Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Музею 40 гадоў 

Ваенна-гістарычнаму музею імя А. В. Суворава споўнілася 40 гадоў. У думках перанясемся ў аддалены першы пасляваенны год. Краіна прымала гераічныя меры па ліквідацыі нанесеных вайной разбурэнняў.

Вуліца Суворава ў Кобрыне захавалася адносна нядрэнна. І сярод уцалелых дамоў асабліва непрыглядны выгляд меў уросшы ў зямлю стары дамок, з якім у народзе было звязана імя Суворава. Ад будынка засталася перакошаная драўляная каробка без акон і дзвярэй, з прагнілым гонтавым дахам.

У першыя пасляваенныя гады можна было часта назіраць. як пакінутыя былымі ўладальнікамі дамы знікалі за адну ноч. Такі ж лёс быў прыгатаваны і нізенькаму доміку па вуліцы Суворава, паўночна-заходні вугал якога яшчэ зімой 1945 года быў разабраны на паліва, калі б не адна шчаслівая абставіна. У Кобрыне на той час аказалася загадчыца абласнога аддзела народнай адукацыі Іванова, якой адзін з кабрынчан расказваў аб пагрозе над домам. Іванова ўспомніла, як у 1944 годзе, пасля выхаду з лесу, партызаны, сярод якіх была і яна, ачышчалі ад гною сувораўскі дом, у якім гітлераўцы трымалі коней. Аб пагрозе, якая навісла пад домам, Іванова напісала ў «Правду». Сігнал даў належны эфект. Ужо летам 1946 года ЦК КПБ прыняў рашэнне аб аднаўленні гістарычнага дома з мэтай адкрыцця ў ім музея.

Няцяжка ўявіць маё здзіўленне, калі мне ўручылі рашэнне гарвыканкома, згодна з якім я з 4 жніўня 1946 года назначаўся дырэктарам неіснуючага музея і абавязваўся аднавіць дом Суворава. Пасля дэмабілізацыі з арміі я працаваў у інвентарызацыйна-тэхнічным бюро тэхнікам-інвентарызатарам. А ў той пасляваенны час кожнага маглі назначыць на любую работу без згоды. I мне давялося ўзяцца за зусім новую работу — аднаўляць дом і адначасова авалодваць азамі зусім невядомай музейнай справы.

У Брэсцкай вобласці музеяў у той час наогул не было. Бліжэйшыя знаходзіліся ў Пінску і Слоніме Баранавіцкай вобласці. Туды я і накіраваўся пераймаць вопыт. Аднак высветлілася, што і іх кіраўнікі, былыя камандзір партызанскага атрада і настаўніца, такія ж бездапаможныя, як і я. Зрабіў стаўку на дапамогу сталічных музеяў, якая сябе апраўдала.

Тым часам у пачатку 1948 года з вялікімі цяжкасцямі аднаўленне дома закончылі. Настаў час займацца стварэннем першай экспазіцыі. Аднак профіль музея яшчэ не быў вызначаны. Трэба было рабіць выбар з трох варыянтаў: краязнаўчы, мемарыяльны Сувораўскі і ваенна-гістарычны імя Суворава з мемарыяльным ухілам. Пасля ўсебаковага абмеркавання выбралі апошні варыянт.

У той час было модна карыстацца выказваннем Сталіна аб нашых вялікіх продках. Таму вырашылі першую залу музея прысвяціць дзеянням гэтых ваеначальнікаў, у тым ліку. і Суворава. Наступная экспазіцыя павінна была знаёміць наведвальнікаў больш падрабязна з жыццём і баявымі подзвігамі Суворава. I, нарэшце, у трэцім раздзеле планавалі адлюстраваць падзеі «Дванаццатага памятнага года», у самым пачатковым перыядзе якога ў Кобрыне была атрымана першая значная перамога над войскамі Напалеона ў межах Расіі.

Аднак для адкрыцця музея многага не хапала. Не было нават шкла для акон. Пра спецыяльную музейную мэблю можна было толькі марыць. Шматтыражныя ілюстрацыі мы расклеілі на кардоне і развесілі на забітых у сцены цвіках. Такім чынам, аформілі другі і трэці раздзелы. А вось з першым справы ішлі горш. У партрэце «імянінніка» — Суворава трэснуў падрамнік, яго прыйшлося адпраўляць у Брэст для перацяжкі. А без партрэта нельга аформіць экспазіцыі.

Вечарам 30 красавіка партрэт быў дастаўлены ў Кобрын. Але тут зноў узніклі складанасці. На адкрыцці музея захацелі папрысутнічаць кіраўнікі абкома партыі і аблвыканкома. Аднак 1 мая яны павінны былі прысутнічаць у Брэсце. У абкоме прынялі рашэнне неранесці адкрыццё на 9 мая. Я з палёгкай уздыхнуў. Але 1 мая мне перадалі, каб зайшоў да першага сакратара райкома КПБ Царанкова. Той не стаў слухаць маіх спасылак на пажаданні кіраўнікоў абкома і катэгарычна заявіў, што адкрыццё павінна адбыцца сёння. Пярэчыць не было сэнсу. На шчасце, напярэдадні музей атрымаў ад Дзяржаўнага гістарычнага музея фотавыстаўку, прысвечаную 30-годдзю Вялікага Кастрычніка на 12 шчытах. I вось пры садзейнічанні некалькіх добраахвотных памочнікаў шчыты размясцілі ў першай зале.

Аднак, што ж будзем адкрываць? Нельга было дастаць нават простай стужкі. Не было і флагаў. Рашэнне ўзнікла імгненна: была гатовая мемарыяльная дошка, вось яе і адкрыем. А чырвоны матэрыял знайшлі так. Аднаму з памочнікаў даручыў, — што ўжо будзе! На першым жа доме зняць чырвоны флаг, палотнішчам якога і закрылі мармуровую дошку, што навешвалі ля ўвахода на вачах у сабраўшыхся.

Тым часам дэманстрацыя на плошчы Свабоды заканчвалася і людзі накіраваліся на вуліцу Суворава. На мітынгу з кароткай прамовай выступіў палкоўнік — кавалер ордэна Суворава. Ён і зняў чырвоны матэрыял з дошкі, на якой было высечана «Тут жыў А. В. Сувораў у 1797 і 1800 гадах». Затым наступіла ўзаемнае прыемнае здзіўленне: кіраўнікі раёна былі здзіўлены тым, што ў музеі ўсё было лепш чакаемага, я — іх добразычлівасцю ў адносінах да такой прымітыўнай экспазіцыі…

Цесныя пакойчыкі, якія назвалі па-музейнаму — заламі, былі запруджаны народам. Па самых сціплых падліках, новы музей наведала некалькі тысяч чалавек. У далейшым яго экспазіцыя неаднаразова самым карэнным чынам перабудоўвалася, няспынна абагачалася экспанатамі, рабілася зусім не падобнай да той, што адкрылася 1 мая 1948 года.

А. Мартынаў

Мартынаў, А. Музею 40 гадоў / А. Мартынаў // Камуністычная праца. – 1988. – 9 мая.

Навигация



Наши партнеры

Бенто Суши, Кобрин, Роллы, Суши, Беларусь

Шкаф ШР11 www.kristallooo.ru