Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Мая Гамола нашла себя в вышивании

Калі ў чалавека няма любімай справы, то няма і часу, калі б душа адпачывала. Кожны знаходзіць сябе ў розных справах: танцах, песнях, маляванні. А Мая Гамола знайшла сябе ў вышыванні.

– Раней у мяне ўсё часу не было, – усміхаецца жанчына, а калі выйшла на пенсію, то ўжо і занялася вышываннем больш актыўна.

Пры размове Мая Іванаўна ўзгадвае кашулю, якую вышыла сабе. Сяброўкі тады так зайздросцілі! Схемы да вышыўкі Мая шукала ў часопісах, дзе іх у той час было шмат. Але ж якія яны былі: чорна-белыя, а знізу трохкутнічкамі, крыжыкамі ды рыскамі адзначаўся патрэбны колер. На такую работу патрэбны былі добрыя вочы і вялікае цярпенне. Але ў маей суразмоўцы ўсяго гэтага хапала, таму карціна “Залаты яблык” атрымалася ладнай і прыгожай.

– Толькі ніткі мне на ёй не падабаюцца, – крыху засмучаецца жанчына. – Шарсцяныя выглядаюць не так прыгожа, як мулінэ, але перавышываць мне дзеці не дазволілі.Так яна і засталася.

Рабочае месца Мая Іванаўна наладзіла сярод светлага пакоя пад вялікай лямпай. Для вышыўкі маленькім крыжыкам патрэбна добра бачыць, а ў цемры гэтага не зробіш. І калі вечарам усе справы на двары і ў хаце зроблены, жанчына садзіцца за стол. Пад гоман тэлевізара справа ідзе хутка і непрыкметна стрэлка гадзінніка перабягае за поўнач.

– Колькі разоў сабе кажу: “Сёння лягу раней!”, — а не выходзіць, – смяецца майстрыха. – І тое хочацца давышываць, і тое зрабіць, так, зноў лягаю позна.

Усе вышыўкі вельмі жывыя і пяшчотныя, калі можна так сказаць. Вось вялікі сабор, а тут маленькая дзяўчынка прымярае матчыны туфелькі.. А вось магутны конь бяжыць па беразе, што пырскі ляцяць ва ўсе бакі, а вось, здаецца, на тым жа беразе хлопчык па-дзіцячаму проста абдымае дзяўчынку.

– Аднойчы ўнучка папрасіла вышыць ёй партрэт сумнай жанчыны, – гаворыць Мая Іванаўна. – Але я не згадзілася: я люблю вясёлыя, дынамічныя вобразы, на якія глядзіш і ўсміхаешся.

Складанасць карціны ці ўзору на ручніку не мае ніякага значэння, бо для Маі Гамолы хапае толькі таго, што схема і гатовы вынік ёй падабаюцца. Тады ўжо малюнак сам выходзіць з-пад іголкі. Бывае, што нейкія матывы Мая Іванаўна прыдумвае сама, і тады работа атрымліваецца яшчэ цікавейшай, а вышыванкі расходзяцца па людзях з вялікай хуткасцю.

– Шмат маіх ручнікоў і карцін падорана царкве, – расказваем Мая Іванаўна. – Шмат у дзяцей, яшчэ больш раздала тым, хто прасіў. Калі я бачу, што чалавеку падабаецца мая справа, я магу падарыць ручнік ці карціну. І мне ніколі не шкада, а наадварот за шчасце.

Для фотаздымка жанчына апранула белую вышытую кофтачку, яркія кветкі на якой так пасавалі маладым і прыгожым вачам Маі Іванаўны. І сапраўды, калі ў сэрцы такая прыгажосць, то і знешні выгляд будзе цудоўным.

Ксенія ПАЛЬТО.

НА ЗДЫМКУ аўтара: Мая Гамола сярод вышытых падушак і пакрывалаў.