Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Ветэран

Святочны пінжак Міхаіла Іванавіча Кліменкі адной рукой утрымаць цяжка - так многа на ім узнагарод. Сярод іх выдзяляюцца размешчаныя побач тры ордэны Чырвонай Зоркі, ордэны Баявога Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені.

Узнагароды гэтага чалавека - адлюстраванне таго нялёгкага шляху, што выпаў на гады яго маладосці, гады Вялікай Айчыннай вайны.

Вайсковы шлях Міхаіла Іванавіча, які аказаўся расцягнутым на дзесяцігоддзі, пачаўся ў 1936 годзе, калі яго, выпускніка школы фабрычна-заводскага навучання, затым памочніка машыніста паравоза ў Жлобінскім дэпо, прызвалі ў армію і накіравалі ў Бранскую школу малодшых авіяцыйных спецыялістаў. Курсантаў датэрмінова выпусцілі і накіравалі ў Маскоўскую ваенную акругу. Але не паспелі хлопцы агледзецца на новым месцы, як вайсковую часць перакінулі ў Прыморскі край. Там малады тэхнік Міхаіл Кліменка некалькі гадоў не толькі рыхтаваў да палётаў самалёты, але і прымаў удзел ва ўзвядзенні службовых і жыллёвых памяшканняў. Час паказаў, што рабілася гэта своечасова - японскія самалёты ўсё часцей і часцей пачалі парушаць паветраныя граніцы Савецкага Саюза, яўна правяраючы нашу моц і вытрымку. Павеяла холадам магчымай вайны. А неўзабаве дайшло і да наземных сутычак.

I вось ашаламляльная навіна: гітлераўцы перайшлі заходнюю граніцу, пачалася вайна. На другі дзень яе ў авіячасць, дзе служыў Міхаіл Кліменка, паступіла каманда: разбіраць самалёты, грузіць у эшалоны і адпраўляць на Захад. I вось яны ўжо ў Саратаўскай вобласці. За кароткі тэрмін сабралі самалёты і неўзабаве апынуліся пад Данецкам, дзе абаранялі паветраныя подступы да горада, у якім ужо ішла эвакуацыя на Усход важнейшых прамысловых аб'ектаў.

Затым у жыцці Міхаіла Іванавіча Кліменкі, як і ў жыцці ўсіх удзельнікаў вайны, якія ўступілі ў яе з першых дзён і тыдняў, былі горыч адступлення (аж да Паўночнага Каўказа) і ўздым сіл і настрою, калі пачалося наступленне. Работы тэхнікам хапала заўжды, але калі пачалося наступленне, сілы людзей быццам падвоіліся.

Старшы тэхнік абслугоўвання, затым старшы тэхнік звяна асабіста абслужыў 512 баявых вылетаў. Гэта значыць, усё праверыў у самалёце ўласнымі рукамі, сам прысутнічаў пры ўзлёце баявых машын, сам з хваляваннем чакаў іх вяртання. 1208 вылетаў было абслужана звяном, а пасля выканання работы ён, як старшы, таксама ўсё яшчэ раз правяраў. А ўсяго за гады вайны яго звяно забяспечыла каля 6000 вылетаў.

Акрамя падрыхтоўкі машын да вылетаў на баявыя заданні, тэхнікам не раз і не два даводзілася начамі прабірацца да збітых у паветраных баях самалётаў, разбіраць на запасныя часткі ці забіраць іх, дастаўляць да месца дыслакацыі знішчальнікаў. I нярэдка ўжо на наступны дзень выпускаць адноўленыя машыны ў бой.

Забіралі і разбіралі не толькі свае, айчынныя самалёты. Міхаілу Іванавічу Кліменку давялося разбіраць і вывозіць з зоны баёў італьянскія і нямецкія самалёты. За «месершміт» навейшага выпуску ён быў удастоены другога ордэна Чырвонай Зоркі. Было гэта ў час жорсткіх баёў на Курскай дузе. Першы ордэн атрымаў за вызваленне Каўказа.

Пасля аперацыі на Курскай дузе знішчальнікі, якія рыхтаваліся Міхаілам Кліменкам і яго звяном, білі акупантаў у небе над Кіевам, Львовам, у Чэхаславакіі, Польшчы і Германіі, у тым ліку і над Берлінам. Хоць афіцыйна вайна закончылася 9 мая 1945 года, знішчальнікі іх палка выляталі на баявыя заданні да 11 мая пад Прагу на ліквідацыю фашысцкай групоўкі, якая не падпарадкавалася загаду аб капітуляцыі.

Ды і пасля поўнага разгрому фашыстаў Міхаіл Іванавіч з авіяцый не развітаўся, служыў у ёй аж да 1960 года. Пабываў у Чэхаславакіі, Венгрыі, Азербайджане, Польшчы. У Кобрыне ён з 1952 года працаваў інжынерам эскадрыллі.

ГІасля звальнення ў запас Міхаіл Іванавіч 28 гадоў адпрацаваў на інструментальным заводзе. Быў кантралёрам АТК, інжынерам па арганізацыі спаборніцтва, кантрольным майстрам, выконваў шматлікія грамадскія даручэнні. I за якую б справу ні браўся, выконваў яе, як і вайсковую, акуратна, дакладна, своечасова. 60 гадоў працоўнага стажу. Згадзіцеся, такое сустракаецца не часта. Таму і слова Ветэран адносна Міхаіла Іванавіча Кліменкі мне хочацца пісаць менавіта з вялікай літары.

Хільчук, М. Ветэран / Марыя Хільчук // Кобрынскі веснік. – 2000. – 6 мая. Пра ветэрана Вялікай Айчыннай Міхаіла Іванавіча Кліменка, авіяцыйнага тэхніка, Кавалера 3-х ордэнаў Чырвонай Зоркі, Баявога Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны 2 ступені.

Популярные материалы



Названия статей

Поиск по сайту

Наши партнеры

Виртуальное путешествие по всему городу Кобрину