Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Каб памяць жыла     

Помнікі, абеліскі, мемарыяльныя дошкі… Яны сустракаюць нас і ў вялікіх гарадах, і ў зусім маленькіх вёсачках… і нават там, дзе вёсак больш няма ўвогуле – там, дзе яны назаўсёды згінулі ў полымі той страшнай вайны. Мабыць, немагчыма знайсці беларуса, у радаводзе якога так ці інакш не адназначыўся б след Вялікай Айчыннай – прыкладу найвялікшай трагедыі, але і найвялікшай, амаль што неверагоднай мужнасці і гераізму. Ушанаваць памяць тых падзей сабраліся ўдзельнікі раённага аўтапрабегу, прысвечанага 69-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, які нядаўна прайшоў па месцах баявой славы Кобрыншчыны.

Практыка правядзення такіх аўтапрабегаў не толькі стала добрай традыцыяй, але з кожным разам набірае ўсё большую папулярнасць сярод кабрынчан. Вялікай масавасцю і відовішчнасцю вылучыўся і апошні прабег. Так, да ветэранаў, прадстаўнікоў райвыканкама, кадэтаў, машын “хуткай дапамогі” і Дзяржаўтаінспекцыі, традыцыйнай калоны Кобрынска-Маларыцкай МРАС ДТСААФ, а таксама кобрынскіх байкераў упершыню далучыліся прадстаўнікі маладога аб’яднання “BMW club Kobrin” - прыхільнікі гэтай славутай маркі і аўтамабіляў увогуле. Непаўторны гістарычны антураж мерапрыемству надалі і кобрынскія аматары-рэканструктары, дзякуючы якім у калону аўтапрабегу ўліліся выдатна адрэстаўрыраваныя савецкія матацыклы ўзору ваенных часоў з узброенымі байцамі Савецкай Арміі. Не трэба дадаваць, што энтузіязм усё гэта выкліка- ла проста неверагодны - і не толькі ў дзяцей, але і ў дарослых. Надта ўжо натуральна выглядала гэтае падраздзяленне, якое нібыта сышло з кадраў ваеннай хронікі.

Першым прыпынкам на маршруце стала вёска Залессе, дзе ў час урачыстага мітынгу прысутныя аддалі даніну памяці загінуўшым, ветэраны вайны ўсклалі вянкі і кветкі да помніка. Тут пахаваны партызаны атрада імя А.В. Суворава, якія загінулі ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1944 годзе. 124 ўраджэнцы гэтай мясцовасці адзначыліся на палях розных франтоў і былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, 47 так і не вярнуліся дадому...

Акцябр, Камень, Дзямідаўшчына, Грушава... Вёску за вёскай праязджалі ўдзельнікі аўтапрабегу, і ў кожнай з іх сустракалі помнікі, імёны, памятныя даты, падзеі і факты. У кожнай з гэтых і многіх іншых вёсак і вёсачак Кобрыншчыны вельмі добра памятаюць і ніколі не забудуць, як гарэлі хаты, як ірваліся бомбы і снарады, як гінулі аднавяскоўцы... І гэтая памяць, што перадаецца з пакалення ў пакаленне, мацней за ўсе магчымыя “альтэрнатыўныя” трактоўкі гісторыі, якіх сення так многа ў нашай інфармацыйнай прасторы. Мацней - таму што немагчыма перапісаць гісторыю, калі яна была напісана крывёй народа.

- Аўтапрабег па месцах баявой славы ў нашым раёне праводзіцца вось ужо другое дзесяцігоддзе, - адзначыў у час урачыстага мітынгу на канчатковым прыпынку маршрута ў аграгарадку Гарадзец намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык. - І гэта - дадатковая магчымасць яшчэ раз нагадаць нашай моладзі і ўсім нам аб нашым мінулым і аб тых, дзякуючы каму сёння існуюць наша дзяржава, наша сучаснасць і наша будучыня.

Гледзячы на шчырую чысціню ў вачах нашых школьнікаў, якія стаяць у ганаровай варце каля помнікаў загінуўшым героям і з сапраўднай павагай ставяцца да ветэранаў, становіцца зразумела - гэтае пакаленне памятае аб сваім мінулым.

Бялоў, Дз. Каб памяць жыла / Дзмитрый Бялоў // Кобрынскі веснік. – 2014. - 10 мая. – С. 1 -2. Чарговы аўтапрабег, прысвечаны Дню Перамогі, прайшоў па маршруце: вёска Залессе, дзе былі ўскладзены вянкі і кветкі да помніка партызанам атрада імя А.В.Суворава; Акцябр, Камень, Дзямідаўшчына, Грушава, аграгарадок Гарадзец... У кожнай іх сустракалі помнікі, імёны, памятныя даты, падзеі і факты…

Популярные материалы


Комментарии