Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Районный бал медалистов прошёл в Кобрине

Хваляванне, адчуванне дасягнутай мэты і адначасовае ўсведамленне таго, што асноўныя выпрабаванні яшчэ наперадзе… Мабыць, толькі той, хто сам аднойчы трымаў у руках заслужаны атэстат асобага ўзору, можа ў поўнай меры зразумець усю гаму пачуццяў, якія ахопліваюць у гэты момант. Зусім хутка пачнуцца ўступныя экзамены, за імі — сесіі, дыпломныя работы… Аднак першы значны этап жыцця ўжо за плячамі, і скончаны ён на самай справе дастойна. У Кобрынскім Палацы культуры – раённы баль медалістаў.

Героямі гэтага дня сталі 23 медалісты-выпускнікі школ горада і раёна. Гэта да іх можна ў поўнай меры аднесці распаўсюджаны эпітэт “залатая моладзь” – прычым у самым чыстым, сапраўдным яго значэнні. Школы развітваліся з тымі, хто сваімі поспехамі аддаў даніну ўдзячнасці за штодзённую працу настаўнікаў.

— Усе хлопцы і дзяўчаты, якія сабраліся сёння ў гэтай зале, безумоўна, дасягнулі вельмі высокага выніку, — адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук. – Хацелася б шчыра павіншаваць з гэтай перамогай іх саміх, настаўнікаў, бацькоў, якія таксама прыклалі вялікія намаганні, а ўсім маладым людзям пажадаць, каб медалі, атрыманыя на Кобрыншчыне, дапамаглі ім знайці сябе ў далейшым жыцці і прыкласці ўсе свае сілы і веды дзеля дабрабыту нашай роднай Беларусі.

Пад апладысменты прысутных Іван Даўжук уручыў лепшым выпускнікам раёна 19 залатых і 4 сярэбраныя медалі. Не засталіся ўбаку і бацькі медалістаў, якія напрацягу ўсіх гэтых гадоў разам са школай укладвалі ў сваіх дзяцей увагу і любоў. Пісьмы падзякі мамам і татам нашай залатой моладзі ва ўрачыстай атмасферы ўручыла загадчык аддзела адукацыі, спорту і турызму Галіна Радковіч. Як падкрэсліла Галіна Уладзіміраўна, менавіта бацькі заўсёды былі надзейнай падтрымкай і апорай для адміністрацый школ. І нездарма кажуць, што яблыка ад яблыні недалёка падае, таму паспяховасць і ўзровень, якога дасягаюць дзеці, на самай справе з’яўляюцца лепшым доказам сапраўднай паспяховасці іх бацькоў.

— Здаецца, зусім нядаўна мама і тата прывялі мяне ў школу, а сёння мы ўжо падводзім вынікі адзінаццаці гадам вучобы і ўласнага развіцця, — адзначыла выпускніца дзіцячага сада-сярэдняй школы № 4 г. Кобрына, залатая медалістка Таццяна Астаповіч. – Сёння мне хацелася б падзякаваць усім настаўнікам, якія навучылі нас цярпенню, працавітасці і, самае галоўнае, адчуванню адказнасці за нашы ўчынкі.

Як адзначыла Таццяна, сучасныя выпускнікі разумеюць, што веды, якія яны атрымалі, яшчэ не даюць гарантыі шчаслівага жыцця, яны толькі фундамент, які трэба пастаянна ўмацоўваць. Застаецца толькі пажадаць усім медалістам Кобрыншчыны, каб той выдатны ўзровень, які яны ўжо прадэманстравалі, стаў сапраўдным высокім стартам да новых жыццёвых дасягненняў і перамог.

Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.

Источник информации:
Районная газета "Кобрынскi веснiк"