Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Ад Кобрына да Эльбы     

Нягледзячы на сталы ўзрост, Івана Сяргеевіча Куліша цяжка застаць у хаце, а тым больш без якой-небудзь справы. I ў дзень нашай сустрэчы, калі прыехалі ў вёску Засімы, унук знайшоў дзеда ў садку за хлявом, дзе была пасаджана бульба. З малых гадоў, калі яшчэ батрачыў у заможных гаспадароў, Іван Сяргеевіч прывык сам сачыць за гаспадаркай, не любіў беспарадку, авалодаў многімі рамёствамі. Гэта і дапамагала неяк пракарміцца сям’і бедняка, у якой ён рос.

Не думаў тады Іван Сяргеевіч, што давядзецца авалодаць яшчэ адным рамяством - кулямётчыка. Праўда, спачатку давялося перажыць цяжкія дні акупацыі. Пасля вызвалення Кобрыншчыны ад фашысцкіх захопнікаў Івана і яго равеснікаў накіравалі на фронт. Ён трапіў у 218-ы стралковы полк, стаў кулямётчыкам. Не раз са сваім «дзехцяром» падтрымліваў агнём атакі нашых пехацінцаў.

Асабліва «горача» прыйшлося палку, дзе служыў Іван Сяргеевіч, на Нарвскім плацдарме. Ён атрымаў тут, як кажуць, сапраўднае баявое хрышчэнне. На гімнасцёрцы паявіўся значок «Выдатны кулямётчык».

Праўда, ворагі па-свойму «паважалі» кулямётчыкаў. За імі вялі сапраўднае паляванне варожыя снайперы, падключалі да гэтай справы мінамёты, буйнакаліберную зброю. Пад Кенігсбергам у студзені 1944 года «накрылі» і кулямётны разлік I. С. Куліша. Сам ён апынуўся ў шпіталі. Тут Івану Сяргеевічу ўручылі і медаль «За баявыя заслугі». Рана аказалася не простай, і пасля папраўкі I. С. Куліша накіравалі не ў пяхоту, а у артылерыйскі полк наводчыкам 76-міліметровай супрацьтанкавай гарматы. Разам з перадавымі часцямі Савецкай Арміі дайшоў да Эльбы. Тут сусрэліся з саюзнікамі - амерыканцамі. Адзін з іх падараваў Івану Сяргеевічу свой гадзіннік. Гэты просты падарунак I. С. Куліш доўга шанаваў як самую каштоўную рэч.

Толькі ў 1947 годзе Іван Сяргеевіч вярнуўся ў родную вёску. Патрэбна было залечваць раны вайны, наладжваць мірнае жыццё. Ды і аб стварэнні сваёй сям’і пара было падумаць. Ў 1949 годзе палюбіў мясцовую дзяўчыну і ажаніўся. Затым сваімі рукамі пабудаваў дом. А неўзабаве паявіліся дзве дачкі...

Як гэта даўно было і як свежа ў памяці ветэрана?! Ды і старыя раны напамінаюць аб сабе. Аднак Іван Сяргеевіч не прывык скардзіцца на лёс. Летась разам з жонкай справілі залатое вяселле. Хутка павырасталі ўнукі. Старэйшы ўжо адслужыў у арміі. Людзі паважаюць, абралі старшынёй пярвічнай арганізацыі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і працы. Чаго яшчэ хацець ад жыцця?

Мабыць, пагэтаму Іван Сяргеевіч лічыць сябе шчаслівым чалавекам. Зразумела, для маладых ваенныя вёрсты ад Кобрына да Эльбы - ужо далёкая гісторыя, а для былога франтавіка I. С. Куліша - неад’емная частка жыцця, болю страт і радасці Перамогі.

Сацук, А. Ад Кобрына да Эльбы / А. Сацук // Кобрынскі веснік. – 200. .– 1 ліпеня. Пра ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, былога кулямётчыка з в. Засімы І.С. Куліша.

Популярные материалы


Комментарии


Названия статей

Поиск по сайту

Наши партнеры

Центр-Тур, Туризм, Путешествие, Кобрин, Беларусь

перчатки рабочие