Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Так пачыналася вайна

Неспакойнай была вясна 1941 года ў Кобрыне. З аднаго боку яшчэ не ўлегліся пачуцці, выкліканыя падзеямі верасня 1939 года. Крута парушыўся ўклад жыцця, што, натуральна, выклікала заклапочанасць значнай праслойкі насельніцтва. Колькасць жыхароў горада павялічылася і абнавілася спачатку за кошт польскіх бежанцаў, сарваных вайной з наседжаных месцаў. Дарэчы, некаторыя з іх ў 1940 годзе вярнуліся за Буг. У заходнім напрамку з усходу рухаўся рэчны паток: сюды накіроўваліся для дапамогі ў будаўніцтве новага жыцця спецыялісты і сем’і ваеннаслужачых. Вярталіся ў родныя мясціны кабрынчане, асеўшыя на ўсходзе пасля эвакуацыі 1915 года.

Не спыняліся хваляванні сярод мясцовага насельніцтва, выкліканыя пачатымі ў 1940 годзе так званымі вывазамі. Звычайна на ўсход вывозіліся сем’і людзей, раней арыштаваных, ці тых, што ўцяклі. Першапачаткова гэта датычылася работнікаў польскай буржуазнай адміністрацыі, памешчыкаў. За імі наступала чарга сем’яў украінскіх нацыяналістаў, кулакоў і тых, каго загадана было называць «ворагамі народа».

Звычайна арышты праводзіліся начамі. Арыштаваным давалася магчымасць браць самыя неабходныя рэчы, адзенне і пад канвоем іх адпраўлялі на ўсход, пераважна ў Казахстан. Апошні такі эшалон быў адпраўлены літаральна за два дні да пачатку вайны. Непадалёку ад Мінска эшалон трапіў пад бамбёжку.

З другога боку, усё больш упартымі станавіліся слухі аб непазбежнасці хуткай вайны. З-за Буга прасочваліся весткі аб узмоцненых ваенных прыгатаваннях гітлераўцаў. З 15-кіламетровай пагранічнай зоны высялялася насельніцтва. Усё часцей наша паветраная прастора правакацыйна парушалася нямецкімі ваеннымі самалётамі. Але ў нас дзейнічаў катэгарычны загад — не паддавацца на правакацыю.

З пачатку мая, па начах, праз Кобрын на захад праходзілі калоны чырвонаармейцаў, якія чамусьці на ноч укрываліся ў лясах. Гэта былі пераважна будаўнічыя батальёны і сапёрныя часці, якія накіроўваліся на будаўніцтва Брэсцкага ўмацавальнага раёна. На гэтыя работы было прыцягнута дзесяць тысяч чалавек з грамадзянскага насельніцтва і чатыры тысячы падвод.

Яшчэ больш узрасла трывога ў чэрвені, калі нешматлікія ў той час уладальнікі лямпавых прыёмнікаў па сакрэту распаўсюджвалі паведамленні БІ-БІ-СІ аб хуткім нападзе гітлераўцаў. Указвалася нават дакладная дата — 22 чэрвеня. Адначасова ў цэнтральных газетах друкаваліся лаканічныя паведамленні аб паяўленні гітлераўскіх дывізій у Фінляндыі і Румыніі. I ля магазінаў устанаўліваліся доўгія чэргі: насельніцтва запасалася прадуктамі харчавання.

На фоне сказанага лёгка ўявіць, якое замяшанне выклікала вядомае паведамленне ТАСС ад 15 чэрвеня 1941 года, у якім, у прыватнасці, гаварылася: «Па даных Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, Германія таксама няўхільна захоўвае ўмовы савецка-германскага пакта аб ненападзе, як і Савецкі Саюз, у выніку чаго, на думку савецкіх колаў, слухі аб намеры Германіі парваць пакт і зрабіць напад на СССР пазбаўлены ўсялякай асновы, а перакідка германскіх войск, вызваліўшыхся ад аперацый на Балканах, ва ўсходнія і пауночна-усходнія раёны Германіі, якая адбываецца ў апошні час, звязана, трэба думаць, з іншымі матывамі, якія не маюць дачынення да савецка-гермйнскіх адносін»...

Напэўна, мэта гэтага паведамлення — супакоіць насельніцтва. На практыцы ж яно адмоўна адбілася на агульнай боегатоўнасці. Камандзіры перасталі начаваць у казармах, байцы спакойна спалі. Аб бесклапотнасці, што панавала ў ваенных колах, красамоўна сведчыць тое, што вечарам 21 чэрвеня перад ваеннымі выступалі артысты Беларускага тэатра аперэты, а група кіруючых работнікаў розных ведамстваў у канцы рабочага дня накіравалася ў аддаленыя лясы на паляванне.

Аб дзеяннях на Кобрыншчыне напісана шмат. Найбольш дакладна аб гэтым расказвае кніга генерал-палкоўніка Л. М. Сандалава «Перажытае». Яе аўтар у 1941 годзе быў начальнікам штаба 4-й арміі, які размяшчаўся ў Кобрыне. Да зімы 1940 года камандуючым гэтай арміі быў генерал В. I. Чуйкоў, затым яго замяніў генерал А. А. Карабкоў.

Супраць 4-й арміі Заходняй асобай ваеннай акругі разгортваліся асноўныя сілы 4-й нямецкай арміі фельдмаршала Клюге, у складзе якой былі 12 пяхотных і адна кальварыйская дывізія. Сілы былі ў тры разы большыя за нашы. Акрамя таго, арміі Клюге была перададзена 2-я танкавая група Гудэрыяна. Што ж датычыцца авіяцыі, то тут у гітлераўцаў былі яшчэ большыя перавагі Становішча больш ускладнялася тым, што, па словах Сандалава, у нас не хапала снарадаў, мін, цалкам адсутнічала зенітная артылерыя.

I вось 22 чэрвеня. Ужо ў дзве гадзіны ночы варожыя дыверсанты вывелі са строю гарадскую электрастанцыю, у розных напрамках перарэзалі тэлефонную сувязь. На досвітку кабрынчан разбудзіў натужны гул цяжканагружаных нямецкіх бамбардзіроўшчыкаў. Хутка над горадам загрукаталі выбухі. Удар прыйшоўся па тэрыторыі ад канала Боны да вуліцы Свярдлова.

Мясцовае насельніцтва, якое перажыло падобны налёт 1 верасня 1939 года, адразу зразумела гэта — вайна. Тыя, хто прыехаў у горад нядаўна, доўга не верылі. На працягу дня яшчэ адзін бомбавы ўдар быў нанесены па цэнтры горада. Была разбурана частка будынка цяперашняга рэстарана «Беларусь», паблізу забіта маладая жанчына. Былі ахвяры і ў іншых месцах.

На працягу дня раздаваліся выбухі ва ўсходнім баку горада. Першым налётам на мясцовым аэрадроме была спалена большасць самалётаў, разбураны будынак штаба 4-й арміі. На шчаеце, супрацоўнікі загадзя эвакуіраваліся, і страты ў людзях былі нязначныя.

У горадзе ж было адносна спакойна. Працавалі магазіны, нават супрацоўнікі гарадской бібліятэкі знаходзіліся на сваіх рабочых мосцах. Вуліцы патрулявалі ўзброеныя супрацоўнікі райкома КПБ. Хутка з боку Брэста з’явіліся першыя перапоўненыя грузавікі з жанчынамі і дзецьмі. Значная частка іх паварочвала на Пінскую шашу. Ваеннаабавязаныя кабрынчане чакалі мабілізацыйных аб’яў, але яны так і не паявіліся. Над горадам праляталі варожыя самалеты. Нашых амаль не было бачна. З захаду няспынна даносіўся глухі гул узрываў.

На другую раніцу па гораду пранесліся слухі, што немцы адкінуты назад, баі ідуць за Бугам, нашы войскі рухаюцца наперад. Гэты аптымізм быў выкліканы весткай пра што па Пінскай шашы ў Кобрын рухаецца калона цяжкай артылерыі.

А. Мартынаў

Мартынаў, А. Так пачыналася вайна / А. Мартынаў // Камуністычная праца. – 1988. – 12 красавіка.

Навигация



Наши партнеры

Центр-Тур, Туризм, Путешествие, Кобрин, Беларусь