Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Нібыта на памяці крылах    

Летам 1941-га гукі вайны ціхім шэптам дзе-нідзе адбіваліся ў паветры. Гаварыць пра вайну баяліся, але думкі, мітусліва-збянтэжаныя, не давалі спакою.

- Кожны дзень мы чакалі нешта нядобрае, - успамінае Павел Гілевіч. - Мне ішоў 18-ты год. Сям'я была вялікая - бацька Дзмітрый Іванавіч, маці Праскоўя Сямёнаўна, два браты, дзве сястры, ды я. Жылі дружна, не бедавалі. Ціхенька між сабой пагаворвалі, што будзе вайна, але ўсё ж такі яе прыход стаў нечаканасцю, бо ведалі пра міралюбівую палітыку СССР. А ворагі пакрысе рыхтаваліся...

Ранак не абяцаў дажджлівага надвор'я, ні аб чым не падазраваючы, горад спаў. Дальнейшыя падзеі, быццам абрыўкі з памяці Паўла Дзмітрыевіча, які збірае ўспаміны па крупінках, такіх каштоўных для нашага часу.

Як зараз, перад вачамі паўстаюць тыя дні, чужынцы, ад якіх горад напоўніўся нейкай нязвыклай, іншаземнай мовай. Разгубленыя, кабрынчане назіралі, як па родных вуліцах, як гаспадары, праязджалі на машынах, матацыклах, апранутыя па-ваеннаму фанабэрлівыя немцы.

Акупіраваны горад зажыў новым жыццём, правілы дыктавала новая ўлада. Вечарам нельга было выходзіць на вуліцу, з асцярогай хадзілі за прадуктамі. Паводле ўспамінаў Паўла Гілевіча, на плошчы Леніна знаходзілася нямецкая камендатура, менавіта адтуль давалі загады аб расстрэле людзей.

А потым у Германію пачалі забіраць, асабліва моладзь. Паўла Гілевіча мінавала доўгае развітанне з Радзімай, яго чакаў іншы шлях.

- Да вайны я скончыў 7 класаў пачатковай школы, два класы гімназіі і курсы краўца, у час акупацыі працаваў у майстэрні паляка. У 1944 годзе быў прызваны ў армію, там быў камандзірам разліку станкавага кулямёта. Восенню, у час наступлення, пад Варшавай атрымаў асколачнае раненне, нагу выратаваць не ўдалося. Такая страта нялёгка перажывалася юнаком, а бацькі радаваліся, што сын вярнуўся дадому жывы.

Шмат медалёў і ордэнаў упрыгожваюць грудзі ветэрана. А ў вачах - дабрыня, якая не пакінула стомленае сэрца, цеплынёй і пяшчотай адорвае тых, хто побач.

Лесік, І. Нібыта на памяці крылах / Ірына Лесік // Кобрынскі веснік. – 2014. – 27 верасня. Шмат ордэнаў і медалёў упрыгожваюць грудзі Паўла Дзмітрыевіча Гілевіча з Кобрына - ветэрана і інваліда Вялікай Айчыннай вайны.

Популярные материалы



Названия статей

Поиск по сайту

Наши партнеры

Познай Кобрин