Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

У бітве свяшчэннай, народнай

Памятаю, быццам гэта было ўчора, як збоку Кобрына ціхім днём нарастаў трывожны гул. На фоне чыстага неба з’явілася пляма, як дым пажару. Яна імкліва расла, гул мацнеў. Сонечны дзень пацямнеў. Мабыць, сотня бамбардзіроўшчыкаў, калі не болей, на невялікай вышыні і ў ідэальным парадку, як на парадзе, трымала курс у напрамку Баранавічаў. Потым зноў, хваля за хваляй, - самалёты.

- Бяда, страшэнная бяда, - гаварыў бацька, які разам з намі ўглядаўся ў вышыню. – Як выстаяць перад такой сілай?!

І тут жа адказаў: − Бальшавікі не здаюцца, барацьба будзе на смерць. У першую сусветную вайну ён бежанцам трапіў у Расію, служыў у царскай арміі і зведаў салдацкіх акопаў. Там пазнаёміўся з бальшавікамі.

Стагнала неба, стагнала зямля. З Кустовіцкіх хутароў было відна, як няспынным патокам рухалася па Маскоўскай шашы фашысцкая тэхніка. Потым стане вядома, што тут было вастрыё фашысцкіх армій «Цэнтр», нацэленае планам «бліцкрыга» на Маскву — сэрца першай рабоча-сялянскай дзяржавы.

Здавалася, што моцна ўстаяць перад гэтай навалай, націскам? Такой неадольнай сілай стаў той высокі, раней невядомы дух, які ўсяліла ў сэрцы народных мас Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя. Сіла гэтая была невядомай верхаводам трэцяга рэйха і імперыялістычным падпальшчыкам вайны.

Неўзабаве дзесяткі два гітлераўцаў на вазах, аўтамабілі-фургоны накіраваліся ў напрамку Кустовіч. Рухаліся няспешна, у біноклі разглядвалі жытнёвыя палі, хутары, узлескі. Высачылі чырвонаармейцаў, якія апынуліся ў варожым тыле. Маёр адстрэльваўся да апошняй кулі, а апошняй абарваў сваё жыццё. Схапілі двух чырвонаармейцаў, завялі ў жыта і забілі выстраламі ў патыліцы. Забралі дакументы, рэчы і пайшлі, забараніўшы хаваць забітых на могілках.

З першых дзён акупацыі на дамах у Кустовічах вывесілі аб’явы. Забаранялася мець зброю, пускаць на начлег і даваць ежу чырвонаармейцам, прадпісвалася здаваць радыёпрыёмнікі, знойдзеную зброю. За невыкананне — расстрэл. Але на хутарах укрывалі і лячылі раненых савецкіх байцоў, давалі прытулак людзям, якія прабіраліся за лінію фронта. Збіралі і ў патайных месцах хавалі зброю. I слухалі родны голас Масквы...

Хутар Васіля Галадзюка быў на ўскрайку лесу, які цягнуўся аж да моста цераз Мухавец. Сям’я вялікая: бацькі жонкі, два сыны, дачка. У саламяным даху хлява, на сенавале Васіль надзейна замаскіраваў антэну радыёпрыёмніка. У ліпені 1941 года яму ўдалося паслухаць выступленне I. В. Сталіна. Здаецца, да яго самога былі звернуты словы Старшыні Дзяржаўнага Камітэта Абароны: «У занятых ворагам раёнах трэба ствараць партызанскія атрады, конныя і пешыя, ствараць дыверсійныя групы для барацьбы з часцямі варожай арміі, для распальвання партызанскай вайны ўсюды».

Васіль разумеў, што для барацьбы патрэбна будзе зброя, боепрыпасы. Нельга ўпускаць момант: фронт толькі прайшоў, і ў лесе, на шашы, у абочынах дарог шмат зброі. Ён збіраў яе, змазваў і хаваў у канавах, калодзежах. Пазней высветлілася, што так рабілі ва ўсёй акрузе. Ужо ў ліпені 1941-га ў Дахлаўскіх лясах, што злучаліся з лясамі ля Кустовіч, пачалася «прапіска» першых савецкіх людзей, якія паклалі пачатак партызанскаму руху на Кобрыншчыне.

Нямецкая салдатня, зачараваная першымі поспехамі разбойнага нападу, усё яшчэ абпальвала сэрцы людзей завучанымі сказамі з арсеналаў гебельсаўскай прапаганды: «Маскаў капут! Сталін капут!» Акупацыйныя ўлады з дапамогай агентуры наносілі ўдары па актывістах — тых, хто мог арганізаваць вакол сябе людзей, стаць на чале барацьбы з захопнікамі. Хапалі ў адзіночку і групамі.

У доме васемнаццацігадовага Мікалая Цімашука ў першы дзень вайны было арганізавана калектыўнае праслухоўванне выступлення В. М. Молатава. Адкрылі вокны хаты, сабралася шмат людзей. Пазней акупантам стала вядома пра гэта. Гестапа забрала Колю і яго бацьку, вясковага каваля. Іх расстралялі ў невядомым месцы.

Іван Савіч Федарук у вераснёўскія дні 1939 года быў чырвонагвардзейцам, а з устанаўленнем Савецкай улады ў Заходняй Беларусі стаў першым настаўнікам у Кустовіцкай пачатковай школе. Гэта быў гарачы прапагандыст савецкага ладу. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны хацеў прабрацца на Усход, аднак перайсці лінію фронта не здолеў і вярнуўся да сям’і, у Кустовічы. Карнікі наляцелі на хутар Федарука 14 кастрычніка. Да гэтага часу невядома, чаму і як тут апынуліся былы дэпутат Гарадзецкага сельсавета Фёдар Галадзюк і актывіст Сцяпан Зімніцкі. Па дарозе фашысты захапілі Івана Лакішыка, бацька якога перайшоў за лінію фронта. Усіх чаторых адвялі ад хутара і расстралялі.

У першы год вайны вёска страціла здольных арганізатараў, бязмежна адданых савецкай дзяржаве людзей. Але народ ірваўся да зброі. Важным фактарам развіцця партызанскага руху на Кобрыншчыне было тое, што ў яго ўліваліся салдаты і афіцэры Чырвонай Арміі, якія па розных прычынах апынуліся на акупіраванай тэрыторыі. У Кобрыне быў лагер ваеннапалонных (на тэрыторыі базы гархарчпрамгандлю на вул. Радзішчава захавалася частка яго баракаў). Палонных выкарыстоўвалі на цяжкіх работах па рамонту шасейнай дарогі. У далейшым акупанты, відавочна, меркавалі выкарыстаць іх на рабоце ў Германіі, а пакуль дазволілі сялянскім гаспадаркам браць іх да восені ў якасці рабочай сілы. Але не разлік на танную рабочую сілу, а высокароднае інтэрнацыянальнае пачуццё дапамогі людзям, якія трапілі ў бяду, кіравала тымі, хто забраў іх у свае сем’і.

Ваеннаслужачыя (будзем называць іх так) былі ў Кустовічах, Варатынічах, Камені (цяпёр Акцябр), на хутарах. Памяць вяскоўцаў захоўвае шмат эпізодаў з таго часу. Неяк па шашы на машыне немцы везлі палонных. Адзін з іх, знясілены, упаў і не падаваў прыкмет жыцця. Гітлеравец ткнуў яго ботам, спыніў машыну, і чалавека як лішні груз, выкінулі ў адхон супраць вёскі Осаўцы. Але ў маладым целе яшчэ цяплілася жыццё. Чалавек апрытомнеў, дапоўз да кустоў. Яго, як роднага, дагледзела сям’я Васіля Паўлавіча Кастылюка. Потым Васіль Ціхаміраў стане камсоргам партызанскага атрада ім. М.Шыша, сакратаром Драгічынскага падпольнага райкома камсамола.

У Васіля Кастылюка быў семнаццацігадовы сын Пётр. Разам з чатырма надзейнымі хлопцамі свайго ўзросту ён збіраў зброю, боепрыпасы для будучай барацьбы. Пазнаёмімся з гэтымі юнакамі: Сяргей Марыневіч, Мікалай Вальскі, Аляксей Галадзюк, Рыгор Германюк.

Ішоў час, наступіла першая ваенная зіма. Снежаньскім марозным днём прыйшла ў Кустовічы радасная вестка аб разгроме фашыстаў пад Масквой і паспяховым наступленні Чырвонай Арміі. Лістоўкі з гэтай весткай раскідаў наш самалёт.

Цераз разведку стала вядома, што немцы намерваюцца сабраць ваеннапалонных і адправіць у канцэнтрацыйныя лагеры ці вывезці для работы на ваенных заводах Германіі. Ранняй вясной 1942 года, не чакаючы пацяплення, ў глыбокай тайне, яны сабраліся вечарам у густым сасняку на могілках вёскі Кустовічы. Але члены падпольнай камсамольскай групы Пятра Кастылюка прыйшлі без запрашэння: Пеця і Васіль Ціхаміраў жылі пад адным дахам.
Было вырашана ўсім ваеннапалонным падацца ў лес, а мясцовым камсамольцам застацца ў вёсцы. Нават цяпер цяжка сказаць, як было лепш. «Такой барацьбы,— пісаў У. I. Ленін, — у якой бы загадзя вядомы былі ўсе шансы, не бывае». Асабіста лічу, што рашэнне пакінуць маладзёжную групу для далейшай падпольнай работы, было правільным ва ўмовах пачатковага, арганізацыйнага перыяду партызанскага руху на Кобрыншчыне.

Але акупанты і іх агентура не драмалі. Ім удалося выйсці на след тых, хто ведаў аб знікненні ваенных. Усе пяцёра хлопцаў атрымалі павесткі з’явіцца ў Гарадзец у гміну быццам бы па пытанню пашпартоў. Стараста вёскі запэўніваў: пойдуць і прыдуць. Не трэба наклікаць бяду на ўсю вёску.

Хлопцы накіраваліся ў Гарадзец. Сяляне бачылі, як за вёскай яны прыселі на краю дарогі. Быў май, прырода знаёмых з дзяцінства месц абуджалася. Ніхто не ведае аб іх размове, але людзі заўважылі: адзін з юнакоў падняўся і накіраваўся да алешніку ў бок балота. Чацвёра пайшлі па дарозе далей. Іх дагнаў на веласіпедзе памочнік старасты. Спыніліся, дагаварылі. Затым свістам аклікнулі свайго таварыша Пятра Кастылюка. I цяпер ужо ўсе разам пайшлі ў Гарадзец.

У гміне на іх надзелі наручнікі, адправілі спачатку ў Антопаль, затым у Кобрынскую турму на допыт гестапа. У нядаўна апублікаваных успамінах Васіль Ціхаміраў піша: «Ні шчодрыя абяцанні, ні зверскія катаванні не змаглі прымусіць П. В. Кастылюка, А. I. Галадзюка, Г. С. Германюка, М. В. Вальскага, С. М Марыневіча выдаць іншых удзельнікаў камсамольскага падполля».

З турмы на волю дайшло: хлопцы ведалі, што іх чакае смерць. Але яны не здрыгануліся. Уголас спявалі ў камеры савецкія і рэвалюцыйныя песні, да сваёй апошняй гадзіны усяляючы ў іншых вязняў веру ў перамогу над фашысцкімі захопнікамі.

Вораг лютаваў. У студзені 1943 года ў Кустовічы прыбыў атрад карнікаў. За сувязь з партызанамі і дапамогу ім паставілі пад расстрэл 14 чалавек. У ліку ахвяр была ўся сям’я Каленіка Каберскага. Малодшага сына, хлопчыка гадоў сямі... бацька прыкрыў палой кажушка ад холоду. Пад кулямі ўпалі разам. Але смерць прайшла міма хлопчыка. Ён застаўся жывым. У ліку 13-і загінуўшых − партызанскія сувязныя Емяльян Назарчук і Казімір Кацэфірык.

Ранняй вясной 1943 года жыхары Кустовіч бачылі, як невялікую групку партызан даганяюць да 30 узброеных фашыстаў. Партызаны дабраліся да хутара ля дарогі Запруды — Кустовічы і адсюль адкрылі агонь па ворагах. ІІакуль фашысты апамяталіся ад раптоўнага ўдару, партызаны дабеглі да балота. На хутары для прыкрыцця застаўся адзін чалавек. Будучы акружаным, партызан не здаваўся, адстрэльваўся з гарышча. Хату з саламянай страхой падпалілі. Партызан згарэў, але фашыстам не здаўся. Імя героя засталося невядомым. Гаспадара хаты Мікалая Якімавіча Самасевіча, яго жонку Хрысціну Васільеўну, а таксама Мікалая Лаўрэнавіча Пальчука, схопленага ў час аблавы, расстралялі тут жа.

Незгасальнай славай пакрылі сябе партызаны, падпольшчыкі, сувязныя, актывісты, якія добраахвотна, не баючыся смерці, вялі абарону заваёў Вялікага Кастрычніка. «Ні адно імя воіна, партызана, падпольшчыка, ні адно імя жанчыны, дзіцяці, якія сталі ахвярамі фашызму, — гаварыў П. М. Машэраў, — не павінна быць абойдзена, упушчана ці забыта».

Цяжка на сэрцы, калі бачыш, што яшчэ не ўсё зроблена.

Зойдзем на могілкі вёскі Кустовічы. Не знойдзеш тут пасляваенных магіл без агародж, надпісаў. Але вось магіла з трухлявай драўлянай агароджай, у цэнтры — такая ж тумбачка з зорачкай. А хто пахаваны, невядома. А сюды ж перанеслі вяскоўцы пасля вайны астанкі загінуўшых воінаў, тут пахаваны былы дэпутаты сельсавета, першы настаўнік мясцовай школы і іншыя актывісты, расстраляныя гітлераўцамі.

У паўтара дзесятках метраў ад могілак яшчэ адна магіла, з двума гатовымі вось-вось упасці драўлянымі крыжамі. Тут ляжаць 13 партызанскіх сувязных і члены іх сем’яў. Побач — яшчэ адна, неагароджаная, недагледжаная. Тут пахаваны чацвёра: Н. Н. Самасевіч з жонкай, з хаты якога вялі бой партызаны, невядомы партызан-герой і М. Л. Пальчук.

Непадалёку ад могілак школа, вучнямі якой былі пяцёра загінуўшых камсамольцаў – падпольшчыкаў. Выхаванцы школы павінны вечна памятаць слаўныя імёны сваіх загінуўшых землякоў. На іх павінна выхоўвацца маладое пакаленне. Выхоўвацца ў духу патрыятызму, вернасці Радзіме.

Сушчук А. У бітве свяшчэннай, народнай / А. Сушчук // Камуністычная праца. – 1986. – 29 лістапада. Партызанскі рух на Кобрыншчыне. 

Популярные материалы



Названия статей

Поиск по сайту

Наши партнеры

Познай Кобрин