх вёску. Страх апанаваў насельніцтвам – жылі адным днём, бо ніхто не ведаў, чаго заўтра можна было чакаць ад няпрошаных гасцей:

– Яшчэ больш я помню дзень 6 красавіка 1943 года, калі па акрузе пайшла чутка, што арганізавана аблава на працаздольную частку насельніцтва. Першымі немцы схапілі майго старэйшага брата Васіля і бацьку, затым і мяне. Бацьку потым адпусцілі – ці то пашкадавалі, што дома яго чакала яшчэ сямёра малалетніх дзяцей, ці то палічылі, што не вельмі малады ўжо. А нас з братам у ліку сарака чалавек з розных вёсак Кобрыншчыны павезлі ў Брэст. Там забралі вопратку, выдалі сваю і набілі на рукаў літару згодна нацыянальнасці. У мяне чамусьці была літара “Р” (руская), напэўна, немцы беларусаў не хацелі прызнаваць за асобную нацыю.

У хуткім часе ў Германію з Брэста было адпраўлена каля пяцідзесяці вагонаў, напоўненых людзьмі розных нацыянальнасцяў, якія сталі бясплатнай рабочай сілай для чужой краіны. Час, што прыйшлося правесці ў доўгім шляху, а ехалі каля дзесяці сутак, прайшоў у цяжкіх хваляваннях: куды і з якой мэтай вязуць, што чакае на чужыне? Ахова была не ва ўсіх вагонах, таму самыя смелыя рабілі спробу ўцячы – скакалі на хаду з поезда. Шчасце – калі іх не даганяла аўтаматная чарга.

Цяжкая катаржная праца на працягу двух гадоў чакала Веру з Васілём у Германіі. Ім пашчасціла, што іх не разлучылі. Хоць гаспадары былі людзьмі няжорсткімі, але палёгкі і спачування ад іх ніколі чакаць не прыходзілася. Рукі ў чатырнаццацігадовай дзяўчынкі заўсёды былі ў крывавых мазалях, начамі “гудзела” спіна, балелі ногі. Няважна, якая пара года за акном – лета ці зіма – круглы год ніякай палёгкі: догляд за каровамі, свіннямі, агародам, назапашванне сена, нарыхтоўка дроў, абавязкі па доме: прыбіранне, мыццё посуду і бялізны. Малады арганізм заўсёды хацеў есці, бо прадуктаў, якія выдаваліся на тыдзень, было зусім мала.

– Пачуццё голаду нас ніколі не пакідала. Добра, што паляк, які кіраваў гаспадаркай, літасцівы быў, часам зжаліцца – дасць жменю аўса. Ад таго аўса ўсе губы былі ў крыві, а мы яго з асалодай елі. Хадзілі, рызыкуючы жыццём, ноччу на чужое поле, кралі капусту, а корміш жывёлу і ад яе, пакуль ніхто не бачыць, рукой зачэрпнеш чаго прыйдзецца, ды ў рот. Выжываць трэба было, – згадвае Вера Пятроўна.

З адзення – што было, як прыехалі, новага ніхто не выдаваў. У Веры з сабой заўсёды ў ватніку іголка з ніткай была, якой яна зашывала дзіркі, што ўзнікалі на вопратцы ад старасці.

– Знаходзячыся ў нямецкім рабстве, мы нічым не маглі дапамагчы фронту. Але нянавісцю да фашысцкага рэжыму, да свайго бязвольнага становішча была пранізана кожная частачка душы. У мястэчку служыў яшчэ адзін наш зямляк Аляксей Нічыпарук, якому заможныя гаспадары плацілі невялікую суму грошай, праўда, купіць за іх нічога ў магазіне нельга было, акрамя што папіросаў,– ён быў амаль пусты, бо ўсё адпраўлялася на фронт. Дык той хлопец купляў папіросы, хоць і не курыў сам, надкурваў іх і кідаў на зямлю знарок на вачах у мясцовых мужчын, а тыя падбіралі іх следам, – успамінае Вера.

Сярод мірнага нямецкага насельніцтва вялася прапаганда, што людзі, якія трапілі да іх працаваць, зрабілі гэта па ўласнай волі – збеглі ад тых умоў, у якіх жылі ў Савецкім Саюзе. Не ведалі яны і даканца і пра тыя здзекі, што чыніла гітлераўская армія на Усходзе. Калі немцы пачалі адступаць, а савецкія войскі сталі набліжацца да Германіі, мясцовае насельніцтва захвалявалася, што прыйдзе час расплаты: усе кінуліся грузіць сваю маёмасць на павозкі і ўцякаць глыбей на Захад.

– Жудасныя малюнкі ад убачанага пасля сутыкнення нашай арміі з немцамі непадалёку ад мястэчка пад Берлінам і зараз, як чорная кінастужка, праносяцца перад маімі вачамі: многа трупаў – нашых маладзенькіх салдатаў, якія загінулі ў кроку ад Перамогі, нямецкіх дзяцей у прыгожым адзенні, якія трапілі выпадкова ў крывавае месіва пад страшнай назвай вайна, – не стрымліваючы слёз, дрыготкім голасам вымаўляе Вера Пятроўна.

Дзень Перамогі Вера сустрэла ў Чэхаславакіі, дзе апынулася ў складзе такіх жа бежанцаў, якія дапамагалі разбіраць металургічны завод, падарваны немцамі. Частыя выбухі, якія пачалі з раніцы раздавацца непадалёку ад завода, усхвалявалі ўсіх: падумалі, што нейкія раздробленыя нямецкія групіроўкі вядуць атаку. А калі праз некаторы час рэхам пакацілася на рускай мове “Победа”, зразумелі: вайне канец.

Шлях на малую радзіму быў няпростым, але думкі пра хуткую сустрэчу з бацькамі і сваімі малодшымі братамі і сёстрамі сагравалі Веры сэрца і ўсялялі надзею, што ўсе іспыты хутка закончацца. Вярталася дзяўчына разам са сваімі зямлячкамі, бо брат адразу ж, як толькі іх вызвалілі, пайшоў у Чырвоную армію:

— Помню, стаю я з сяброўкамі перад вясковымі жанчынамі, сярод якіх і мая маці. Яна глядзіць на дзяўчат, называе кожную па імені, а мяне ад хвалявання адразу не пазнала, потым кінулася са слязамі, прыціснула моцна да сябе, толькі і вымавіла : “Дачушка ты мая”. Бы і не было тых двух гадоў расстання, не было цяжкай катаргі, каб не ўспаміны…

Першыя пасляваенныя гады былі нялёгкімі. Пасля нараджэння ў сям’ і Янчук дзясятага дзіцяці, маці пачала часта хварэць, у хуткім часе захварэў і бацька. Усе клопаты пра сям’ю выпалі на старэйшую Веру,бо Васіль застаўся пасля службы ў Расіі. Яна, прайшоўшы вялікую школу выжывання на чужыне, ніколі ні на што не скардзілася – цалкам растваралася ў сям’і. З кавалкаў парашута, які знайшла, калі вярталася з Нямеччыны і пранесла за худзенькімі плячамі, шыла малым адзенне, сама недаядала, аддавала лепшы кусок малодшай Любе. Аднойчы, калі пачула размову суседзяў, маўляў што гэтае дзяўчо зможа даць дзецям, сказала сабе: яна паставіць іх усіх на ногі, нават калі гэта будзе каштаваць уласнага шчасця. І слова сваё стрымала: падняла ўсіх, вывучыла. Сама выйшла позна ўжо замуж, пакуль не ўпэўнілася, што браты і сёстры добра стаяць на нагах.

– Маці і зараз, хоць хвароба ў апошні час і падкасіла яе, як сцяна для ўсёй нашай вялікай сям’і, яе братоў і сясцёр (на жаль, прыйшлося ёй перажыць боль ад страты – памерла і малодшая сястра Люба), пляменнікаў, іх дзяцей, для нас – двух яе сыноў, унукаў. Яна – як агеньчык, на які злятаюцца матылі, кожнаму дасць параду, знойдзе словы падтрымкі. Нам усім не хапае яе мудрасці, вытрымкі, цягі да жыцця, аптымізму, умення жыць у гармоніі з сабой і іншымі. Любая няўдача – і мы пынаем раскісаць, гневацца на свет. У такія хвіліны згадваю маці і колькі ёй прыйшлося вынесці выпрабаванняў, тэлефаную, бо яна адным толькі словам можа заставіць паглядзець на складаную сітуацыю зусім па-іншаму, – развітваючыся са мной ужо на парозе прызнаецца ў сваёй любві да самага роднага чалавека сын Юрый.

Алена БАКУН.

НА ЗДЫМКУ аўтара: Вера Другак.

Источник информации:
Районная газета "Кобрынскi веснiк"