Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Медаль за працу і за бой  

Раней, калі працаваў у калгасе, немагчыма было аддацца тэхнічнай творчасці. Адвечнае кола земляробскіх спраў запаўняла кожны дзень. Напэўна, працаваць на зямлі Аляксею Галашку было наканавана лёсам, уласна кажучы, так яно і атрымалася, хоць лінія жыцця магла пайсці іншым рэчышчам.

...I семнаццаці гадоў не было Аляксею, калі ў 1944-м франты Вялікай Айчыннай каціліся на Захад, вызваляючы населеныя пункты, раёны, вобласці і дзяржавы ад фашысцкай навалы. Давялося прайсці дарогамі вайны: шмат кіламетраў пешшу, яшчэ больш - у чыгуначных вагонах. Маладое папаўненне рухалася ўслед за кананадай страшэннай вайны. У Венгрыі, каля возера Балатон, адчулі яе полымя. На шляху ў югаслаўскую Субоціцу трапілі пад бамбёжку, але пашчасціла, страт не панеслі, засталіся жывымі.

У баявых парадках стралковага палка вызвалялі Венгрыю, а доўгачаканую Перамогу Аляксей Галашака сустрэў ужо ў вучэбным танкавым палку. Аднак у родныя Лушчыкі трапіў баец не хутка. Цэлых шэсць гадоў давялося служыць у Грузіі ў артылерыйскім палку. Ён прайшоў вучобу ў школе сяржанцкага саставу, камандаваў аддзяленнем механічнай цягі, за час вайсковай службы стаў механікам-вадзіцелем, потым сам рыхтаваў такіх жа спецыялістаў.

Старшыне артылерыйскай батарэі як вопытнаму ваеннаму спецыялісту, дысцыплінаванаму салдату прапаноўвалі афіцэрскую пасаду, зразумела, і далейшую службу ў кадравай арміі. Але... сніліся родныя Лушчыкі. I ў 1951 годзе ён вяртаецца. Армейская загартоўка, тэхнічны вопыт вельмі спатрэбіліся ў мірным жыцці. Па накіраванню Кобрынскай МТС, куды былы вайсковец уладкаваўся на работу, ён праходзіць у Маларыце падрыхтоўку па спецыяльнасці камбайнёра. Граматнаму тэхнічна хлопцу вучоба давалася легка. Больш таго, улічваючы яго падрыхтоўку, сталасць, запрашалі на выкладчыцкую работу.

Аднак клікала родная ніва. Вопытных спецыялістаў-механізатараў не хапала, і пасля шасцімесячнай вучобы Аляксей шчыраваў ужо за штурвалам камбайна на збожжавых палетках Кобрыншчыны. Так кожны год - летам на жніве, а пасля завяршэння ўборачнай - на рамонце тэхнікі.

Калі МТС была расфарміравана, а тэхніка перададзена гаспадаркам, Аляксей Галашка працуе механізатарам у сваім калгасе - зараз гэта калгас імя Мічурына. На ўсіх сельскагаспадарчых аперацыях хлебароб бездакорна спраўляецца з пастаўленымі задачамі. Асаблівага поспеху дабіваўся на вырошчванні буракоў, дзе ўзначальваў звяно.

За добрасумленную плённую працу ў сельскагаспадарчай вытворчасці Аляксей Аляксандравіч узнагароджаны медалямі «За доблесную працу», «Ветэран працы», ордэнам «Знак Пашаны». Дзяржаўныя адзнакі за працоўныя дасягненні зіхацяць на парадным пінжаку разам з ордэнам Айчыннай вайны IIІ ступені, медалямі, якіх удастоены Аляксей Галашка за вайсковую службу.

Пянко, А. Медаль за працу і за бой / Аляксей Пянко // Кобрынскі веснік. – 2003. – 8 мая. – С. 2. Аб ветэране Вялікай Айчыннай з в. Лушчыкі А. Галашка.

Популярные материалы



Названия статей

Поиск по сайту

Наши партнеры

Познай Кобрин