Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Праз суткі, вечарам ...

Выбухамі авіяцыйных бомб сустрэла кабрынчан раніца 22 чэрвеня. У першыя ж гадзіны вайны гітлераўцы бамбілі наш горад, у выніку паўднёвая яго частка была амаль цалкам разбурана. Бомбы падалі на аэрадром, чыгуначнае палатно, казармы 148-га і 149-га армейскіх палкоў. Фашысты бамбілі ў першую чаргу ваенныя аб’екты. Падобная дакладнасць стала магчымай, дзякуючы дзеянням дыверсантаў, якіх немцы заслалі ў Кобрын і ў многія іншыя гарады, размешчаныя непадалёку ад граніцы. Рабілася гэта, у асноўным, пад прыкрыццём рашэння Міжнароднай арганізацыі Чырвонага Крыжа, выдадзенага напярэдадні вайны. У адпаведнасці з ім родным і блізкім дазвалялася шукаць месцы пахавання загінуўшых у гады першай сусветнай вайны.

Жыхарка Кобрына Ганна Пацяюк, потым, удзельніца партызанскага руху, успамінае, што 21 чэрвеня, на гарадскім вечары адпачынку да яе падышоў незнаёмы светлавалосы юнак, які вызваўся праводзіць да хаты, а развітваючыся, нахабна ўсміхнуўся, прапававаў угадаць яго нацыянальнасць. Заўважыўшы разгубленасць дзяўчыны, з выклікам сказаў, шт ён немец і што хутка ў Кобрыне будзе ўстаноўлена «новая ўлада...».

Няпрошаныя прадстаўнікі гэтай улады увайшлі ў наш горад 23 чэрвеня, вечарам, каля 19 гадзін. Пацягнуліся змрочныя дні акупацыі. З першых жа гадзін яе людзі адчулі на сабе звярыную, чалавека-ненавісніцкую сутнасць фашызму. «Усё, што ляжыць на зямлі, належыць вялікай Германіі», − крычалі вялізныя літары на развешаных усюды шматлікіх указах «новай улады». Таго, хто асмельваўся парушыць іх, чакала смерць. На пустку, дзе цяпер размяшчаецца сквер імя Марозава, немцы прыцягнулі аднекуль разбітую гармату. Нейкі селянін, праходзячы міма, вырашыў выразаць з яе колаў палоску гумы для гаспадарчых патрэб − тут жа, на месцы, быў расстраляны.

Адразу пасля ўваходу ў Кобрын гітлераўцы сталі абсталёўваць гарадскую бальніцу пад свой шпіталь. Хворых і цяжкапаравеных савецкіх салдат, якія заставаліся ў бальніцы, знеслі ў адзін невялікі пакойчык і забаранялі аказваць ім медыцыскую дапамогу.

Фашысцкія захопнікі прадчувалі, што савецкія людзі не будуць сядзець склаўшы рукі, узнімуцца на барацьбу. У страху перад гэтай барацьбой яны знішчалі камуністаў, савецкіх актывістаў. Так, па даносах агентуры ўжо 24 чэрвеня была арыштавана член КПЗБ Кацярына Гасілевіч, якая працавала да вайны загадчыцай дзіцячага сада, а перад самым яе пачаткам пайшла ў дэкрэтны водпуск. Фашысты арганізавалі бачнасць суда над цяжарнай жанчынай і, вынесшы прыгавор «за прыналежнасць да дзейнасці, накіраванай супраць «новай улады», расстралялі.

Але самыя жорсткія катаванні, расправы не маглі зменшыць імкнення савецкіх людзей да вызвалення, яшчэ больш распальвалі іх гнеў, нянавісць да фашысцкіх акупантаў. У першыя ж гадзіны вайны ў паветраны бой уступілі лётчыкі 123-га знішчальнага авіяцыйнага палка, які стаяў у Кобрыне. Абломкі аднаго са збітых самалётаў былі знойдзены непадалёку ад вёскі Магдалін і захоўваюцца цяпер у нашым музеі. Разам са шматлікай зброяй, знойдзенай на месцах былых баёў, яны сведчаць аб тым, што з першых дзён савецкія людзі ўзнімаліся на барацьбу з ворагам, верылі ў перамогу, набліжалі яе.

Н. Пліско,
дырэктар Кобрынскага ваенна-гістарычнага
музея імя А. В. Суворава.

Пліско, Н. Праз суткі, вечарам / Н. Пліско // Камуністычная праца. – 1986. – 21 чэрвеня. Першыя гадзіны вайны у Кобрыне.

Популярные материалы