Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

У радах народных мсціўцаў

Адна з важных старонак у гісторыі Кобрыншчыны — барацьба працоўных з гітлераўскімі акупантамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Падпольныя антыфашысцкія групы і камітэты сталі ўзнікаць на Кобрыншчыне ў першыя ж месяцы вайны. Яны падтрымлівалі сувязі паміж сабой, затым з невялікімі партызанскімі атрадамі.

Арганізатарамі партызанскіх атрадаў сталі камуністы, савецкія актывісты і ваеннаслужачыя, якія апынуліся ў тыле ворага. На Кобрыншчыне першая група была створана восенню 1941 года ў Дахлаўскіх лясах, камандаваў ёю старшы лейтэнант Віктар Аладзін. У лесе каля вёскі Плянта ў гэты ж час дзейнічала другая група з 25 чалавек пад камандаваннем Івана Арлова. Баявую групу са сваімі аднамыснікамі стварыў старшыня Засімоўскага сельсавета Аляксей Навумчык. Група пайшла ў Дахлаўскі лес, стварыла там сваю базу і пачала барацьбу з ворагам. Вясной 1942 года Аляксей Навумчык аб’яднаў разрозненыя групы ў атрад імя Чапаева. Камандзірам быў назначаны Іван Арлоў.

Чапаеўцы сталі грознай сілай для фашыстаў. Да лета 1942 года яны пусцілі пад адхон 86 вагонаў, платформ з жывой сілай і тэхнікай.

У рады народных мсціўцаў станавіліся ўсё новыя і новыя байцы. Для лепшага аператыўнага кіраўніцтва і больш шырокага ахопу сваёй дзейнасцю тэрыторый раёна атрад імя Чапаева па заданню штаба Брэсцкага партызанскага злучэння ў студзені 1944 года пераўтвараецца ў брыгаду імя Чапаева. 3 яе выдзяляюцца чатыры атрады.

Дзейнічалі атрады брыгады імя Чапаева на тэрыторыі Пружанскага, Жабінкаўскаага, Бярозаўскага і Антопальскага раёнаў. За час свайго існавання знішчылі больш пяці тысяч фашысцкіх салдат і афіцэраў, пусцілі пад адхон 125 эшалонаў, узрывалі чыгуначныя і шасейныя масты, рэйкі, знішчылі дзесяткі аўтамашын, браневікоў.

Ва ўсходняй частцы Кобрыншчыны з першых дзён вайны пачаў дзейнічаць атрад імя Кірава, арганізатарамі якога былі камуністы Піліп Паплаўскі і Мікалай Шыш. Спачатку гэта была невялікая група, але ўжо вясной атрад налічваў 70 чалавек. У красавіку 1942 года ён раздзяліўся на дзве групы: адна пад камандаваннем Мікалая Шыша пайшла за Днепра-Бугскі канал у Драгічынскі раён і злучылася з пінскімі партызанамі, другая -пад камандаваннем Піліпа Паплаўскага - засталася на месцы.

Кіраўцы знішчылі больш 1100 гітлераўцаў, пусцілі пад адхон 22 варожыя эшалоны, узарвалі шмат іншай тэхнікі. На тэрыторыі Кобрынскага раёна дзейнічалі і наносілі значны ўрон ворагу атрады імя Чарнака, імя Фрунзе, імя Катоўскага, імя Суворава. Кіравалі імі Брэсцкі і Пінскі падпольныя абкомы партыі.

Амельянчук, Н. У радах народных мсціўцаў / Н.Амельянчук // Камуністычная праца. – 1987. – 27 жніўня. Дзейнасць антыфашысцкіх групіровак на Кобрыншчыне. 

Популярные материалы



Названия статей

Поиск по сайту

Наши партнеры

Виртуальное путешествие по всему городу Кобрину