Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Адраджаем традыцыі з маленства

Культура Беларусі самабытная і непаўторная. Штогод яна ўсе больш прываблівае да сябе даследчыкаў. Вось і ў дзіцячым садзе-сярэдняй школе № 4 г. Кобрына настаўніцы малодшых класаў Ірына Елісеева і Таццяна Краўчук разам са сваімі выхаванцамі пачалі шукаць вытокі і сэнс беларускіх арнаментаў і ўзораў. Аб чым гавораць бабуліны ручнікі і матчыны сурвэткі? Якія таямніцы хавае вышытая кашуля? Пасля таго як настаўнікі з вучнямі наведалі школьны музей “Родныя вытокі”, менавіта гэтыя пытанні ў рамках раённага этапа даследчых работ сярод малодшых класаў “Першацвет” паклалі пачатак навуковай рабоце “Векавыя традыцыі на новы лад”. Ужо тады настаўнікі зразумелі, што пласт работы па гэтай тэме яшчэ не крануты.

Першай гіпотэзай, якую юныя даследчыкі ўзяліся раскрыць, было тое, што ўсе ўзоры з’яўляюцца сімваламі. І каб пераканацца ў гэтым, яны адправіліся па бібліятэках. Вялікую дапамогу ў пошуках інфармацыі аказалі бібліятэкары Людміла Дардзюк з гарадской бібліятэкі і чытальнай залы музея імя А. В. Суворава Лідзія Курашова. Дзеці ж прыносілі ў школу знойдзеныя дома вышытыя ручнікі і старанна разглядалі, выяўляючы, якую інфармацыю нясе той ці іншы сімвал.

— Знайсці ў хаце ручнікі, якія былі б вышыты па старых канонах, цяпер вельмі цяжка, – расказвае Ірына Уладзіміраўна. – Мала хто ўвогуле вышывае, а калі і вышывае, то ўзоры ўжо зусім не такія.

Другая гіпотэза сведчыла, што беларуская сімволіка нідзе ў сучасным жыцці не сустракаецца. Вядома, што даследчыкі з такім меркаваннем не згадзіліся і пайшлі шукаць рысы беларускай культуры па прадпрыемствах, крамах, на рэкламных шыльдах. Так, адной з найцікавейшых выстаў была калекцыя “Без мінулага няма сучаснага” Марыны Баніфацьевай. Менавіта там даследчыкі ўбачылі, што на сучаснай вопратцы традыцыйны арнамент выглядае не менш прыгожа.

Не абмінулі настаўнікі з дзецьмі і паштовыя аддзяленні, дзе ім паведамілі пра выпуск паштовак з беларускімі ўзорамі. Завіталі яны і ў ААТ “Беларусьбанк”, дзе пазнаёміліся з выкарыстаннем арнамента на банкнотах.

Арнамент быў знойдзены нават на цукерачных абгортках. Па выніках апытання, якое правялі дзеці і настаўнікі, выявілася, што тавары, упрыгожаныя сімволікай, карыстаюцца вялікім попытам у пакупнікоў.

Трэцяй гіпотэзай, якую патрэбна было абгрунтаваць даследчыкам, было меркаванне, што засталося няшмат тых, хто цікавіцца і адраджае беларускую культуру ў сваіх працах. Абвергнуць яе дапамог беларускі дызайнер Раман Дубінка, які актыўна ўжывае традыцыйны арнамент у час працы. Пабывалі вучні і на майстар-класе па плоскасным пляценні.

–Дзяцей гэта вельмі захапіла, – расказвае Таццяна Краўчук. – І мы вырашылі дапоўніць навуковую працу.

Такі занятак дапамог дзецям распрацаваць своеасаблівы арнамент. Абапіраючыся на традыцыйныя ўзоры, кожны з дзяцей стварыў свой сімвал. Зараз настаўнікі мараць аб тым, каб перанесці гэтыя ўзоры на белыя футболкі і падарыць іх маленькім аўтарам.

Ксенія ПАЛЬТО.

Источник информации:
Районная газета "Кобрынскi веснiк"

Комментарии