Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Рыгор Вышынскі: “Карэспандэнцыю развозіў… на браневіку”   

- Добры дэень, Рыгор Герасімавіч! - гавару я ў тэлефонную трубку. - А ці можна прыехаць да Вас у госці, пра жыццё ваеннае паслухаць?

- Ведома, прыязджайце, усё раскажу! - чую ў адказ на дзіва бадзёры голас.

І вось на парозе вясковай хаты ў Грушаве мяне сустракае Рыгор Вышынскі - удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Адразу прыкмячаю па-дзіцячаму добрыя, лагодныя вочы - такія бываюць толькі ў шчырых людзей. Рыгор Герасімавіч праводзіць у чыстую, прыбраную хату са звыклымі для вяскоўцаў палавікамі ды сурвэткамі.

- Нарадзіўся я ў вёсцы Дзямідаўшчына ў 1926 годзе, - пачынае мой суразмоўца. - У сям'і быў самым малодшым з пяцярых. Бацькі не памятаю, маці Ульяна адна нас гадавала. Цяжка было, але мелі карову, каня, зямля была свая. Тады ў Дзямідаўшчыне жылі чатыры яўрэі, я ў іх і падзарабляў. Закончыў 4 класы "пры Польшчы". Калі вайна пачалася, жылі на хутары. А як споўнілася 18 гадоў - мяне забралі ў армію. Так я трапіў на I Украінскі фронт, да маршала Конева. Гэта быў ужо 1944 год. Спачатку нас забралі на два месяцы ў Мінск, там прыняў прысягу. Неўзабаве ў складзе 122-га палка пераправілі праз Брэст у Бялу Падляску. Быў другім нумарам кулямёта "Максім". Праз нейкі час мой кулямёт разбіла снарадам, таварыш загінуў, а мне жалезам моцна ударыла па касцы, але застаўся жывы. З Бялай Падляскі двое сутак ішлі пешшу, - працягвае свой расказ Рыгор Вышынскі. - Удзельнічалі ў вызваленні Польшчы, затым трапілі ў Аўстрыю. Кіламетраў 100 засталася да Германіі, але раптам - канец вайны. Нас сустрэў камандзір палка: "Таварышы, вайна скончана!" Колькі радасці тады было!
- Як жа далей склаўся Ваш лёс?

- Нас, чалавек сто, забралі ў Аўстрыю ў вучэбны батальён. Там закончыў сяржанцкую школу. Затым быў танкавы батальён, дзе з'яўляўся камандзірам танка. Пасля расфарміравання батальёна трапіў у Венфыю, у 301 -ю дывізію. Там і служыў. Як паштальён развозіў карэспандэнцыю, толькі... на браневіку. Кожны дзень - 200 кіламетраў. У 1949 годзе адпусцілі ў водпуск і толькі ў 1950-м назаўсёды вярнуўся ў родную Дзямідаўшчыну.

- Мабыць, дзяўчына каханая чакала?

- У Надзейку я закахаўся яшчэ да фронту, - шчыра засмяяўся Рыгор Герасімавіч. - Яна жыла ў суседняй вёсцы. Чакала мяне ўсе шэсць гадоў, дасылала лісты.

Тут мой суразмоўца хуценька выйшаў у адзін з пакояў і вярнуўся з фотаздымкам у руках. У прыгожай сукенцы з фатаграфіі глядзела прыгажуня Надзя. Толькі і засталася пра каханую памяць - жонкі няма ўжо амаль 20 гадоў. 3 таго часу Рыгор Герасімавіч жыве адзін. Радасць ветэрану прыносяць дзве дачкі, Гапіна і Валянціна, ды чатыры ўнучкі.

Мы развіталіся, а я ўсё дзівілася, як гэты чалавек, зведаўшы пыл баявых дарог, змог зберагчы такое добрае, шчырае сэрца.

Лесік, І. Рыгор Вышынскі: “Карэспандэнцыю развозіў… на браневіку” / Ірына Лесік // Кобрынскі веснік. – 2014. - 12 ліпеня. – С. 4. Размова з удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны з в. Грушава Р. Вышынскім.

Популярные материалы


Комментарии


Названия статей

Поиск по сайту

Наши партнеры

Познай Кобрин