Адкуль пайшоў горад ... | А. М. Мартынов | Личности | Туристический Кобрин
Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Адкуль пайшоў горад ...

Пытанне аб пачатку існавання Кобрына да гэтых часоў выклікае ў гісторыкаў супрацьлеглыя меркаванні, хоць усе яны сыходзяцца на тым, што наш горад вельмі старажытны. Большасць гісторыкаў выказвае думку, што ўзнікненне Кобрына адносіцца да XI або пачатку XII стагоддзя. У адным жа польскім дакуменце ёсць дата — 1111 год. Паводле старажытнага народнага падання, якое бытуе ў нашых мясцінах, пачатак Кобрына як горада звязан з наступнай падзеяй.

Спрадвеку на востраве, утвораным дэльтай упадачаючай у Мухавец балоцістай рачушкі Кобрынкі, існавала рыбацкае пасяленне. Землі гэтыя на зары нашай гісторыі ўваходзілі ў састаў старажытнарускай дзяржавы, а затым удзельнага Пінска-Тураўскага княства. Адзін з яго ўладальнікаў, патомак вялікага князя кіеўскага Ізяслава, пры паляванні ў тутэйшых лясах спыніўся тут на адпачынак.

Пры больш уважлівым знаёмстве мясцовасць яму спадабалася, і ў князя ўзнікла думка выкарыстаць востраў у якасці абароннага пункта. Потым тут узніклі першыя зямлянкі і драўляныя ўмацаванні, якія з цягам часу ператварыліся ў верхні і ніжні замкі, пад надзейнай аховай якіх паступова пачаў застрайвацца і засяляцца пасад.

Прыведзенае паданне вельмі праўдападобна і ўпаўне можна згадзіцца з тым, што такім быў пачатак горада. Датай жа ўзнікнення горада прынята лічыць першы ўпаман аб ім у летапісу. У адносінах да Кобрына такой умоўнай датай лічыцца 1287 год.

У тую аддаленую пору Кобрыншчына ўваходзіла ў састаў удзельнага Уладзімір-Валынскага княства, якім правіў князь Уладзімір Васільевіч. У складзеным ім завяшчанні, занесеным у Іпацьеўскі летапіс, у запісу 1287 года, чытаем: «Се аз, князь Володимир, сын Васильков, внук Романов, пишу грамоту: дал есьм княгине своей (Ольге Романовне) по своем животе (в смысле “жизни”) город Кобрын и с людьми и с данью, как при мне даяли, таго и по мне ать дають княгине моей”…

Як бачым, Кобрын у той час называўся горадам. Бадай, яшчэ больш спрэчным, чым дата ўзнікнення Кобрына, з'яўляецца пытанне аб паходжанні назвы горада. Ва ўсякім выпадку, можна з упэўненасцю сказаць, што яго назва нічога агульнага не мае з экзатычнай змяёй кобрай, як многія схільны думаць. Няпраўдападобнымі трэба прызнаць таксама спробы вывесці слова «Кобрын» ад імені старажытнага племені обры або кобры, аб якім упаміналася у пагаворках і былінах. Найбольш верагодна, што назва гэтая пайшла ад стара жытнага імя, уладальнік якога стаў у якіхсьці адносінах вядомым. Па яго імені і быў назван пасёлак.

Думаю, што для кабрынчан будзе цікава даведацца аб існаванні іншых геаграфічных назваў, утвораных ад корня «Кобр». Так, ля вёскі Навасёлкі ; нашага раёна існавалі ўрочышчы «Кобрынка» і «Падкобрынка». Урочышча «Кобрынка» было ля вёскі Ланской Маларыцкага раёна. Геаграфічныя назвы, утвораныя ад гэтага корня, сустракаюцца ў Лоеўскім раёне Гомельскай вобласці і іншых месцах.

Дарэчы, Кобрын, Кобрынскі і іншыя звязаныя з імі словы адносяцца не толькі да геаграфічных тэрмінаў. Не менш часта сустракаецца гэтае слова ў выглядзе прозвішчаў. Прозвішча Кобрынская насіла вядомая ўкраінская пісьменніца, яшчэ зусім нядаўна пражываў у Віцебску ўрач Кобрын, другі — у Данбасе, а на далёкім Урале існуе цэлая вёска, добрая палавіна жыхароў якой па прозвішчу з’яўляюцца цёзкамі нашага старажытнага горада.

А.М. Мартынов

Мартынаў, А. Адкуль пайшоў горад... : да 685-годзя г. Кобрына / А. Мартынаў // Камуністычная праца. – 1972. – 11 студзеня.