Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Каб мірна жыць, трэба помніць

Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь я завітала да ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Івана Лесняка з вёскі Патрыкі. Ён чакаў мяне каля самых веснічак. Размясціўшыся на лавачцы пад вінаградам, Іван Аляксеевіч пачаў расказ пра сваё жыццё.

Трапіў я на фронт у 1944-м, у 18 гадоў, а да гэтага, у час акупацыі, жыў у шматдзетнай сялянскай сям'і ў вёсцы Шыповічы. Калі Кобрын вызваліла Чырвоная Армія, праз два дні атрымаў павестку. Чыгунка была разбіта немцамі, прыйшлося ісці ў Бярозу пешшу, менавіта адтуль мы ад'язджалі. 28 ліпеня, у дзень вызвалення Брэста, мяне забралі ў армію і адправілі ў запасны полк у горад Дзімітраў пад Масквой.

У лістападзе 1944-га артылерыйскую дальнабойную брыгаду, у якой Іван Аляксеевіч быў наводчыкам 152- міліметровай гарматы, перакінулі на Нарвскі плацдарм, на I Беларускі фронт для вызвалення Усходняй Прусіі. Пасля з баямі пайшлі на Берлін. Перамогу Іван Лясняк сустрэў у Патсдаме: "Мы крычалі "ўра", стралялі, пілі гарэлку, у каго была (смяецца), адным словам - радаваліся". Там ён праслужыў яшчэ шэсць пасляваенных гадоў.
- Самым страшным для мяне застаўся бой за Зяелаўскія вышыні пад Берлінам. Вораг якраз там засеў, нам цяжка было яго "выкурыць", - гаворыць Іван Аляксеевіч. - Вось тады маршал Георгій Жукаў выкарыстаў магутныя пражэктары, якія ў час начнога бою былі накіраваны на немцаў, асляплялі іх і дазвалялі нам больш прыцэльна весці агонь. Я так часта цягнуў шнур сваёй гарматы, каб даць залп, што нават рука распухла.

Іван Лясняк прайшоў ваенны шлях без раненняў. На пінжаку ззяюць ордэны і медалі. Самы дарагі - ордэн Айчыннай вайны II ступені. Акрамя гэтага, ёсць медалі "За вызваленне Варшавы", "За вызваленне Берліна", "За перамогу над Германіяй", "За адвагу" іншыя.

Пакуль яшчэ мы можам выслухаць такія гісторыі з першых вуснаў. Як важна зберагчы гэтую памяць! Жывіце доўга, ветэраны.

Пашковіч, Л. Каб мірна жыць, трэба помніць / Людміла Пашковіч // Кобрынскі веснік. – 2014. – 2 ліпеня. – С. 2. Iван Аляксеевіч Лясняк з вёскі Патрыкі, ветэран Вялікай Айчыннай, Перамогу сустрэў у Патсдаме.

Популярные материалы



Названия статей

Поиск по сайту

Наши партнеры

Познай Кобрин