Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Ішлі баі пад Кобрынам

Цяпер, калі наш народ рыхтуецца адзначыць 25-годдзе перамогі над фашызмам, міжволі ўспамінаюцца першыя дні баёў з гітлераўцамі, чэрвень 1941 года.

Наша 22 танкавая дывізія, якой камандаваў генерал-маёр В. П. Пуганаў, размяшчалася на поўдзень ад Брэста, амаль на самой граніцы. З першых жа мінут нападзенння фашыстаў яна ўступіла з імі ў бой. Жорсткія бамбёжкі і моцны артылерыйскі агонь у час раптоўнага нападу вывелі са строю частку нашых танкаў і машын, аднак дывізія не страціла сваёй боездольнасці. Пры бамбёжцы загінуў зампаліт дывізіі палкоўнік Іларыёнаў. 23 чэрвеня дывізія размясцілася на захадзе Кобрына, куды адыйшлі і многія стралковыя часці. Тут абарону займаў полк шостай стралковай дывізіі, якім камандаваў палкоўнік Асташэнка.

У поўдзень на размешчаныя нашы войскі двойчы абрушваліся бомбавыя ўдары фашыстаў, але наступленне акупантаў пачалося значна пазней. Каля 6 гадзін вечара пасля магутнай артпадрыхтоўкі на Кобрын рушылі танкі фашыстаў, падтрыманыя ланцугамі аўтаматчыкаў. Разгарэўся сустрэчны танкавы бой. Усё поле зацягнула дымам ад палаючых баявых машын, хмары пылу ад узнятай узрывамі зямлі забівалі дыханне. Усё навакол было ў полымі і дыме. I ў гэтым пекле працягвалі стойка трымаць абарону нашы стралкі, а парадзеўшыя танкавыя роты затрымлівалі націск у многа раз пераўзыходзячых нас лікам фашысцкіх танкаў.

Аб героях гэтага бою хочацца расказаць падрабязней. Калі танк лейтэнанта-камсамольца Люцікава быў падбіты, і адзін снарад трапіў у маторнае аддзяленне, а асколак заклініў вежу, танкісты не пакінулі машыну. Вырашыўшы весці бой з месца, яны здолелі расклініць вежу і прамым пападаннем падпалілі цяжкі гітлераўскі танк Т-4, а кулямётным агнём знішчалі суправаджаўшых танк гітпераўскіх матацыклістаў і ўцёкшых з падбітай машыны танкістаў ворага. Яны да канца выканалі свой воінскі абавязак, загінулі ад прамога пападання цяжкага снарада. Накіраваў на гітлераўскую машыну свой палаючы БТ-7 і механік-вадзіцель, камуніст Віктар Скварцоў. Мужны воін згарэў у машыне. Але побач згарэў і варожы танк. Не спыняючы камандавання боем, у танку загінуў і наш любімы камандзір генерал Пуганаў.

З падбітых машын вялі бой старшыня Ямчук і сержанты Чарнавок і Сахаты. Зняўшы з падбітых танкаў кулямёты, касілі захопнікаў танкісты Жолудзеў, Дрэмаў і Касабуцкі. Пяць разоў падымаліся ў рукапашную застаўшыеся без машын танкісты пад камандаваннем старшага лейтэнанта камуніста I. С. Марозава, які, будучы параненым, не пакінуў поля бою. Прыйшоўшыя сюды падраздзяленні 205 мотастралковай дывізіі знішчылі гранатамі шэсць зайшоўшых у наш тыл гітлераўскіх танкаў і да роты іх салдат.

Але сілы былі няроўныя. Расстраляўшы ўвесь боекамплект і не маючы папаўнення, з невялікім запасам паліва, па загаду палкоўніка Конанава, які замяніў загінуўшага камандзіра дывізіі, рэшткі 43-га і 44-га танкавых палкоў пачалі адыходзіць на ўсход.

У гэтым баі фашысты страцілі больш 40 танкаў і каля 400 сваіх салдат і афіцэраў. З болем у сэрцы адыходзілі мы ад Кобрына, не ўшанаваўшы нават памяці загінуўшых у баі таварышаў. Але мы цвёрда верылі: мы сюды вярнёмся. I мы вярнуліся!

Даўно скончылася вайна. Адбудаваны і сталі яшчэ прыгажэйшымі нашы гарады і сёлы, зараслі травою старыя акопы. Але імёны герояў першых баёў ніколі не сатруцца ў памяці народа, і подзвігі савецкіх байцоў пад Кобрынам 23 чэрвеня 1941 года будуць жыць доўга.

Ю. С. Пограбаў, удзельнік баёў, былы камандзір танкавага ўзвода 22 танкавай дывізіі. Саратаўская вобласць, Озінскі раён, п. Ураджайны.

Пограбаў, Ю.С. Ішлі баі пад Кобрынам / Ю.С. Пограбаў // Кобрынскі веснік. - 1970. - 26 ліпеня. Першыя дні Вялікай Айчыннай…

Популярные материалы