Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Свабоду адстаялі ў жорсткай барацьбе

Вайна была ўжо на парозе беларускага дома. У гэтым пераканалася нават цывільнае насельніцтва, прыцягнутае да нязвыклага занятку - умацавання лініі абароны на заходніх рубяжах. За мяжой фашысцкая Германія накоплівала вялікія ўзброеныя сілы.

Васіль Хоміч працаваў на абсталяванні дзотаў паўночней Брэсцкай крэпасці. Сталася так, што 21 чэрвеня яго адпусцілі на выхадны дадому. На хутар Чачына, што ў Жабінкаўскім раёне, дабраўся ноччу, таму вячэралі позна. Размова зацягнулася, адпачываць разыходзіліся на ранку, толькі паспаць на духмяным сене Васілю недавялося. Цішыню цудоўнай чэрвеньскай раніцы абудзілі цяжкія выбухі - вораг бамбіў ваенныя аб’екты.

Настаў час жорсткіх выпрабаванняў, барацьбы за свабоду і незалежнасць беларускага народа. Хутар Чачына стаў цэнтрам падзей, якія тычыліся падпольнай работы, падрыхтоўкі да разгортвання супраціўлення ворагу. Пачатак арганізацыі партызанскага атрада, успамінае Васіль Андрэевіч, паклаў былы старшыня сельскага Савета, сакратар падпольнай партарганізацыі Міхаіл Мікітавіч Чарнак. Работу сярод насельніцтва вялі падпольшчыкі, якія мелі такі вопыт яшчэ ва ўмовах панскай Польшчы. У Верхалессі гэтым займаліся А. Кацубка і Ф. Кухто, у Навасёлках - А. Букраба, I. Пятручык.

Масавую работу сярод насельніцтва і ваенных, якія засталіся на тэрыторыі Брэстчыны, вёў з пачатку вайны І. В. Хоміч. Устанаўліваў сувязі з надзейнымі людзьмі, якія ўпаследку таксама працавалі з моладдзю. Партызанскімі сувязнымі былі ў Жабінкаўскім раёне Мацвей Карпінчук, у вёсках Мошчыцы і Баранцы - Аляксей Шаўчук, Іван Ахрымук, Мікалай Ляўчук, Пётр Скаклюк, Мікалай Скаклюк, у вёсцы Гайкоўка - Сцяпан Батулін, у Корчыцах - Мікалай Сідарук, Міхаіл Пархуцік, у вёсцы Сухоўчыцы - Іван Галавейка, Уладзімір Пракапук, Марыя Валасюк, у вёсцы Мельнікі - Іван Анціпаровіч, Васіль Аржановіч, у Верхалессі - Сяргей Якімук, Іван Харытанюк.

На пачатку 1942 года ў атрадзе налічвалася больш за 150 чалавек, абмундзіраваных у ваенную форму і ўзброеных. Байцы атрада ўдзельнічалі ў аперацыях па знішчэнню паліцэйскіх гарнізонаў, наладжвалі дыверсіі. У прыватнасці, імі былі знішчаны Чарнянскі, Дзівінскі, Ратнаўскі гарнізоны. Актыўным удзельнікам баявых дзеянняў атрада быў Васіль Андрэевіч Хоміч.

Пасля ўдалых баявых дзеянняў партызан ў ліпені 1942 года фашысцкая прапаганда затрубіла, што рускія выкінулі дэсант у Брэсцкай вобласці.

У 1943 годзе атрад налічваў ужо больш за 1000 чалавек. 3 мая таго ж года ў баі загінуў яго арганізатар. Партызанскі атрад «Беларусь» пасля гэтага атрымаў імя М. Чарнака.

Шматкіламетровыя пераходы лясамі, па багне балот, праз водныя перашкоды ў сцюжу і непагадзь - усё гэта спазналі за гады партызанскай барацьбы народныя мсціўцы. На вастрыні падзей заўсёды быў Васіль Андрэевіч Хоміч. Шмат было варожых блакад, гінулі баявыя сябры, але неадольнай былі нянавісць да акупантаў і імкненне да свободы.

У 1943 годзе партызанскія злучэнні разгарнулі шырокамаштабную дыверсійную работу на чыгунцы: узрывалі эшалоны, масты, знішчалі чыгуначнае палатно. Дыверсійная група ў складзе В. Хоміча, I. Ахрымука, I. Анціпаровіча, Б. Котава і С. Мурашова пусціла пад адхон 22 эшалоны з жывой сілай і тэхнікай ворага. Васіль Андрэевіч удзельнічаў і ў паходах па варожых тылах. Актыўныя дзеянні партызан скоўвалі ў глыбокім тыле шмат войскаў, якія былі патрэбны праціўніку на фронце.

Пасля вызвалення Брэстчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Васіля Андрэевіча Хоміча накіроўваюць на работу ў органы ўнутраных спраў. Спецыяльна сфарміраваны атрад знішчаў бандытаў, якія «аселі» у навакольных лясах.

За паспяховыя баявыя аперацыі, у якіх удзельнічаў В. Хоміч, ён удастоены шматлікіх узнагарод. Падчас баявых дзеянняў быў тры разы паранены, кантужаны. Раны пастаянна напамінаюць цяпер аб сабе, абуджаюць у памяці ветэрана падзеі мінулай вайны, у якой удзельнічала ўся сям’я Хомічаў - бацька Андрэй Арцёмавіч» маці Кацярына Сцяпанаўна, сёстры Васіля Андрэевіча Насця і Марыя, брат Аляксей.

Пянко, А. Свабоду адстаялі ў жорсткай барацьбе / А. Пянко // Кобрынскі веснік. – 2000. – 1 ліпеня. Падпольны рух на Кобрыншчыне. 

Популярные материалы



Названия статей

Поиск по сайту

Наши партнеры

Познай Кобрин