Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Крок за крокам – па мінным полі   

Сапёр, як вядома, памыляецца ў жыцці толькі адзін раз. Гэтая ісціна стала галоўным правілам для Мацвея Пятручыка, ветэрана вайны, жыхара вёскі Навасёлкі. Не раз, як успамінае ветэран, жыццё вісела літаральна на валаску, а калі быць больш дакладным, на тонкім дроціку міннага дэтанатара.

Вайна для Мацвея Пятручыка пачалася ў 1944 годзе, калі ён з Брэсцкага перасыльнага пункта быў адпраўлены ў Прыбалтыку ў складзе 21-й моташтурмавой інжынерна-сапёрнай брыгады.

Вайна пакінула пасля сябе шмат «падарункаў», - расказвае Мацвей Яўціх'евіч. - Па-першае, па прыбалтыйскіх лясах у вялікай колькасці бадзяліся розныя банды, у тым ліку добра ўзброеныя. А па-другое - пасля немцаў засталося шмат боепрыпасаў.

Як успамінае ветэран, мін даводзілася здымаць і абясшкоджваць вялікае мноства. Супрацьтанкавыя, супрацьпяхотныя, націскнога і нацяжнога дзеяння, так званыя «расцяжкі» - усё гэта сустракалася вельмі часта. Адступаючыя фашысты мініравалі практычна ўсё - ад аўтамабільных дарог да малых лясных сцежак... І кожная міна ўяўляла небяспеку.

Адна справа – знайсці міну, і зусім іншая - яе абясшкодзіць, - расказвае былы сапёр. - Гэта потым, калі ў нас з'явіліся мінашукальнікі, працэс пайшоў лягчэй, а ўявіце сабе, што адчувае чалавек, у якога з усіх прыстасаванняў адзін толькі шчуп - доўгі завостраны дрот з ручкай.

Самымі страшнымі, як успамінае ветэран, былі выбуховыя прылады нацяжнога дзеяння. Тонкі, ледзь бачны дроцік мог цягнуцца на некалькі метраў, сплятацца ў своеасаблівую павуціну. А асколкі пасля выбуху разляталіся на вялікую адлегласць.

Нямала яго сяброў засталося ў прыбалтыйскіх лясах. Як адзначыў Мацвей Яўціх'евіч, бывала, толькі здзіўляўся вынаходлівасці і хітрасці ворага. Даводзілася здымаць цэлыя камбінацыі - калі пад супрацьтанкавай мінай знаходзілі яшчэ адну, а то і дзве супрацьпяхотных, якія ўзрываліся пасля спробы зняць першую. Так, крок за крокам па мінных палях і праходзіла служба. Там, у Прыбалтыцы, Мацвей Пятручык і сустрэў Перамогу.

Аднак для яго вайна на гэтым не закончылася. Ён выконваў небяспечны абавязак сапёра і на вайне з Японіяй. Фарсіраваў Амур, а капітуляцыю японскай арміі сустрэў у Харбіне. І толькі ў 1946 годзе нарэшце вярнуўся дамоў, у родную вёску Навасёлкі, дзе і пражыў усё жыццё.

Лёс быў шчодры да ветэрана - сёння ў яго ўжо 5 унукаў і 8 праўнукаў, якія дараць Мацвею Яўціх'евічу лепшыя імгненні ў жыцці.

Бялоў, Дз. Крок за крокам – па мінным полі / Дзмітрый Бялоў // Кобрынскі веснік. – 2010. – 8 мая. – С. 3. Мацвей Яўціх’евіч Пятручык з Навасёлак, ветэран Вялікай Айчыннай, прайшоў вайну ў складзе моташтурмавой інжынерна-сапёрнай брыгады.

Популярные материалы



Названия статей

Поиск по сайту

Наши партнеры

Виртуальное путешествие по всему городу Кобрину