Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Абпалены вайной, адораны жыццём

9 Мая - Вялікі дзень для кожнага з тых, чыё жыццё абпаліла Вялікая Айчынная, і асабліва для людзей, што прайшлі праз усё пекла вайны - былых франтавікоў.

Для жыхара в. Бельск Васіля Кірылавіча Архіпюка 9 мая яшчэ і дзень нараджэння. Адбылося гэта ў 1921 годзе на Жытоміршчыне. Адтуль восенню 1940 года Васіль Архіпюк і быў прызваны ў армію. Танкавая часць, дзе былы калгасны трактарыст служыў механікам-вадзіцелем баявой машыны, стаяла за Ковелем і вайну сустрэла ў ліку першых. I, як для ўсіх першых, адразу пачалося горкае і цяжкае адступленне - на Ковель, Луцк, Кіеў. Пад Кіевам апынуліся ў гушчы жорсткіх баёў. Тут Архіпюк і гарэў першы раз у сваім танку...

Са шматлікімі апёкамі трапіў у шпіталь. Пасля выздараўлення накіравалі на перападрыхтоўку і адтуль, на Т-34, - пад Сталінград. Аб тым, што там рабілася, напісана, расказана і паказана шмат. Нешматслоўны Васіль Кірылавіч пракаменціраваў перажытае коратка: «I смерць побач, і адсутнасць прадуктаў, вады. Апошнюю з дазволу камандавання з радыятараў танкаў бралі...». Пад Сталінградам ён гарэў у другі раз, аднак абышоўся без шпіталя. Затым баі пад Масквой, Смаленскам, дзе гарэў у трэці раз, удзел у баях на Курскай дузе. У складзе 3-га Беларускага фронта танкіст Архіпюк на сваёй 34-цы дайшоў да Кенігсберга і ў раёне Куршскай касы пачуў пра Перамогу.

Сёння ветэрану аб жорсткіх баях, выпрабаваннях на адданасць Радзіме, воінскаму абавязку напамінаюць 2 ордэны Вялікай Айчыннай вайны I і II ступеняў, 2 ордэны Чырвонай зоркі, - уручаныя за адвагу і мужнасць у баях пад Сталінградам і Масквой, шматлікія баявыя медалі і стары шлем танкіста, які захоўваецца ў доме Васіля Кірылавіча як сямейная рэліквія.

Каханне

3 Усходняй Прусіі танкавая часць перадыслацыравалася пад Брэст. Неяк танкістаў накіравалі ў лясны масіў пад Чарняны нарыхтоўваць дровы. Там Васіль Архіпюк сустрэў маладую ўдаву франтавіка з вёскі Малінаўка, на руках якой засталося трое малых дзетак. I так спадабалася яму Яўгенія, што не пабаяўся ён абузы ў выглядзе яе дачушак-блізнятак і сына і, дэмабілізаваўшыся ў 1946 годзе ў Кішынёве, куды на той час была пераведзена часць, прыехаў у Малінаўку. Былому франтавіку прапанавалі работу, на той час даволі небяспечную: спачатку - сакратаром, а затым і старшынёй Навасёлкаўскага сельсавета. А ў 1952 Васіля Кірылавіча Архіпюка выбралі старшынёй калгаса ў Бельску. Кіраваў ён нядрэнна, аб чым сведчыць нават толькі адзін факт: на трэцім годзе сумеснага гаспадарання тут выдалі калгаснікам па 3 кілаграмы збожжа на працадзень, у той час як у суседніх вёсках людзям дасталіся толькі «палачкі» у сшытках... Але такое «самавольства» не спадабалася вышэйшаму кіраўніцтву, якое і прыняло рашэнне аб вызваленні непаслухмянага старшыні з пасады. Аднак у вяскоўцаў была іншая думка. Давялося Васілю Кірылавічу пераконваць сялян, што з начальствам лепей не спрачацца.

Потым ён працаваў намеснікам старшыні калгаса, на розных іншых патрэбных у гаспадарцы работах. І, выйшаўшы на пенсію, дома не сядзеў. Апошнія тры гады займаецца толькі хатняй гаспадаркай, аднак па-ранейшаму ў курсе ўсіх калгасных і вясковых спраў.

Бацька

Сваіх уласных дзяцей Васіль Кірылавіч не мае. Сакрэта ён з гэтага не робіць. - Я рос у сям’і, дзе дзеці былі ад розных бацькоў. Нялёгка і няпроста і бацькам, і дзецям у такіх умовах захоўваць адносіны ў сям'і, каб усе былі задаволеныя. Вось і вырашылі мы з Яўгеніяй Пракопаўнай, што трэба гэтых трох у людзі вывесці.

Мяркуючы па тым, што дзеці называлі і называюць цяпер Васіля Кірылавіча татам, а ўнукі - дзедам, ён стаў ім сапраўдным бацькам і дзедам. I выраслі дзеці людзьмі стараннымі, працавітымі, добрымі. Сын жыве далёка, а дочкі-блізнючкі - у роднай вёсцы. Ніна - Ніна Антонаўна Лабай - адна з лепшых загадчыц комплексных прыёмных пунктаў камбіната бытавога абслугоўвання. Галя - Галіна Антонаўна Заруба - таксама працавала ў бытоўцы, у пральні самаабслугоўвання. Нядаўна сёстры сталі пенсіянеркамі. Муж Ніны і сыны сталі электрыкамі. Сыны Галіны, зяць і муж - святары ў вёсках Оса, Верхалессе, Чарняны, Дарапеевічы, нясуць слова Божае вяскоўцам.
I, напэўна, 9 мая яны збяруцца ўсе ў сціплай кватэры на краю вёскі Бельск, каб павіншаваць бацьку і дзеда са святам Перамогі і днём нараджэння.

Хільчук, М. Абпалены вайной, адораны жыццём / Марыя Хільчук // Кобрынскі веснік. – 1998. – 8 мая. – С. 2. Ветэран вайны Васіль Кірылавіч Архіпюк з Бельска, танкіст, які ваяваў пад Кіевам, Масквой, Сталінградам, на Курскай дузе і мае 4 ордэны за адвагу і мужнасць…

Популярные материалы


Комментарии


Названия статей

Поиск по сайту

Наши партнеры

Центр-Тур, Туризм, Путешествие, Кобрин, Беларусь