Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Палымяная памяць

Кожны з нас ведае вогненную, трагічную дату: 22 чэрвеня спаўняецца семдзесят гадоў з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Адразу ж адчулі вогненнае выпрабаванне вайны войскі, якія дыслацыраваліся ў Кобрыне. Падняліся ў неба і гераічна змагаліся лётчыкі 123-га авіяцыйнага знішчальнага палка маёра Сурына. Ужо з чатырох гадзін раніцы, калі стала вядома, што Брэст абстрэльваецца і падвяргаецца бомбавым ударам, палку было дадзена баявое заданне прыкрыць з паветра падыходзячыя да дзяржаўнай мяжы войскі Чырвонай Арміі, гарады Брэст і Кобрын. 3 чатырох гадзін раніцы да 13 гадзін лётчыкі палка, сярод якіх асабліва вызначыліся Жыдаў, Аляксееў, Саўчанка, здейснілі дзесяткі баявых вылетаў і паветраных баёў з праціўнікам. Лётчыкі знаходзіліся ў небе бесперапынна, вярталіся на аэрадром толькі, каб дазаправіцца і папоўніць боекамплект. Сам камандзір Сурын правёў чатыры паветраныя баі, збіў тры нямецкія самалёты, але ў час апошняга бою быў смяротна паранены. У баі каля Жабінкі лейтэнант Рабцаў адным з першых савецкіх лётчыкаў здзейсніў паветраны таран.

Жорсткі бой развярнуўся на поўначы ад Кобрына. Сілы ворага ў шмат разоў перавышалі сілы чырвонаармейцаў. Аднак тут немцы былі спынены байцамі 22-й танкавай дывізіі генерал-маёра Пуганава. І сёння народная памяць з удзячнасцю захоўвае імёны мужных танкістаў, якія ахвяравалі сваім жыццём, трымаючы вогненную абарону пад Кобрынам. Экіпаж Віктара Скварцова на палаючым танку БТ-7 тараніў варожую машыну. Не пакідаючы камандавання, у танкавым баі загінуў і сам Пуганаў.

Карыстаючыся сваёй перавагай у жывой сіле і тэхніцы, вечарам 23 чэрвеня фашысты ўступілі ў горад Кобрын. Пачаўся самы трагічны перыяд за ўсю яго шматвекавую гісторыю... Болей за 12 тысяч кабрынчан загінулі за гады вайны. Восем вёсак раёна разам з жыхарамі былі спалены гітлераўцамі. Нанесены велізарны матэрыяльны ўрон народнай гаспадарцы. Не засталося ніводнай сям’і, якую б ні закранула сваім жорсткім крылом гэтая бязлітасная вайна.

І сёння, калі прайшло ўжо семдзесят гадоў пасля яе пачатку, наша памяць не павінна забываць тых палымяных, гераічных падзей і таго шляху да Перамогі, які разам з іншымі народамі праклаў беларускі народ і нашы землякі-кабрынчане.

Ігар Федаровіч

Федаровіч, І. Палымяная памяць / І. Федаровіч // Кобрынскі веснік. - 2011. - 15 чэрвеня. - С. 4. Кобрыншчына ў першыя дні вайны.

Популярные материалы