Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

На Кобрыншчыне распачалі сяўбу

Сёлета Кобрыншчына першай у вобласці распачала веснавую сяўбу – паводле даных на ранак панядзелка ўжо было пасеяна 1124 гектары, у тым ліку 62 гектары аднагадовых траў, што ў цэлым складае 3,2% ад плана. Першымі з першых выйшлі на палі раёна аграрыі ААТ “Астромічы”.

— Пасеяна 24 гектары ячменю, 51 гектар аўса, 20 гектараў яравой пшаніцы, — расказвае дырэктар ААТ “Астромічы” Уладзімір Сідарук. – Паралельна вядзецца падкормка азімых збожжавых. Ужо падкормлены ўвесь рапс і больш за палову азімых, падкормку якіх, калі не падвядзе тэхніка, плануем завяршыць у бліжэйшыя дні. Азімыя і рапс перазімавалі добра, што дае падставы спадзявацца на дастойны ўраджай. Цяпер галоўнае, каб спрыяла надвор’е.

Вялікая ўвага ў гаспадарцы надаецца і ўнясенню мінеральных і арганічных угнаенняў пад сяўбу — пад закупку мінеральных угнаенняў адкрыта крэдытная лінія, заключаны дамовы з вытворцамі. Агульная пасяўная плошча ў гаспадарцы на гэты год складае 1550 гектараў, 400 з якіх адведзены пад збожжа, 150 – пад цукровыя буракі, 50 – пад бульбу. Вялікая стаўка зроблена на кукурузу, яе сёлета запланавана пасеяць каля 700 гектараў, у тым ліку каля 100 гектараў – на насенне, 100 – на зерне, астатнюю – на зялёную масу.

На момант нашага візіту ў ААТ “Астромічы” поўным ходам ішла сяўба яравой пшаніцы, на якой ва ўрочышчы “Вялікі луг” на магутным “Джон Дзіры” з пасяўным агрэгатам “Accord DF-2» працаваў механізатар Аляксандр Сярбун. Усяго ж у гаспадарцы налічваецца 22 трактары, у тым ліку 3 энерганасычаных, 2 пасяўных агрэгаты і пнеўматычная ўніверсальная сеялка СПУ-6. А рабочая атмасфера, якая пануе ва ўсіх падраздзяленнях гаспадаркі, лепш за ўсё сцвярджае, што адказнасць моманту тут разумеюць усе.

Дзмітрый БЯЛОЎ

Источник информации:
Районная газета "Кобрынскi веснiк"