Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Свята эрудыцыі і інтэлекту

Малодшыя школьнікі і навучэнская моладзь, настаўнікі і супрацоўнікі камунальных службаў, тыя, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку і тыя, хто толькі пачынае жыццё — цяжка знайсці катэгорыю, якую б яшчэ не захапілі інтэлектуальныя гульні. З кожным годам гэты элітарны адпачынак набірае на нашай Кобрыншчыне заслужаную папулярнасць. Чарговае маштабнае свята эрудыцыі і інтэлекту “Залаты ўзрост-2017” прайшло на базе Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі пры падтрымцы Кобрынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

— Інтэлектуальнае развіццё – вельмі важная складаючая развіцця грамадства, — расказвае арганізатар кобрынскіх гульняў “Што? Дзе? Калі?” і адзін з арганізатараў турніру Вячаслаў Кузьміч. – Падобныя турніры – гэта і самаразвіццё, і дух спаборніцтва, і шанс праверыць свае сілы і, безумоўна, магчымасць выйграць цікавыя прызы.

Дарэчы, прызоў у гэты раз было на самай справе шмат – на ідэю правядзення турніру адгукнуўся цэлы шэраг прадпрыемстваў і арганізацый Кобрыншчыны. Партнёрамі яго сталі Кобрынская РА РГА “Белая Русь”, газета “Кобрынскі веснік”, ваенна-гістарычны музей імя А. В. Суворава, СТАА “ВП Палессе”, МТБанк, ААТ “Кобрынскі МСЗ”, кампанія “Мэры Кей”, таксі “Карат”, дыскаўнтар “Востраў чысціні”, “Піца Італьяна”, “Камп’ютар-Сервіс”, інтэрнет-партал “Кобрын-Сіці” і інфармацыйна-аналітычны цэнтр, у памяшканні якога і прайшла гульня. У гэты раз за званне пераможцаў змагаліся сталыя кабрынчане – свае каманды прадставілі клубы, якія працуюць пры аддзяленні дзённага наведвання для грамадзян сталага ўзросту Кобрынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і грамадскае аб’яднанне “Універсітэт залатога ўзросту”. Усяго ў турніры прынялі ўдзел 5 каманд — “Ружа вятроў”, “Надзея”, “Ружа вятроў-2”,“Старыя-разбойнікі” і “Брыганціна”.

Раман МЕЛЬНІК, старшыня Кобрынскай РА РГА “Белая Русь”:

— Час патрабуе ад нас пастаянна павышаць свой інтэлектуальны ўзровень, і радасна бачыць, што інтэлектуальныя гульні сёння даступныя кожнаму кабрынчаніну. Правядзенне падобных мерапрыемстваў – гэта сусветная практыка, і мне вельмі прыемна, што сярод нас столькі разумных людзей, якія абіраюць для сябе менавіта такі адпачынак.

Мікалай КАЧУРКА, іэрэй, клірык Свята-Аляксандра-Неўскага сабору, кіраўнік маладзёжнага брацтва:

— Хоць усе мы, і маладыя, і людзі ва ўзросце, роўныя перад Богам, нам усім патрэбна развівацца, таму што чалавек не можа стаяць на месцы. І гэты турнір, які сёння праводзіцца для людзей “залатога ўзросту”, гаворыць аб тым, што яго ўдзельнікі развіваюцца, як гэтага жадае Гасподзь. Дарэчы, Вялікі пост, які ўжо распачаўся, таксама існуе для нашага развіцця і для таго, каб кожны з нас стаў вышэй у духоўным плане, і для таго, как мы сталі бліжэй да Бога. Таму хочацца пажадаць удзельнікам сённяшняга мерапрыемства і ўсім нам, каб іх жыццёвая мудрасць заўсёды спалучалася з духоўнай.

Цікавая рэч – нават тыя, хто прыйшоў на турнір, што называецца, “за кампанію”, ужо пасля першых пытанняў міжволі актыўна ўключыліся ў гульню, а бліжэй да другой паловы заўзята ламалі галаву над пытаннямі з азартам, не меншым чым члены каманд-сапернікаў. У выніку час праляцеў непрыкметна, і неўзабаве надышла пара вызначаць пераможцаў. Па выніках турніру лепшай стала каманда “Надзея”, другое месца заваявала “Ружа вятроў”, трэцяе – “Ружа вятроў-2”. Усе каманды атрымалі прызы і памятныя падарункі ад спонсараў і Кобрынскага ТЦСАН.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Источник информации:
Районная газета "Кобрынскi веснiк"

Комментарии