Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Дняпроўска-Бугскі рубеж. Як гэта было?

На пачатку 1944 г. значная частка паўночнай Украіны была вызвалена ад нямецкіх акупантаў. Распачаліся крывавыя баі за важны чыгуначны вузел — горад Ковель. Лінія фронту прайшла непадалёк ад паўднёвых межаў Брэсцкай і Пінскай абласцей Беларусі, што значна паўплывала на становішча партызанскіх атрадаў і брыгад, якія базіраваліся за Дняпроўска-Бугскім каналам і апынуліся ў зоне дзеяння 2-й нямецкай арміі пад камандаваннем генерал-палкоўніка Вальтара Вейса. Такая сітуацыя патрабавала ад яго перагрупоўкі сіл, узмацнення гарнізонаў, размешчаных уздоўж найважнейшых шашэйных дарог і чыгунак, а таксама стварэння ліній абароны на новых рубяжах.

У лютым 1944 года ў вёсцы Сварынь—цэнтры партызанскай зоны (тэрыторыя сённяшняга Драгічынскага раёна) — у эвакашпіталі знаходзілася больш як 60 цяжкапараненых і хворых партызан. Да ўсяго вёскі Сварынь, Гаравіца і навакольныя сялянскія хутары былі перапоўненыя мірнымі жыхарамі, якія хаваліся тут ад ворага. А ў партызан адсутнічалі боепрыпасы, закончыліся і старыя снарады, бомбы, з якіх выплаўлялі траціл для правядзення дыверсій. Таму немцы амаль без перашкод карысталіся чыгункамі Брэст — Масква, Брэст — Ковель, Жабінка — Пінск, перавозкі па якіх неабходна было тэрмінова спыніць.

На пачатку лютага камандзір паўднёвай зоны партызан Брэсцкай вобласці маёр Пётр Кавальскі атрымаў звесткі пра тое, што ў раёне станцыі Рафалоўка лінія фронту мае “вароты”, праз якія можна лёгка прайсці на вызваленую ад акупантаў тэрыторыю. Для правядзення разведкі Кавальскі сабраў групу партызан на чале з намеснікам камандзіра атрада імя Шчорса Мікалаем Ваганавым, якому была пастаўлена канкрэтная задача: знайсці месца праходу праз лінію фронту і ўстанавіць кантакт з часцямі Чырвонай Арміі. 2 лютага 60 народных мсціўцаў выйшлі на заданне. Становішча заставалася напружаным. Больш як 30 тысяч мірных жыхароў, якія сабраліся ў наваколлях Сварыні, скоўвалі дзеянні партызан. Людзей неабходна было тэрмінова адправіць за лінію фронту. З-за пастаянных бамбёжак самалёты на аэрадром каля Сварыні больш не садзіліся, і таму немагчыма было нават вывезці параненых і хворых.

14 лютага па атрадах і брыгадах разнеслася радасная вестка: група разведчыкаў вярнулася і прывезла каля пяці тон узрыўчаткі, шмат зброі і боепрыпасаў. Ваганаў далажыў камандаванню Паўднёвай партызанскай зоны, што прайсці праз лінію фронту ў раёне Рафалоўкі цалкам магчыма. Марудзіць было нельга, бо немцы ў кожны момант маглі зачыніць выратавальныя вароты.

Разам з групай Ваганава прыбылі і вайсковыя разведчыкі 77-га стралковага корпуса, перад якімі я павінен наладзіць сувязь з партызанамі і брэсцкага злучэння і сабраць разведзвесткі пра дыслакацыю ворага ў раёне Пінска, Кобрына і Брэста.

19 лютага адправілі наступны абоз, які суправаджалі 300 партызан на чале з Ваганавым. З імі выступілі і вайсковыя разведчыкі. Праз некаторы час даведаліся, што абоз удала перасёк лінію фронту. Пачалі рыхтаваць наступны. Тым часам значныя сілы ворага сканцэнтраваліся ў гарнізонах уздоўж чыгункі Брэст-Лунінец: немцы планавалі аперацыю па выцясненні партызан з-за Дняпроўска-Бугскага канала.

У ноч з 20 на 21 лютага Кавальскі атрымаў данясенне ад камандзіра атрада імя М. Шыша Мікалая Папова, што праціўнік наступае на партызанскую зону каля вёсак Зарэчка і Ляхавічы. Яго партызаны ўступілі ў бой, але ўтрымаць занятыя пазіцыі без падтрымкі было вельмі цяжка. У тую ж ноч на дапамогу атраду імя М. Шыша прыйшлі партызаны брыгады імя Сталіна, атрадаў імя Шчорса і Катоўскага і польскай брыгады імя Т. Касцюшкі Немцы змаглі пераправіцца праз канал і замацавацца па паўднёвым яго беразе каля Ляхавіч і Зарэчкі Партызаны атрадаў імя Шчорса, Катоўскага, Бажэнкі, брыгады імя Молатава і Т. Касцюшкі распачалі баі супраць ворага на ўчастку ад Белаазёрскага канала да шляху на Янаў — Любяшоў. Добра, што яшчэ ўлетку народныя мсціўцы з акопамі на поўны рост і умацавалі іх дзотамі.

Адначасова немцы пайшлі ў наступленне каля вёсак Белянок, Журавок, дзе змагаліся атрады імя Калініна і Суворава. Адчуўшы абарону партызан, праціўнік спыніўся і пачаў чакаць вынікаў разведкі. Нямецкае камандаванне думала, што часці Чырвонай Арміі выйшлі ўжо да Дняпроўска-Бугскага канала. Пачалі чакаць. У гэты час адбываліся толькі дробныя сутычкі з ворагам. Партызанская ж разведка пасля допыту палонных устанавіла, што немцы кінулі супраць іх 8-ю мадзьярскую дывізію, нямецкую кавалерыйскую брыгаду “Мітэ” і асобны полк “уласаўцаў”.

27 лютага ў штаб Паўднёвай зоны паступіла данясенне ад камандзіра брыгады імя Молатава Міхаіла Герасімава пра тое, што Пінская брыгада (камандзір I. Шубітыдзэ) адышла без дазволу са свайго раёна дыслакацыі ў напрамку мястэчка Любяшова і тым самым адкрыла правы фланг абароны яго брыгады. У выніку тракт Янаў — Любяшоў апынуўся цалкам пад кантролем праціўніка, ажно да ракі Прыпяць. У сувязі з гэтым Герасімаў прапануе Кавальскаму, каб астатнія сілы партызан адышлі на паўднёвы бераг Прыпяці і тым самым пазбеглі прамых сутыкненняў з нямецкай брыгадай Мітэ”.

Асцерагаючыся адыходу брыгады Герасімава, Кавальскі далажыў Цэнтральнаму штабу партызанскага руху пра крытычнае становішча. У адказ прыйшоў загад за подпісам Ганенкі: іншым партызанам Паўднёвай зоны перайсці ў поўнае падпарадкаванне Кавальскаму, якому даручаецца кіраўніцтва абаронай партызанскай зоны.

Да гэтага часу часці Чырвонай Арміі ўжо занялі Любяшоў, а яе перадавыя падраздзяленні выйшлі ў раён вёсак Гаравіца і Радастава. У гэтай сітуацыі Кавальскаму неабходна было любой цаной затрымаць праціўніка, таму ён загадаў брыгадзе імя Языковіча, якая прыйшла з усходу, і палякам Сатаноўскага, якія знаходзіліся непадалёку ад Сварыні, заняць абарону ўздоўж тракту Янаў-Любяшоў і закрыць правы фланг абароны.

У канцы лютага значна ўскладнілася становішча ў раёне Кобрына і Гарадца. Пры падтрымцы артылерыі і бранятэхнікі немцы адцяснілі атрад імя Катоўскага з-пад вёсак Вялікія Балоты, Малы і Вялікі Рудзец, а самі вёскі спалілі. Іх жыхары знайшлі часовы паратунак у вёсцы Павіць, а партызаны адышлі ў Сварынь.

Пры падтрымцы партызан перадавыя часці 70-й арміі пераправіліся праз Прыпяць каля вёскі Невір і занялі абарону на паўночны захад ад мястэчка Дзівін. З гэтага плацдарма стала магчымым перарэзаць чыгункі Брэст — Масква, Жабінка - Лунінец і Брэст - Ковель. Асцерагаючыся гэтага, немцы перагрупавалі сілы і паспрабавалі выцесніць з дапамогаю механізаваных часцей батальёны 160-й дывізіі і партызан за Прыпяць і тым самым выраўняць лінію фронту. Пад іх ударамі атрады імя Фрунзэ і Чарнака адышлі да Дзінай Арміі, занялі абарону. Пачалося змаганне.

Агульнае становішча ў сярэдзіне сакавіка становіцца вельмі цяжкім. Бесперапынныя баі прывялі да недахопу боепрыпасаў у партызан. А тут яшчэ ад партызанскай разведкі паступілі звесткі, што на станцыі Драгічына выгрузілася сем, а на станцыі Янаў-Палескі дзесяць эшалонаў рэгулярных войскаў праціўніка з танкамі і артылерыяй і хутка рушылі ў паўднёвым напрамку. Пачалося новае наступленне на ўчастку ад Белаазёрскага канала да тракта Янаў — Любяшоў сіламі 211-й матарызаванай дывізіі, 5-й егерскай дывізіі, брыгады “Мітэ” і асобным палком “уласаўцаў”. Пра крытычнае становішча партызан Кавальскі неадкладна далажыў камандзіру 160-й стралковай дывізіі генералу Зараку-Заракоўскаму і папрасіў у яго дапамогі папярэдзіўшы, што ў выпадку адыходу партызан у акружэнне патрапяць батальёны.

26 сакавіка пасля артпадрыхтоўкі вораг узнавіў наступленне каля Зарэчкі і ўздоўж Белаазёрскага канала. Адначасова былі атакаваны пазіцыі атрада імя Лазо каля вёскі Журавок. Раніцай 27 сакавіка нямецкія егеры паспрабавалі захапіць на поўдзень ад Зарэчкі вышыню 144. Партызаны не змаглі ўтрымаць пазіцыі і пачалі адступаць. На працягу гэтага дня немцы ўклініліся ў іх абарону ажно на чатыры кіламетры. Кавальскі зразумеў, што партызаны не змогуць утрымаць Сварынь, і аддаў загад эвакуіраваць усе тылавыя падраздзяленні ў бок вёскі Вялікая Глуша, на ўкраінскую тэрыторыю. У тым напрамку і пацягнуліся па залітых вясенняй паводкай дарогах шматлікія абозы мірных жыхароў і партызан.

26 — 27 сакавіка ўскладнілася становішча і на правым флангу абароны. Праціўнік наступаў уздоўж грунтавой дарогі Адрыжын - Горкі - Мукашын. Брыгада імя Языковіча ўжо два дні пад артабстрэлам утрымлівала свае пазіцыі, але немцы націскалі. У ноч з 26 на 27 сакавіка Кавальскі, каб удакладніць абстаноўку, выехаў на перадавую ў размяшчэнне атрадаў імя М. Шыша і Шчорса. Разабраўшыся ў сітуацыі, загадаў пачаць арганізаваны адыход да пераправы, якая была каля вёскі Невір, а сам са штабам перамясціўся ў Ветлы. Адзін толькі камандзір польскай брыгады Роберт Сатаноўскі заявіў, што за лінію фронту сваіх партызан не павядзе, а рушыць у Польшчу, таму павёў брыгаду ў процілеглым напрамку. Партызаны, развітваючыся з палякамі, аддавалі ім боепрыпасы і харчы. Праз некалькі тыдняў польскія змагары трапілі ў акружэнне каля возера Свіцязь.

Недахопам кіравання абаронай партызан была поўная адсутнасць тэлефоннай і радыёсувязі, якая ажыццяўлялася толькі з дапамогай конных пасланцоў, таму данясенні і загады дастаўляліся са спазненнем. Становішча мянялася кожную гадзіну. У Кавальскага атрымалася толькі на гадзіну ўсталяваць тэлефонную сувязь са штабам 160-й дывізіі, у якой ён папрасіў дапамогі, але так яе і не дачакаўся, атолькі атрымаў загад трымацца любой цаной і не здаваць немцам пераправу каля Невіра. Савецкія часці такім чынам маглі адысці з-пад Дзівіна і Макран.

Камбрыгі Міхаіл Герасімаў і Васіль Вялігін далажылі савецкаму камандаванню, што пад націскам пераўзыходзячых сіл немцаў, пад ударамі артылерыі і авіяцыі вымушаныя адыходзіць да Ветлаў, дзе пачаўся вулічны бой. Рэзка пагоршыўся стан надвор’я. Адліга змянілася марозам і снегападам. Байцы, мокрыя і галодныя, пачалі замярзаць. Іх трэба было тэрмінова абагрэць і абсушыць. У гэтым становішчы Кавальскі вырашае заняць абарону на вышынях з захаду ад Ветлаў і ўтрымліваць пераправу цераз Прыпяць.

Раніцай 29 сакавіка немцы пасля артпадрыхтоўкі пайшлі ў наступленне. Партызанскія брыгады вымушаныя былі пакінуць пазіцыі і адступіць у лес на усход ад Невіра. У жорскім баі атрымаў цяжкае раненне Мікалай Ваганаў Камандзір 160-й дывізіі падпалкоўнік Гарабец загадаў партызанам утрымліваць гэты рубеж, наколькі магчыма. На дапамогу партызанам ён накіраваў стражовы ўзвод, байцы якога мужна змагаліся на правым флангу і не адышлі, нягледзячы на вялікія страты. Пад вечар 30 сакавіка немцы ўварваліся ў Невір і занялі пераправу цераз Прыпяць. Але партызаны, мірныя жыхары і часці дывізіі, якія адыходзілі з-пад Макран і Дзівіна, паспелі пераправіцца на паўднёвы бераг ракі. Акружэння і знішчэння ўдалося пазбегнуць.

Захапіўшы пераправу, немцы адрэзалі адыход за Прыпяць атрадам імя Шчорса, Катоўскага, Чэрнака і батальёну савецкіх салдат, якія заставаліся каля Сварыні і Радастава.

Так 30 сакавіка 1944 года скончылася знакамітая 37-я абарона Дняпроўска-Бугскага канала, якая ўвайшла ў гісторыю партызанскага руху Беларусі. Падчас яе народныя мсціўцы абаранялі рубеж, які працягнуўся амаль на 60 кіламетраў, прыкрываючы правы фланг 70-й арміі, і далі магчымасць яе палкам адысці з-пад Дзівіна і Макран, каб замацавацца на паўднёвым беразе Прыпяці. Тым самым партызаны дапамаглі пазбегнуць акружэння і разгрому адарваным ад асноўных часцей.

Гранік, С. Дняпроўска-Бугскі рубеж. Як гэта было? / Сяргей Гранік // Літаратура і мастацтва. – 2012. - 22 чэрвеня (№25). - С. 23. З архіваў Драгічынскага Ваенна-гістарычнага музея – 1944 на Кобрыншчыне..

Популярные материалы


Комментарии


Названия статей

Поиск по сайту

Наши партнеры

Центр-Тур, Туризм, Путешествие, Кобрин, Беларусь