Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Большая жизнь маленькой Тевельской библиотеки

Гаспадыня гэтага сховішча мудрасці ў вёсцы Тэўлі Любоў Крагель кожнага свайго чытача сустракае цяпло і прыветліва. У гэтым невялікім утульным памяшканні ідзе сваё асаблівае жыццё.

Бібліятэкарам Любоў Маркаўна працуе з 1974 года, але адзначае, што, як тады, так і цяпер, цікавасць да чытання у насельніцтва не згасла.

– Я сама не ўяўляю сваё жыццё без кніг, – дзеліцца са мной жанчына. – Імкнуся чытаць хоць па пару старонак у дзень, бо калі бібліятэкар не чытае, то працаваць яму будзе складана.

Любоў Крагель добры псіхолаг, а таму яна ўмела падбірае кнігі сваім наведвальнікам. «Мне здаецца, гэтая кніга для вас», – усміхаецца жанчына і перадае яе чытачу. Як у яе атрымліваецца так тонка адчуваць душу чалавека?!

Хвалюе бібліятэкара, што ў вёсцы моладзі і дзяцей менш стала. Нягледзячы на гэта, Любоў Маркаўна па-ранейшаму актыўна працуе. На базе бібліятэкі дзейнічае літаратурна-паэтычны гурток “Мастацкае слова”, дзе гурткоўцы вучацца прыгожа дэкламаваць творы. На ўсіх канцэртах юных чытальнікаў успрымаюць асабліва цёпла. Рыхтуюць маленькія чытачы і нумары іншых жанраў. Зусім нядаўна яны выступалі на святочным пасхальным канцэрце.

Стараецца Любоў Маркаўна прывучаць дзяцей да кніг і з дапамогай такіх мерапрыемстваў, як “Тыдзень дзіцяча-юнацкай кнігі”, выстаўка “Іх імёны ўславілі навуку” і, вядома ж, розныя інфармацыйныя гадзіны, прысвечаныя ў тым ліку і Году навукі. Летам усе мерапрыемствы пераносяцца на вуліцу. Вельмі любяць дзеці гуляць у піратаў ды разведчыкаў, шукаць клады па сховішчах. Вядома, усе этапы гульняў прадугледжваюць спасылку на тую ці іншую кнігу. Нават калі дзіця яе не чытала, то абавязкова пацікавіцца потым. Так моладзь не толькі выхоўваецца, але і настройваецца на здаровы лад жыцця, бо гульні маюць яшчэ і спартыўны характар.

Не забывае бібліятэкар і пра духоўны бок выхавання, а таму на Дзень праваслаўнай кнігі арганізавала дзецям сустрэчу з настаяцелем Свята-Успенскай царквы Аляксандрам. Дзеткі змаглі даведацца пра першаасветнікаў беларускай зямлі і дакрануцца да жывога духоўнага слова.

Ёсць у бібліятэцы і яшчэ адна паслуга: абслугоўванне і наведванне чытачоў дома. У асноўным гэта пенсіянеры, якім вельмі цяжка прыходзіць у бібліятэку. Таксама наведвае яна тых, хто знаходзіцца ў Тэвельскай бальніцы сястрынскага догляду.

У Любові Маркаўны да кожнага свой падыход. Можа таму ў бібіятэцы шмат наведвальнікаў.

Аднаўляецца бібліятэчны фонд па-рознаму. Некаторыя людзі дораць кнігі з хатніх бібліятэк, іншыя прыносяць на пэўны час, а яшчэ Любоў Маркаўна прывозіць кнігі з Кобрына са сховішча, бо дрэнна, калі прыходзяць чытачы, а новага нічога няма.

Вось так нястомна жыве і працуе бібліятэка ў вёсцы Тэўлі. Людзі ў асноўным прыходзяць сюды пад вечар, калі скончацца справы на двары, а дзеці вернуцца са школы. На выхадныя ўсе стараюцца запасціся кнігамі, каб душа адпачывала і марыла.

Ксенія ПАЛЬТО.

НА ЗДЫМКУ аўтара: Любоў Маркаўна падбірае кнігу чытачу.