Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

У кожным фотаздымку – чысціня душы

Цікавыя ўражанні аб Алісе Шыманчык ствараюць яе фотаработы, якія, дарэчы, нядаўна былі прадстаўлены на адной з выставак у Кобрынскім дзяржаўным політэхнічным каледжы. Філосафам у душы, чулай і рамантычнай уявілася мне тады васямнаццацігадовая фотамастачка. Такой, дарэчы, выявілася яна і на самай справе.

Аліса родам з Брэста, у Кобрыне набывае ў каледжы спецыяльнасць выканаўцы мастацка-афарміцельскіх работ, аператара камп’ютарнай графікі. Прызналася, што творчую прафесію выбрала спантанна, але з выбарам не памылілася.

Дзяўчына заўсёды глядзела на свет, як творца. У падлеткавым узросце, назіраючы за маміным захапленнем фатаграфіяй, прыахвоцілася да яго і сама. У памяці Алісы захаваліся ўспаміны пра першыя свае фотаздымкі, няспелыя, але цікавыя, зробленыя на плёнкавым фотаапараце. Потым на змену савецкаму “Зеніту-Е” прыйшоў лічбавы “Нікан”. Тут і пачалося раздолле для аўтарскай фантазіі. На некаторы час дзяўчына захапілася пейзажамі.

Да партрэтнага знімання Аліса прыйшла пазней. Занялася ім, калі, нягледзячы на крытычнае стаўленне да ўласнай творчасці, усё ж такі прызнала ў сабе фотамастака. Добрыя водгукі тых, з кім праводзіліся фотасесіі, надалі юнаму фатографу яшчэ большай упэўненасці. Дарэчы, з раннімі і цяперашнімі фотаздымкамі Алісы можна пазнаёміцца ў сацыяльнай сетцы “Вконтакте”, дзе яна стварыла ўласную групу пад псеўданімам Аlisa Kim.

У якасці фотамадэляў для фотамастачкі часцей за ўсё становяцца маладыя людзі, яе цяперашняе акружэнне. “Я столькі разоў пераапранала для фотасесіі сваіх сяброў, што, здаецца, навучылася чытаць іх думкі”, - усміхаецца Аліса. Цікавыя эмоцыі на тварах патэнцыяльных мадэляў шукае малады аўтар, а таму з аднолькавым інтарэсам прыглядаецца і да дзяцей, і да людзей пажылога ўзросту. А бывае і так, што мадэль падбіраецца да канкрэтнага месца. Так, дзякуючы свайму захапленню, юная брэстчанка адкрыла для сябе наш горад.

Людміла ДУБІНА.

НА ЗДЫМКУ: Аліса Шыманчык. Фота аўтара.

Источник информации:
Районная газета "Кобрынскi веснiк"