Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

История для Дмитрия Грыкеня не просто учебный предмет

Гісторыя для вучня 11 “Б” класа гімназіі горада Кобрына Дзмітрыя Грыкеня не проста вучэбны прадмет, гэта сэнс яго жыцця. Напэўна, такое стаўленне і прынесла свой плён: з заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі, якая адбылася з 20 па 25 сакавіка ў Гродне, кабрынчанін вярнуўся дыпламантам 2-й ступені.

Прыхільнасць да гісторыі Дзмітрый тлумачыць проста: “Гэта прадмет, які не трэба завучваць”. Добрая логіка і аналітычны склад розуму дазваляюць яму разумець сутнасць падзей, якія мелі месца на тым ці іншым гістарычным этапе. Больш за тое, ён бачыць аналогію паміж імі.

Да таго ж любімы прадмет выкладае дасведчаная настаўніца, якая мае добры аўтарытэт педагога не толькі ў вачах свайго вучня, але і кіраўніцтва. Толькі ў гэтым годзе Святлана Васілюк падрыхтавала 7 пераможцаў раённага этапа рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі і грамадазнаўстве, за што і была ўзнагароджана граматай аддзела адукацыі, спорту і турызму Кобрынскага райвыканкама. Выдатныя вынікі Дзмітрыя Грыкеня яе не здзівілі, наадварот, у чарговы раз упэўнілі, што па працы і ўзнагарода. Яна ведае вучня з 5 класа, на яе вачах хлопчык старанна спасцігаў межы бязмежнай гістарычнай навукі. Настаўніца адзначыла, што яго веды ў вобласці гісторыі заўсёды адрозніваліся ад ведаў аднакласнікаў, цяпер жа яны не ўступаюць студэнцкаму ўзроўню.

Трыумфу Дзмітрыя на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі папярэднічалі перамогі на раённым і абласным узроўнях. Пачынаючы з 2013 года ён стаў нязменным уладальнікам першых месцаў на раённых этапах рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі і грамадазнаўстве, а ў мінулым годзе набыў вопыт выступлення “на рэспубліцы” па гісторыі. За выдатную вучобу, а на фінішную прамую Дзмітрый выйшаў з сярэднім балам 9,2, яго фотаздымак упрыгожвае школьную дошку гонару “Нашы дасягненні”.

Перамога на рэспубліканскай алімпіядзе адкрывае Дзмітрыю неблагія перспектывы. Гарачая ўступная кампанія, якая ўжо “на носе” і не сыходзіць з вуснаў як сёлетніх выпускнікоў, так і іх бацькоў, для Дзмітрыя Грыкеня закончылася, так і не пачаўшыся. Ён аўтаматычна становіцца студэнтам першага курса гістарычнага факультэта БДУ, куды яшчэ нядаўна марыў паступіць. У планах юнака атрымаць неабходную кваліфікацыю, каб на прафесіянальным узроўні прысвяціць сябе гістарычнай навуцы. Як адзначыла Святлана Аляксееўна, у якасці настаўніка Дзмітрый ужо рэалізаваўся: для яе ён добры памочнік у традыцыйных днях школьнага самакіравання.

Людміла ДУБІНА.

НА ЗДЫМКУ: творчы тандэм настаўніка і вучня – Святлана Васілюк і Дзмітрый Грыкень. Фота аўтара.

Источник информации:
Районная газета "Кобрынскi веснiк"