Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Тайны Кобрынскай турмы

Са Сцяпанам Анішчуком нас звёў матэрыял “Тайны кобрынскай турмы”, які быў апублікаваны на старонках “КВ”, у № 49 за 21 чэрвеня 2014 г. Менавіта ў гэтай турме яшчэ падлеткам ён зведаў і перажыў тое, што не заўсёды перажывалі нават дарослыя, і толькі цудам застаўся жыць…

- Быў гэта 1943 год, – успамінае Сцяпан Іванавіч. – І ў нашай вёсцы Плашчыны, і ў мясцовасці навокал – у вёсках Шляхта, Стрыі і іншых – многія так ці інакш дапамагалі партызанам. А каб выклікаць менш падазрэнняў, па дробных даручэннях часта адпраўлялі падлеткаў – часцей за ўсё па гаспадарчай частцы, то з коньмі, то нешта аднесці, то перадаць… Так і хадзілі хлопцы і дзяўчаты – часцей за ўсё ў Дахлаўскі лес.

А потым раптоўна пачаліся арышты. Як адзначае сам Сцяпан Анішчук, відаць, знайшоўся той, хто “апавясціў” немцаў пра такую практыку. У канцы лютага – пачатку сакавіка забралі і Сцяпана Іванавіча. Так распачаўся самы страшны перыяд яго жыцця, аб якім ён не можа ўспамінаць без эмоцый і сёння.

- Катавалі амаль штодня. Падвешвалі за выкручаныя за спіною рукі, збівалі да абсалютнай страты прытомнасці… Страшней за ўсё было папасць у рукі да паліцаяў. Немцам – ім, як бы гэта сказаць, быў патрэбны вынік, інфармацыя. А вось іх пасобнікі не толькі хацелі выслужыцца, але і, здаецца, атрымлівалі ад усяго гэтага сапраўдную асалоду.

У камеры старэйшыя таварышы па няшчасці папярэдзілі Сцяпана – што бы ні здарылася, маўчы. Таму што калі даць хоць самы маленькі знак, самы нязначны намёк, што нешта ведаеш, – разматаюць увесь ланцужок, і загіне яшчэ шмат людзей – ды і ад самога немцы ўжо не адстануць. І ён маўчаў… Нават тады, калі пераставаў адчуваць боль ад пабояў, калі траціў прытомнасць на допытах. Але бывала і па-іншаму… Як успамінае Сцяпан Іванавіч, здаралася і так, што пасля чарговага допыту некаторых вязняў раптам аддзялялі ад іншых – відаць, было за што… Сёння ён нікога не вінаваціць і не хоча ўспамінаць тыя прозвішчы – бог ім суддзя.

- Самым страшным быў нават не боль – а крокі па калідоры. Калі канвойныя ішлі забіраць кагосьці на расстрэл, здавалася, што замірае ўся турма – сціхалі нават стогны і плач. Толькі гучныя крокі ў поўнай цішыні – туп, туп, туп… І разумееш – гэта на самай справе смерць, вось яна – зусім побач. І думаеш – толькі б не да нас, толькі б не ў нашу камеру. Здаецца, што я і сёння чую тыя крокі…

Лёс злітаваўся над Сцяпанам Іванавічам – разам з сястрой Верай яго не расстралялі, а вывезлі ў Германію, працаваць у баўэраў пад горадам Нінбург. Там яго і застала вызваленне ў выглядзе войск саюзнікаў. Яшчэ шмат гадоў пасля заканчэння вайны Сцяпан Анішчук не мог прымусіць сябе не тое што зайсці ў будынак былой турмы – нават прайсці ці праехаць міма. І сёння не могуць сцерціся з памяці ўспаміны, як страшна білі яго паліцаі пасля няўдалай наіўнай спробы пабегу, як пасля ўсяго перажытага раздробленай рукой доўгі час не мог трымаць нават лыжку, як пад стогны закатаваных начальнік турмы з асалодай піў ранішнюю каву. Як кожны дзень, кожную гадзіну ўсёй камерай чакалі смерці, і як квітнела вялікая клумба ў турэмным двары – пад якой закапвалі целы расстраляных…

Толькі адносна нядаўна, ужо ў сталым узросце разам з дачкой Яўгеніяй Макровай ён аднойчы знайшоў сілы ўсё-такі наведаць сваю былую камеру – і адразу ж выйшаў назад, каб больш ніколі ў жыцці туды не заходзіць. І сёння, успамінаючы той час, ён часта не можа стрымаць слёзы – такі страшны, невылечны адбітак пакінулі тыя падзеі ў душы тагачаснага 15-гадовага юнака – якому, нягледзячы ні на што ўдалося размінуцца са смерцю ў засценках Кобрынскай турмы.

Бялоў, Дз. Тайны Кобрынскай турмы / Дзмітрый Бялоў // Кобрынскі веснік. – 2014. – 28 ліпеня. Аб цяжкіх выпрабаваннях Сцяпана Анішчука ў гады Вялікай Айчыннай, ураджэнца в. Плашчыны Астроміцкага с/с.

Популярные материалы


Комментарии


Названия статей

Поиск по сайту

Наши партнеры

Центр-Тур, Туризм, Путешествие, Кобрин, Беларусь