Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Набліжалі перамогу як маглі

ГАДЫ ВАЙНЫ. Назаўсёды застануцца яны ў памяці тых, хто перанёс яе, хто ўдзельнічаў у ёй. Не сатруцца з памяці і першыя дні паражэнняў і адступленняў, і гады пераможнага шэсця нашай арміі на захад. Мне давялося быць удзельнікам многіх падзей, звязаных з вызваленнем Кобрыншчыны. Са слязьмі радасці і сардэчнай удзячнасці сустракалі беларусы сваіх вызваліцеляў, а нашы сэрцы перапаўняліся нянавісцю да ворага. які прынёс столькі пакут і няшчасця савецкім людзям.

…Чэрвень 1944 года. Камандаванне спецатрада дало заданне нашай групе, у саставе якой было 24 чалавекі, у тым ліку два вопытныя радысты, і камандзірам якой быў аўтар гэтых радкоў, рухацца ў раён Мендзыжэца (паміж Велай Падляскай і Варшавай) і замяніць спецыяльную групу, якая дзейнічала там з сакавіка. Наша заданне: разведка і ўнутраныя дыверсіі. У дарозе 23 чэрвеня пачулі па рацыі зводкі Савінфармбюро, што Першы, Другі і Трэці Беларускія франты перайшлі ў наступленне і імкліва рухаюцца на захад.

28 чэрвеня загад: штодзённа два разы ў суткі інфармаваць па рацыі аб руху нямецкіх войск па шашы Брэст−Кобрын−Пінск, Кобрын−Бяроза, аб канцэнтрацыі іх у Кобрыне і Брэсце, умацаваннях, выніках бамбардзіроўкі варожых аб’ектаў нашай авіяцыяй. З Брэста інфармацыю атрымлівалі ад сувязной Клюевай, якая працавала перакладчыцай у нямецкім штабе.

Запамяталася ноч 1 ліпеня 1944 года. Наша бамбардзіровачная авіяцыя зрабіла налёт на Брэст. Мы чулі выбухі бомб, бачылі зарыва пажарышчаў. Праз некаторы час паветраны бой завязаўся над лесам, дзе размясціўся наш невялічкі лагер.

3 ліпеня пачулі радасную вестку: вызвалены Мінск, разгромлена 100-тысячная групіроўка армій «Цэнтр». Перайшлі ў наступленне войскі правага крыла 1-га Беларускага фронту, затым левага фланга. Фронт набліжаўся да нас. 15 ліпеня 61-й арміяй быу вызвалены Пінск. Правы фланг 28-й арміі 10 ліпеня вызваліў Слонім і двума патокамі рухаўся на Ружаны і Пружаны, левы − на Івацэвічы і Бярозу. Лявей вяла баі за населеныя пункты ўздоўж шашы Бяроза−Кобрын 20-я двойчы Чырванасцяжная стралковая дывізія. Партызанскі атрад імя Кірава і наша спецгрупа апынуліся ў трохвугольніку прыфрантавой паласы. Стаяла задача: ва ўзаемадзеянні з часцямі Савецкай Арміі біць адступаючага ворага.

Аб падзеях тых гарачых дзён яскрава расказвае ў сваіх успамінах былы партызан атрада імя Кірава М. А. Гранік. «У пачатку ліпеня 1944 года частка атрада імя Кірава на чале з. камандзірам С. Т. Шышам накіравалася ў былы Антопальскі і Кобрынскі раёны. Другая частка атрада знаходзілася ў лясах Бярозаўскага раёна, непадалёку ад вёскі Пескі. 12 ліпеня адбылася сустрэча байцоў нашага атрада з разведчыкамі Савецкай Арміі, якія прыбылі з боку Івацэвіч. Не чакаючы падыходу асноўных сіл нашых войск, мы разам з разведчыкамі напалі на гітлераўцаў, што размяшчаліся ў лесе непадалёку ад Песак. Атака на ворага закончылася паспяхова, фашысты адступілі».

Тым часам наша група аб’ядналася ў раёне вёскі Смалярня з часткай атрада імя Кірава для сумесных баявых дзеянняў супраць адступаючага праціўніка. 14 ліпеня з боку Бярозы да нас прыйшлі 10 разведчыкаў і расказалі, што нашы войскі рухаюцца ад Бярозы ў бок Кобрына. Атрымаўшы дакладныя даныя аб становішчы ў тыле ворага, яны вярнуліся назад. На другі дзень мы аб’ядналіся з наступаючымі 67-м і 61-м палкамі 20-й гвардзейскай дывізіі 18-й арміі і вялі сумесныя баі ля вёсак Дзямідаўшчына, Асмолавічы. Хутка падышла наша артылерыя. 12-я гвардзейская Чырванасцяжная Пінская дывізія гнала фашыстаў на захад, 17 ліпеня яе палкі вызвалілі Драгічын рухаліся на Антопаль. Такім чынам, правы фланг 61-й арміі наблізіўся да левага фланга 28-й арміі. У калідоры. што ўтварыўся на стыку двух армій, кідаўся вораг. Батальён 67-га стралковага палка і партызаны вызвалілі вёску Дзямідаўшчына.

19 ліпеня нашы воіны занялі Гарадзец. Ішлі баі за Кобрын. У гэтыя дні вялікую ролю адыграла партызанская брыгада імя Чапаева, якая паспяхова ўзаемадзейнічала з часцямі нашай арміі. Асноўным месцам дыслакацыі чатырох атрадаў брыгады былі Дахлаўскія лясы і населеныя пункты, размешчаныя ў трохвугольніку Кобрын − Запруды − Аранчыцы. Перад тым, як сустрэцца з нашымі воінамі, штабам Брэсцкага злучэння брыгадзе было загадана: «Узмоцніць правядзенне баявых аперацый па падрыву чыгуначных і шасейных дарог, па знішчэнню жывой сілы ворага. Ратаваць народ ад угону ў рабства, а вёскі і ўраджай ад знішчэння фашыстамі».

Нямецкія войскі імкнуліся прарвацца з Пружан і Аранчыц праз Запруды і іншыя вёскі ў бок Кобрына. З імі пачаліся ўпартыя баі байцоў брыгады. Атраду, якім камандаваў Панфілаў, было загадана: не дапусціць рух немцаў на ўчастку дарогі Аранчыцы− Запруды. Партызаны мужна вялі бой напрацягу трох дзён са значна пераўзыходзячымі сіламі ворага. У вёсцы Студзянка партызаны атрада 17 ліпеня ў 12 гадзін дня злучыліся з часцямі Савецкай Арміі і разам праследавалі ворага. Атрад імя Арлова вёў баі ў раёне весак Плянта, Засімы, Баршчы. Два атрады брыгады імя Чапаева білі фашыстаў ў раёне вёсак Баршчы, Казішча.

20 ліпеня быў нанесены рашаючы ўдар па фашысцкіх акупантах у Кобрыне. Захопнікі былі выбіты з горада і адступалі на Брэст.

Нікіцін, А. Набліжалі перамогу як маглі / А. Нікіцін // Камуністычная праца. – 1981. − 9 мая. – С.2-3. Успаміны былога партызана атрада імя Кірава М. А. Граніка.

Популярные материалы


Комментарии


Названия статей

Поиск по сайту

Наши партнеры

Центр-Тур, Туризм, Путешествие, Кобрин, Беларусь