Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Новости региона

Агроэкоусадьба «Полесские традиции» представляет

* На усадьбе

Непаўторны каларыт самабытнасці, подых мінулага, жывая сувязь часу – гэта ўсё пра аграэкасядзібу “Палескія традыцыі”, якая даўно ўжо стала любімым месцам не толькі для дарослых, але і для дзяцей.

Менавіта тут, пад цёплым вераснёвым небам Кобрыншчыны, у вёсачцы Андронава, у межах праекта ПРААН “Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё “Ініцыятыва “Цыкл мерапрыемстваў “Этна-абуджэнне” і ладзілася фальклорная анімацыя для дзяцей “Культуру краю з дзяцінства знаю”, у якой прымалі ўдзел не толькі мясцовыя хлопчыкі і дзяўчынкі, але і госці. Сярод іх – амаль 30 выхаванцаў Кобрынскай дзіцячай вёскі і навучэнцы СШ № 8 г. Кобрына.

Драўляны памост стаў сцэнай для спецыяльных гасцей свята – удзельнікаў узорнага клуба аматараў фальклору Хаціслаўскага Дома культуры Маларыцкага раёна “Вясковая табала”. Канцэртная праграма, з якой выступілі юнакі і дзяўчаты ў прыгожых нацыянальных касцюмах, гучала на мясцовым дыялекце. Даспадобы прыйшліся байкі, спевы ды танцы, асабліва кадрыль, што завецца “Хаціслаўскімі прычэпамі”. Да вясёлых танцаў з задавальненнем далучаліся і маленькія, і дарослыя гледачы.

- Кожная нацыя, кожны рэгіён павінны зберагаць сваю культуру, – адзначае гаспадыня аграэкасядзібы Ніна Главацкая. – Прыгажосць традыцый вельмі хочацца паказаць нашым дзецям, бо яны – гэта цудоўны сасуд, які сёння мы хочам хоць на крышачку, але запоўніць нашай прыгожай традыцыйнай культурай. Хочацца зрабіць такое свята, каб дзеці адчулі нашу культуру з дзяцінства.

А яшчэ Ніна Главацкая выступіла з прапановай зрабіць 4 “Б” клас СШ № 8 г. Кобрына з фальклорным ухілам. Чацвёртакласнікі, сярод якіх і яе ўнучка, ужо не раз наведвалі сядзібу з экскурсіяй, іх цікавасць да традыцыйнай культуры – шчырая і непадробная.

Дарэчы, Ніна Главацкая расказала і пра тое, якую падтрымку аказвае праект ПРААН, які працуе ў Беларусі. За спонсарскія грошы пашыта 6 дзіцячых і 16 дарослых касцюмаў. Вяртанне ў мінулае, асабліва ў час вышытых ручнікоў ды спаднічак, саматканых кашуль і паясоў, неяк па-асабліваму адгукаецца ў сэрцы кожнага.

З пяці гадоў зачараваў фальклор васьмікласніцу Ірыну Жук з Шамятоўкі. У народныя песні закаханая і яе маці Вольга, якая кіруе фальклорным ансамблем у роднай вёсцы. Вольга Жук разам са сваімі прыгажунямі-выхаванкамі таксама завіталі на свята ў Андронава. І паліліся чароўныя гукі іх душэўных спеваў.

Фальклорная анімацыя не пакінула абыкавымі. Мерапрыемства спадабалася і маленькім кабрынчанкам – шасцігадовай Кацярынцы і трохгадовай Вікторыі, якія прыехалі на свята разам з мамай Людмілай Дзмітрук. Асабліва ўразілі сястрычак дзяўчаты ў вяночках, да якіх малыя адразу пабеглі фатаграфавацца.

Касцюмы маларыцкага і кобрынскага ладаў сапраўды выклікаюць непадробленую зацікаўленасць і захапленне. Напрыклад, хаціслаўскім касцюмам болей за 100 гадоў. Спадніцы, фартушкі, сарочкі, нагавіцы, паясы – усё зроблена доўгімі зімовымі вечарамі прабабулямі юнакоў і дзяўчат, якія сёння з гонарам апранаюцца і беражліва носяць расшытае адзенне, каб потым перадаць яго ўжо сваім дзецям.

- У нацыянальным касцюме – душа народа, – сцвярджае прысутнічаўшая на фальклорным свяце намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ДСПУА “Кобрынская дзіцячая вёска” Святлана Шчэрбава. – Цудоўна, калі дзіця бачыць, ведае, далучаецца да такой культуры.

Цёплае надвор’е нагадвала лета, радасны настрой дарылі спевы, а ногі самі прасіліся танцаваць. Не выклікае ніякіх сумненняў, што спадзяванні Ніны Главацкай, каб дзеці паехалі дадому ў добрым настроі, з незабыўнымі ўражаннямі, павагай і новым успрыманнем традыцыйнай культуры, абавязкова спраўдзяцца.

Ірына ЛЕСІК. Фота аўтара

Источник: vkobrine.by

Комментарии


События за 2014 год

Текущие новости

Видеоновости

Поиск по сайту


Облако тегов

Наши партнеры

Виртуальное путешествие по всему городу Кобрину