Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

І генералы гінулі ў баях     

З больш чым 900 генералаў, якім ўпершыню ў Чырвонай Арміі было прысвоена гэта званне ў 1940 годзе, больш як 150 загінулі ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Так, у першыя дні і месяцы вайны былі забіты 44 камандуючыя арміямі, камандзіры карпусоў і дывізій, а таксама камандуючы Пауднёва-Заходняга фронту М. Кірпанос і шэраг генералаў - камандуючых відамі і родамі войск.

У самым пачатку вайны ў барацьбе з фашыстамі загінуў генерал-маёр танкавых войск, камандзір 22-й танкавай дывізіі, якая дыслацыравалася ў паўднёвым гарадку Брэста, Віктар Паўлавіч Пуганаў. Здарылася гэта ў баі з гітлераўцамі 23 чэрвеня 1941 года каля Кобрына.

Вось як апісаў гэты паядынак палкоўнік Іван Васільевіч Конанаў - намеснік камандзіра 22-й танкавай дывізіі. «…І тут разгарэўся адзін з самых жорсткіх сустрэчных баёў першых дзён вайны на нашым участку. Гітлераўцы кінулі авіяцыю, танкі і мотапяхоту на часці, якія знаходзіліся на маршы. Танкісты разгарнуліся ў баявы парадак. На чале атакуючых быў генерал Пуганаў. Ён асабіста павёў танкістаў у атаку. На полі бою гарэлі танкі праціўніка, гарэлі і нашы. На асобных участках кіпелі рукапашныя схваткі. Абодва бакі неслі вялікія страты. Бой вызначаўся незвычайным упорствам. У самы напружаны момант падбег лейтэнант. Голас у яго зрываўся: «Таварыш палкоўнік, генерал Пуганаў забіты!». Загінуў Віктар Паўлавіч, загінуў, як герой, загінуў, абараняючы Радзіму. Але і вораг не дабіўся поспеху. Ён адкаціўся на зыходныя пазіцыі».

Генерал-маёр В. П. Пуганаў пахаваны ў Кобрыне, у скверы, які носіць яго імя. Тут, на скрыжаванні вуліц Першамайскай і Кірава створаны мемарыял 174-м загінуўшым воінам і партызанам. Тут жа знаходзяцца магілы і помнікі Пуганаву В. П. і лётчыку Марозаву А. I.

Сярод генералаў, загінуўшых у баях Вялікай Айчыннай вайны, ёсць і нашы землякі - ураджэнцы Брэстчыны. У іх ліку ўраджэнец Кобрыншчыны, генерал-маёр войск сувязі Якаў Осіпавіч Лагадзюк, які загінуў у баі 27 ліпеня 1944 года. Пахаваны ён у латвійскім горадзе Даўгаўпілсе.

У 1941-1944 гадах ён удзельнічаў у абароне Ленінграда і ў вызваленні Беларусі, ваяваў на 1-ым Прыбалтыйскім фронце. Быў начальнікам сувязі арміі, намеснікам начальніка ўпраўлення сувязі фронгу. Загінуў пры вызваленні горада Даўгаўпілса.

Генерал-лейтэнант Сцяпан Іванавіч Любарскі нарадзіўся ў в. Старыя Пескі (цяпер уключана ў склад в. Новыя Пескі) Бярозаўскага раёна. У 1918 годзе добраахвотна ўступіў у Чырвоную Армію, цераз год стаў камуністам. У гады Грамадзянскай вайны ўдзельнічаў у баях супраць войск Дугава, Калчака, супраць басмачоў у Туркестане.
У 1932 годзе закончыў ваенную акадэмію імя Фрунзе, а ў 1938 - акадэмію Генеральнага штаба. Выкладаў на кафедры гэтай акадэміі. Затым удзельнічаў у баях супраць японскіх мілітарыстаў каля ракі Халхін-Гол, у вызваленні Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны ў 1939 годзе. У гады Вялікай Айчыннай вайны быў на Заходнім, 2-м Беларускім, 4-м і 1-м Украінскім франтах, намеснікам начальніка аператыўнага аддзела штаба фронту, начальнікам штаба арміі. Загінуў 16 красавіка 1945 года пры фарсіраванні ракі Нейсе ў Германіі. Пахаваны на пагорку Славы ў горадзе Львове.

Яго імем названа вуліца ў г. Бяроза. У 1980 годзе для ўвекавечвання памяці С. I. Любарскага ўстаноўлена стэла. Герой Савецкага Саюза, генерал-маёр Аляксандр Аляксандравіч Вашкевіч - ураджэнец в. Белавежа Пружанскага раёна. З сялян. У арміі з 1919 года. Удзельнік Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў. Вызначыўся ў 1943 годзе пры фарсіраванні Дняпра, за што ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Загінуў у баі за Берлін у красавіку 1945 года. Пахаваны ў Варшаве, якую вызваляў са сваёй дывізіяй 17 студзеня 1945 года.

Iсак Якаўлевіч Малашыцкі - генерал-маёр. Ураджэнец горада Баранавічы, з рабочых. У Чырвонай Арміі з 1919 года, удзельнік баёў супраць Дзянікіна і разгрому Кранштацкага мецяжу. У 1928 годзе закончыў ваенную акадэмію РККА. 3 1940 года быў выкладчыкам акадэміі імя Фрунзе.

У 1941-1943 гадах ваяваў на Бранскім, Заходнім, Варонежскім франтах. Быў начальнікам штаба дывізіі, намеснікам начальніка штаба арміі, камандзірам дывізіі. Загінуў у баі. У г.Брэсце пахаваны генералы танкавых войск - генерал-маёр М. Ф. Іконнікаў (ураджэнец Казахстана), генерал-маёр А. А. Вахрушаў (ураджэнец Расіі).

У гады Вялікай Айчыннай вайны памерлі ад ран вядомыя палкаводцы, генералы арміі, камандуючы 3-м Беларускім фронтам I. Д. Чарняхоўскі і камандуючы 1-м Украінскім фронтам М. Ф. Ватуцін. У фашысцкі палон і трапілі больш за 50 савецкіх генералаў - цяжка параненых, кантужаных альбо хворых. У ліку іх былі генералы Карбышаў, Панядзелін і Кірылаў.

Жыхарам Брэстчыны добра вядома імя генерал-лейтэнанта інжынерных войск, Героя Савецкага Саюза Дзмітрыя Міхайлавіча Карбышава, які служыў у Брэсцкай крэпасці са жніўня 1911 да лістапада 1914 года. Пад яго кіраўніцтвам ішлі рэканструкцыя і будаўніцтва шэрагу аб’ектаў крэпасці.

Гэты выдатны рускі і савецкі ваенны інжынер у 1940 годзе атрымаў званне генерал-лейтэнанта. З 1938 года - ён прафесар, а з 1941 - доктар ваенных навук. Ён - аўтар больш за 100 навуковых работ па ваенна-інжынернай справе.

У чэрвені 1941 года Д. Карбышаў інспекціраваў будаўніцтва ваенных умацаванняў у раёне Гродна і Беластоцкай вобласці. У баях пры выхадзе з акружэння паўночней Магілёва быў цяжка кантужаны і непрытомным стане трапіў у палон.

Гітлераўцы спрабавалі схіліць яго да службы на іх армію, але Д. Карбышаў катэгарычна адверг іх прапановы. Фашысты трымалі яго ў Бярлінскай і Нюрнбергскай турмах, у канцлагерах смерці. I ўсюды ён вёў антыфашысцкую агітацыю сярод ваеннапалонных.

18 лютага 1945 года Д. М. Карбышаў быў па-зверску замучаны фашыстамі ў Маўтхаўзене. У 1946 годзе яму пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У Брэсце яго імем названа вуліца, на якой ён жыў у перыяд сваёй службы ў Брэсцкай крэпасці. На гэтай жа вуліцы ўстаноўлены тры мемарыяльныя дошкі ў яго гонар. Імя Карбышава прысвоена прафтэхвучылішчу N26 г. Брэста.

Вечная памяць загінуўшым у баях за гонар, свабоду і незалежнасць Радзімы!

Гурда, У. І генералы гінулі ў баях / У. Гурда // Кобрынскі веснік. – 2001. - 13 чэрвеня. – С. 2. Генерал танкавай арміі В.П. Пуганаў загінуў пры абароне Кобрына ў чэрвені 1941г.; ўраджэнец Кобрыншчыны, генерал-маёр войск сувязі Я.О. Лагадзюк - у 1944г. у Даўгапілсе

Популярные материалы



Названия статей

Поиск по сайту

Наши партнеры

Виртуальное путешествие по всему городу Кобрину