Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Загінуўшыя воіны-вызваліцелі

Шыш Николай Тимофеевич, р. в 1908 в д. Худлин Кобринского района, командир партизанского отряда, погиб 26.6.1942. З артыкула Ул.Равінца «Вясна яго жыцця», надрукаванага ў драгічынскай раённай газеце «Запаветы Леніна» 9 мая 1988 г.

Мікалай Шыш нарадзіўся ў сакавіку 1908 года ў вёсцы Худлін Гарадзецкай воласці Кобрынскага павета ў сям’і селяніна. Яго бацька меў 10 дзесяцін зямлі. Сям’я была з шасці чалавек: бацька, маці і сыны - Андрэй, Сямён, Мікалай і Сцяпан. У 1913 годзе бацька падаўся за акіян у Амерыку шукаць лепшай долі... З тых пошукаў ён болей не вярнуўся ў родныя мясціны.

У 1915 годзе, калі ішла першая сусветная вайна, з наступленнем кайзераўскіх войск сям’я Шышаў падалася ў бежанцы. Апынулася ажно ў Пензенскай губерні, сяле Каменка. Матэрыяльнае становішча - горшага не трэба. Андрэй і Сямен былі мабілізаваны па збудаванні ўмацаванняў на франтах. Малодшы іх брат Сцяпан памёр. Тут і сустрэлі вестку аб тым, што скінулі цара, адбылася рэвалюцыя, уладу ў свае рукі ўзялі рабочыя і сяляне. У Каменцы Мікалай закончыў чатыры класы пачатковай школы. Андрэй добраахвотна ўступіў у Чырвоную Армію. Удзельнічаў у баях з белякамі і інтэрвентамі, быў паранены.

У пачатку 20-х гадоў сям’я Шышаў вяртаецца на радзіму, дзе гаспадарылі пілсудчыкі. Праз тры гады вярнуўся дамоў і Андрэй. Ён уступае ў рады Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, каб змагацца супраць белапольскіх прыгнятальнікаў за права “людзьмі звацца”, за ўз’яднанне Заходняй Беларусі з Усходняй. Становіцца арганізатарам партячэйкі ў роднай вёсцы. У 1926 годзе Андрэй тайна прабіраецца ў СССР, каб пазбегчы арышту за ананімнае пісьмо кулаку-даносчыку, якое той перадаў у рукі дэфензівы. У тым пісьме Андрэй пагражаў кулаку смерцю за даносы паліцыі на таварышаў, якія займаліся рэвалюцыйнай дзейнасцю. Аднак Шыша, як вопытнага падпольшчыка, неўзабаве перапраўляюць назад цераз граніцу, даверыўшы адказнае заданне.

У падпольную работу ўключаецца і Сямен. Мікалай у 1927 годзе закончыў курсы ссльскагаспадарчай школы, у якой рыхтавалі садаводаў і агароднінаводаў для работы ў панскіх маёнтках. Але замест таго, каб паслухмяна выконваць загады паноў, Мікалай пад уплывам братоў уступае на цярністы шлях барацьбы. Ад Андрэя ён вучыцца выконваць самыя рызыкоўныя і небяспечныя даручэнні.

У 31-ым Мікалай ІІІыш прызываецца на службу ў польскую армію. Служыць кавалерыстам. Тут з сябрамі выконвае па даручэнню брата адказныя заданні. Увайшоўшы ў давер да штабістаў воінскіх падраздзяленняў, яму ўдалося даставіць дакументы вялікай ваеннай важнасці Л.П.Шышу, а той - у Савецкі Саюз. Усё ішло паспяхова, пакуль жандармы не патрапілі на след. Аднойчы пры спробе пераходу граніцы Леанід Шыш быў арыштаваны.

7 чэрвеня 1932 года арыштавалі і Мікалая Шыша. Абвінавацілі ў шпіянажы на карысць Саветаў. Доўга яго дапытвалі, падвяргалі здзекам, але ўсе намаганні пілсудчыкаў аказаліся дарэмнымі. Тады ваенна-палявы суд прыгаварыў Шыша да расстрэлу. Праз некаторы час смяротная кара цераз “прэзідэнта”, аб чым пазней напіша Мікалай у сваёй аўтабіяграфіі, была заменена 15 гадамі турмы. Хадзілі чуткі, што за Мікалая заступіўся камандзір палка, маўляў, Шыш быў адмысловым салдатам і кавалерыстам.

У тым, што жыццё Шышу было даравана, заслуга, вядома, ні таго, ні іншага. У яго абарону ўзнялася грамадскасць Заходняй Беларусі, Польшчы. Рух ахапіў і армію. Пратэсты і патрабаванні ішлі і ішлі ў Варшаву. Урад “санацыі” вымушаны быў пайсці на ўступкі.

У турэмных засценках Мікалай прабыў тры месяцы, з іх шмат часу ў камеры-адзіночцы. 1 верасня 1939 года нападам Германіі на Польшчу пачалася Другая сусветная вайна. Фашысцкія орды без асаблівых намаганняў упэўнена рухаліся наперад. Урад буржуазнай Польшчы сарамліва ўцёк, пакінуўшы краіну на волю лёсу. Наступілі трывожныя дні. З апошняй турмы пад канвоем вядуць вязняў на ўсход. Па дарозе даведваюцца, што 17 верасня Чырвоная Армія па загаду савецкага ўрада перайшла польскую граніцу і ідзе на дапамогу народу Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Набліжаўся час доўгачаканай свабоды.

Змардаваныя і галодныя, вязні прыйшлі ў Ковель. I тут адбылася радасная сустрэча з воінамі-вызваліцелямі. Мікалай IIIыш у Ковелі становіцца актывістам стварэння новага рэвалюцыйнага парадку народнай улады. Спярша ўступае ён у рады рабоча-сялянскай гвардыі. А ў пачатку студзеня 1940 года Шыша накіравалі на работу ў органы міліцыі ў якасці оперупаўнаважанага Ковельскага РАМ, дзе і працаваў да пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

З першых дзён вайны Мікалай Шыш мабілізаваны ў Чырвоную Армію. Давялося яму зведаць горыч адступлення, смутак ад гібелі сяброў па зброі. Прымаў удзел у абароне Кіева. Трапіў у акружэнне, але вырваўся з яго. Вяртаецца ў родныя мясціны, каб выкарыстоўваючы старыя сувязі, арганізаваць партызанскую барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Вось што ўспамінае пра ІІІыша яго пляменнік Пётр Сямёнавіч: “Як зараз памятаю, прыйшоў ён позняй восенню сорак першага. Былі ўжо замаразкі. Усе мы вельмі ўзрадаваліся сустрэчы, асабліва бабуля, якая не бачыла яго дзесяць гадоў. Узброены быў наганам і гранатай. Потым я з братам Васем сталі ў яго сувязнымі. Першую сустрэчу Мікалай меў з Іванам Шышам, былым сваім таварышам па КПЗБ. Потым з Дзмітрыем Карпавічам Удовікавым, лётчыкам, самалёт якога быў збіты у баі ў самым пачатку вайны. З ім Мікалай і арганізаваў партызанскі атрад”.

Д.К.Удовікаў служыў у 123-м авіяпалку. У другім паветраным баі ён быў паранены ў абедзве нагі, ледзьве пасадзілі самалёт у полі. Яго паклалі ў шпітать у Кобрыне. Калі горад занялі немцы, уцёк, дабраўся да вёскі Худлін. Тут ён уліўся ў групу з шасці байцоў і камандзіраў, якія вырваліся з палону. Я прашу Дзмітрыя Карпавіча расказаць крыху пра Мікалая Шыша, як арганізатара атрада і камандзіра.

-Чалавек гэты незвычайнага лёсу, - гаворыць Удовікаў. - Ведаў канспірацыю, добра разбіраўся ў людзях, быў палітычна адукаваны. Смелым, рашучым у баі.

На першых парах нам цяжка было са зброяй, збіралі яе, як маглі. Дапамагалі мясцовыя жыхары. Рабілі засады на дарогах, наладжвалі дыверсіі. Знішчылі пункты ў Зёлаве, Гарадцы, Антопалі, разграмілі паліцэйскі ўчастак у вёсцы Буда. Самы буйны бой мы трымалі каля Дзеткавіч вясной 1942 года, дзе супраць невялічкай групы партызан выступілі сотні гітлераўцаў. Праўда, месца для абароны мы выбралі ўдалае: ззаду з двух бакоў знаходзілася балота. Так што нас можна было ўзяць толькі лабавой атакай. Сіл нашых немцы не ведалі. Вось тут як нідзе згадзілася камандзіру веданне нямецкай мовы. Ён разумеў каманды нямецкіх афіцэраў, удала падтрымліваў сустрэчны агонь. Адзіны кулямёт перадавалі з аднаго канца абароны ў другі. Шматлікія атакі фрыцаў поспеху не прынеслі, хоць раненыя і забітыя былі і ў нас. Пасля кожнай іх атакі заставаліся дзесяткі трупаў. Увечары, пахаваўшы забітых, мы вырваліся з акружэння.

Наша разведка даведалася ад мясцовых жыхароў, што каля вёскі Галік затоплена баржа. Каля яе знаходзіцца землечарпалка з рабочымі і вартай. Немцы хочуць падняць баржу і ўзнавіць рух па каналу. Варта з 15 салдат. У іх многа зброі. Вырашылі даць бой. Я з Міхаілам Герасімавым пайшлі ў разведку. Потым далажылі Шышу абстаноўку і прапанавалі атакаваць ворага пад прыкрыццём насыпу, які знаходзіцца супраць. Мікалай, крыху падумаўшы, кажа: “Трэба частку нашых сіл пераправіць цераз канал, для пачатку ўдарыць з супрацьлеглага берага. Немцы захопяцца боем, а затым мы імгненна атакуем кулямётныя гнёзды з гэтага боку, каб не даць магчымасці фрыцам павярнуць кулямёты ў наш бок”.

Так і зрабілі. На процілеглы бераг канала пераправіліся партызаны пад камандаваннем Міхаіла Барзова. Яны і пачалі атаку. Гітлераўцы захапіліся боем. Тады мы начале з Мікалаем Цімафеевічам, кідаючы гранаты уварваліся ў варожыя траншэі, пачалі біцца па землечарпалцы з нямецкай зброі.

Паступова агонь з боку фрыцаў пачаў заціхаць. Шыш першым кінуўся на борт, кінуў гранату ў адкрыты ілюмінатар палубнай надстройкі. Але замест выбуху адтуль глуха прагучэў стрэл - і Шыш грузна апусціўся на палубу. Так мы страцілі свайго камандзіра. Закончылася апошняя вясна яго жыцця. Пахавалі Мікалая Цімафеевіча на палянцы лесу, ва ўрочышчы “Званец” непадалёку ад канала. Далі развітальны салют і клятву адпомсціць фашыстам за смерць свайго камандзіра.

Пасля вайны астанкі М.Ц.Шыша былі перазахаваны ў брацкую магілу ў г.п.Антопаль. А на месцы іх былой сядзібы ў Худліне ўстаноўлены абеліск з фотаздымкам М.Ц.Шыша і мемарыяльная дошка. Яго імем названа адна з вуліц у Антопалі. Ён пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені.

Загінуўшыя воіны-вызваліцелі // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Драгічынскага раёна. – Мінск, 1997. Пра М.Ц. Шыша ўраджэнца в. Худлін, камандзіра партызанскага атрада.

Популярные материалы



Названия статей

Поиск по сайту

Наши партнеры

Познай Кобрин