Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Боль глыбокага тылу

На другім годзе вайны дзеянні партызан настолькі актывізаваліся, што ўзнікла рэальная пагроза важным тылавым камунікацыям гітлераўцаў. У сувязі з гэтым, фашысты прынялі шэраг контрмер. У Кобрын быў накіраваны конны батальён палявой жандармерыі, у задачу якога ўваходзіла мабільнае пранікненне ў такія глухія месцы, куды не магла дабрацца звычайная тэхніка.

У канцы 1942 года батальён уладкаваўся ў памяшканні СШ № 2 па вуліцы Першамайскай. Побач са школай знаходзіліся даўно закрытыя могілкі. Там і пабудавалі чатыры вялікія канюшні на пяцьсот коней. Адразу ж пасля паяўлення ў горадзе спецбатальёна члены мясцовага антыфашысцкага падполля сталі думаць, як абясшкодзіць карнікаў. Вырашылі знішчыць коней, для догляду за якімі акупанты мабілізавалі 18 мясцовых жыхароў. Сярод іх былі партызанскія сувязныя, у тым ліку адзін з актыўных членаў КПЗБ у гады польскага рэжыму Аляксей Ніканавіч Курэша. Так як ён займаўся земляробствам, то без цяжкасці дамовіўся аб сістэматычным вывазе гною з канюшняў. Гэтым аблягчалася задача − непрыметна падсыпадь у кармушкі ядахімікаты, якія здабываліся ў немцаў пад відам барацьбы з садовымі шкоднікамі. Масавы памор коней, які пачаўся неўзабаве, прымусіў жандараў насцярожыцца. Аднак пры ўскрыцці трупаў жывёлы батальённы ветэрынарны ўрач, на шчасце, слядоў атручвання не выявіў. Тым не менш памор пагалоўя не спыняўся.

Праз некаторы час моцна ўстрывожанае камандаванне часці звярнулася да другога спецыяліста − рускага ветэрынарнага ўрача, які быў завербаваны немцамі і зарэкамендаваў сябе добрасумленным служкай. Ён устанавіў сапраўдную прычыну гібелі коней… Устрывожаныя немцы падключылі гестапа. Пачаліся допыты, узмацнілася падазронасць. у адносінах да рабочых.

Між тым пры вочнай стаўцы з рускім ветурачом першы эксперт аспрэчваў яго вывады, настойваў на правільнасці свайго дыягназу. Для канчатковага вырашэння пытання з Брэста быў выкліканы трэці ветэрынар, які падтрымаў заключэнне батальённага медыка. Гітлераўцы разгубіліся. Тым не менш аспрэчваць заключэнне сваіх спецыялістаў ніхто з іх не рызыкнуў. А пагалоўе коней да гэтага часу зменшылася амаль на 70 галоў. Галоўны віноўнік − Курэша, слежка за якім узмацнілася, не стаў далей выпрабоўваць лёс і пайшоў у лес, у партызанскі атрад імя Чапаева.

Неўзабаве батальённы ўрач сабраў на інструктаж абслугоўваючы канюшню персанал. Сярод работнікаў быў адзін фольксдойч, якога, апасаючыся даносу, адаслалі па нейкаму даручэнню. I вось адбылося неверагоднае: нямецкі афіцэр звярнуўся да сабраўшыхся з гнеўнай прамовай, дакараючы іх неабдуманым учынкам, які мог бы каштаваць усім жыцця. Гаварыў ён на чэшскай мове, перамежваючы яе польскімі і рускімі словамі і сэнс яго выступлення быў зразумелы прысутным.

Высветлілася, што ад непазбежнай расправы людзей выратавала толькі тое, што першым і трэцім эспертам былі чэхі-антыфашысты, прымусова мабілізаваныя ў рады вермахта. З вялікай рызыкай для сябе яны зрабілі ўсё, каб выратаваць удзельнікаў сабатажу. Ім неяк удалося пераканаць камандзіра батальёна ў тым, што віноўнікамі масавага памору коней былі загадкавыя смертаносныя бацылы, якія распаўсюдзіліся ў сценах канюшняў. Коні з іх былі выведзены. Памяшканні хацелі запаліць, аднак, баючыся ўзнікнення вялікага пажару, было вырашана разабраць будынкі.
Такім быў фінал аднаго са шматлікіх эпізодаў усенароднай барацьбы з гітлераўцамі ў тыле.

А. Мартынаў

Мартынаў, А. Боль глыбокага тылу /А. Мартынаў // Камуністычная праца. – 1989. – 8 ліпеня.

Навигация



Наши партнеры

Животный мир Кобринщины, Кобрин, Беларусь