Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Вялікая Айчынная вайна на Кобрыншчыне     

Асабліва цяжкія выпрабаванні прынесла Вялікая Айчынная вайна. Фашысцкія бомбы абрушыліся на горад на досвітку 22 чэрвеня 1941 года. 123-ці знішчальны авіяцыйны полк, які базіраваўся на кобрынскім аэрадроме, прыняў бой. На працягу 10 гадзін нашы лётчыкі збілі 30 фашысцкіх самалётаў. У няроўнай барацьбе загінуў камандзір палка Барыс Мікалаевіч Сурын, які правёў 4 баі і асабіста збіў 3 варожыя самалёты.

Жорсткі бой разгарнуўся 23 чэрвеня каля Кобрына, які вялі часці 22-й дывізіі на чале з яе камандзірам В. П. Пуганавым на подступах да горада Кобрын на ўздоўж канала Бона. У гэтым баі загінуў В. П. Пуганаў, імя якога зараз носіць сквер на вул. Першамайскай.

У час акупацыі фашысты разбурылі і спалілі ў горадзе больш за 200 жылых дамоў і 250 іншых збудаванняў, узарвалі электрастанцыю, 3 млыны, скураны завод, ільнозавод і шэраг іншых прадпрыемстваў. Былі разбураны чыгуначная станцыя, 2 чыгуначныя масты цераз р. Мухавец. Звыш 8 тысяч мірных жыхароў горада сталі ахвярамі фашысцкіх злачынстваў.

Увесь час акупацыі ў горадзе працаваў падпольны антыфашысцкі камітэт, падтрымлівалася сувязь з партызанамі, якія знаходзіліся ў навакольных лясах. 20 ліпеня 1944 г. у выніку ўпартых баёў горад быў вызвалены і пачаў паступова залечваць свае раны. Як сыноўняя памяць і глыбокая пашана да загінуўшых стаяць сёння ў горадзе помнікі ахвярам Вялікай Айчыннай вайны.

Брацкая магіла воінаў і партызан (вул. Першамайская, сквер імя Пуганава). Пахаваны 174 воіны, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Устаноўлены помнік генерал-маёру Віктару Паўлавічу Пуганаву і старшаму лейтэнанту Арсенію Іванавічу Марозаву. В.П.Пуганаў загінуў 23.6.1941 г., А.І.Марозаў - 24.7.1944 г. у час паветранай разведкі ў раёне Брэста.

Брацкая магіла воінаў і партызан ( на паўднёва-ўсходняй ускраіне горада каля в.Лепясы). Пахаваны 30 воінаў і партызан. Скульптура салдата ўстаноўлена ў 1957 г.

Брацкія магілы воінаў (на гарадскіх могілках). У чатырох магілах пахавана каля 40 воінаў, якія загінулі ў ліпені 1944 г. У 1979 г. устаноўлена пліта з імёнамі загінуўшых, у 1983 г. - на кожнай магіле абеліск, у 1996 -агульны помнік.

Магіла ахвяр фашызму (на ўсходняй ускраіне горада каля шашы Брэст- Пінск).

Пахавана звыш 200 жыхароў горада, расстраляных у 1941-1943 гг. У 1967 г. на магіле пастаўлены абеліск. Месца расстрэлу мірных жыхароў (на паўднёвай ускраіне горада). Пахавана 4,5 тыс. мірных жыхароў горада, расстраляных у 1942-1944 гг. На ўшанаванне іх памяці ў 1975 г. устаноўлены абеліск.

Абеліск у гонар 40-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне (сквер імя Марозава). На ім высечаны назвы 12 воінскіх часцей, партызанскай брыгады, а таксама чатырох партызанскіх атрадаў, што дзейнічалі на тэрыторыі Кобрынскага раёна.

Помнік партызанам (паўднёва-ўсходняя ўскраіна горада). Помнік-стэла, пастаўлены ў 1983 г. у памяць аб партызанах, камсамольцах, падпольшчыках, якія вялі «рэйкавую вайну» на тэрыторыі раёна.

Вялікая Айчынная вайна на Кобрыншчыне // Кобрын = Kobrin. – Мінск: БЕЛТА, 1997. – С. 10-12. - (Гарады Беларусі = The Belarussian towns). Агульныя звесткі аб вайне на Кобрыншчыне і аб помніках ахвярам фашызма.

Популярные материалы