Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

З любоўю да людзей   

Падзяка ў адрас старшыні райвыканкама Мікалая Кенды, начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мікалая Якаўчука, начальніка жыллёва-эксплуатацыйнай службы КУШВП ЖКГ «Кобрынская ЖКГ» Пятра Маюка, начальніка Кобрынскага аддзела Дэпартамента аховы падпалкоўніка міліцыі Івана Хвірысюка, якая паступіла ў рэдакцыю «КВ», не магла застацца незаўважанай. Няма чаго граху таіць, не так ужо часта мы заўважаем усё добрае, што робіцца. А калі і заўважаем - то, як правіла, прымаем гэта як нешта належнае, нібыта бы яно з'явілася само сабою. А яшчэ людзі кажуць, што для таго, каб цаніць дабрыню, трэба за сваё жыццё пабачыць шмат гора...

Пісьмо паклікала ў дарогу - і вось мы ў гасцях у Аляксандры Іванаўны. Невялікі пакойчык, маленькая куханька, зусім небагаты інтэр'ер. І - гаспадыня, якая, здаецца, уся свеціцца ад унутранай энергіі. І гэта - у 89 гадоў...

Аляксандра Танкушына пабачыла шмат. У 20 гадоў пачалося яе франтавое жыццё на Волхаўскім фронце - у 844-м батальёне аэрадромнага абслугоўвання, удзельнічала ў вызваленні Ленінграда. Задачы, якія выконваў батальён, былі самымі рознымі. Аляксандра Танкушына бачыла, як у страшных баях метр за метрам адваёўвалі ў гітлераўцаў родную зямлю нашы салдаты, як ірваліся фашысцкія бомбы на славутай «дарозе жыцця» Ладажскага возера... Яна памятае, як даводзілася начаваць у неацепленых зямлянках - і колькі крыві каштавала даставіць у блакадны Ленінград машыну з жыццёва неабходным грузам...

- Памятаю выпадак, калі на Ленінградскі фронт прыехаў малады генерал - здаецца, прозвішча яго было Краўчанка, - успамінае Аляксандра Танкушына. - І, калі я прысутнічала на камандным пункце, патэлефанаваў, што вылятае з эскадрылляй колькасцю 13 самалётаў. Я яшчэ тады здзівілася - як так, адкрытым тэкстам?.. А ён адказвае - нічога страшнага, вернемся праз 20 хвілін. Яшчэ спытаў: «Ну што, будзеш нас чакаць, Шурачка?» Назад з усіх 13-ці вярнуўся толькі адзін самалёт. Загінуў і сам генерал - не паспеў рас- крыць парашут. А праз некаторы час да мяне прыйшлі - Краўчанку хацелі аб'явіць ворагам народа. За тое, што тэлефанаваў адкрыта. Дапытвалі як сведку і мяне - сказала, што проста ў чалавека не было вопыту... Ён і быў такі - шчыры і добры. Мне паверылі - цела генерала было адпраўлена ў Маскву.

А Аляксандру Танкушыну чакалі новыя выпрабаванні. Ужо на тэрыторыі Германіі яна літаральна апынулася на валасок ад смерці - машына, у якой ехала разам з салдатамі і начхарчам, урэзалася ў дрэва, загінуў вадзіцель...
Сама Аляксандра тады атрымала страсенне мазгоў, пакалечыла руку і нагу. Аднак знайшла ў сабе сілы выйсці на дарогу і спыніць машыну...

Сёння пра тыя часы нагадваюць баявыя ўзнагароды. Памяць захоўвае кожны дзень вялікай вайны, якая для Аляксандры Танкушынай скончылася ў Германіі ў Дзень Перамогі. А пасля таго, як адгрымелі святочныя салюты, ураджэнка Ціхвіна апынулася на Кобрыншчыне.

- Кожны год на 9 мая атрымліваю віншаванні і падарункі, - ветліва ўсміхаючыся, расказвае Аляксанра Танкушына.

- Прыемна: не забываюць. А нядаўна бясплатна зрабілі новую агароджу - згадзіцеся, для мяне гэта вялікая справа. Не забываюць пра мяне і ў Дэпартаменце аховы, дзе адпрацавала ў свой час 9 гадоў. На святы прыходзяць вучні 3-й і 6-й школ. Усім вялікае дзякуй.

Часта прыязджаюць і дапамагаюць дзеці. Сын Мікалай, заслужаны лётчык, камандзір палка, а зараз палкоўнік запасу, жыве ў Харкаве - але, нягледзячы на гэта, не забывае пра маці, як і другі сын, Віктар. А ў вольны час Аляксандра Танкушына займаецца хатнімі нарыхтоўкамі. 3даецца, што ў кватэры разнастайныя слоікі з апетытнымі разнасоламі стаяць літаральна ўсюды. Застаецца толькі пазайздросціць гэтай незвычайнай жанчыне за энергію і энтузіязм, з якім яна ставіцца да жыцця, і яе любоў да ўсіх людзей.

Цудоўныя ўражанні ў Аляксандры Іванаўны і ад нашага Кобрына. 3 яе слоў, і сын паабяцаў прывезці з Харкава сваю сям'ю, каб паглядзець на тую прыгажосць, якая створана ў горадзе. І, як адзначае сама Аляксандра Танкушына, не быць удзячным за ўсё гэта проста немагчыма.

Бялоў, Дз. З любоўю да людзей / Дзмітрый Бялоў // Кобрынскі веснік. - 2010. – 11 жніўня. – С. 2. Франтавое жыццё 20-гадовай Аляксандры Іванаўны Танкушынай пачалося на Волхаўскім фронце…

Популярные материалы


Комментарии


Названия статей

Поиск по сайту

Наши партнеры

Кобрин, Беларусь, Достопримечательности, Интересные места