Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Праз тры тыдні акупацыі

Кажуць, час лечыць усё. Як і мільёны людзей, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны страцілі сваіх родных, не можа з гэтым пагадзіцца і жыхарка в. Тэўлі, былая медсястра, а цяпер пенсіянерка Ніна Пракопаўна Каляда. Падзеі 14 ліпеня 1941 года да гэтага часу моцным болем адгукаюцца у яе сэрцы і памяці...

Была ціхая сонечная раніца. Новыя «гаспадары» далі каманду ўсім вясковым мужчынам выйсці на работу на чыгунку. Апоўдні адпусцілі на абед. Пракоп Ефімук толькі збіраўся прылегчы адпачыць некалькі хвілін, як у дом зайшоў Сямён Быцко з суседняй вёскі Залессе і паведаміў, што прыехала шмат немцаў. Гэта не магло не устрывожыць. У Тэўлях было шмат актывістаў, былых членаў КПЗБ, камсамольцаў...

Як сведчаць архіўныя дакументы, што беражна захоўвае Ніна Пракопаўна, яе бацька быў не толькі членам КПЗБ, але і Кобрынскага раённага камітэта партыі, за падпольную дзейнасць Пінскім акружным судом панскай Польшчы прыгаворваўся да двух гадоў зняволення, якое адбываў у Пінскай і Седліцкай турмах. Членам КПЗБ быў і Сямён Быцко. Не утойваў сваіх поглядаў Юльян Мартысь, якога пасля ўстанаўлення савецкай улады абралі старшынёй сельсавета. І многія іншыя людзі ў 1939 годзе сустракалі Чырвоную Армію з кветкамі і абдымкамі. А сям’я Ефімукоў была вядома яшчэ і тым, што малодшы брат Пракопа, Міхаіл, з’яўляўся сакратаром камсамольскай арганізацыі.

Пасля паведамлення аб немцах Міша кінуўся ў хлеў, каб схаваць камсамольскія дакументы. Калі выйшаў адтуль, гітлераўцы былі ўжо каля дзвярэй дома. Двух братоў і Сямёна павялі на лугавіну за чыгункай, дзе знаходзіліся іншыя вяскоўцы - мужчыны і жанчыны.

Ніна Пракопаўна памятае, як праз нейкі час з боку лугавіны раздаліся стрэлы, брэх сабак, а потым паказаліся вяскоўцы, у асноўным жанчыны, за якімі гналія немцы з аўчаркамі. Тады ж і прынеслі цела Мішы...

Гітлераўцы прыехалі ў вёску невыпадкова. Хтосьці паведаміў ім аб актывістах і камсамольцах і нават запісаў прозвішчы. Сабраных на лузе мужчын сталі выклікаць па прозвшчах. Міхаіл Ефімук на сваё не адазваўся. Адзін з вяскоўцаў прамовіу:

- Чаго маўчыш? Гэта ж цябе выклікаюць.

Міхаіл пачаў паднімацца, і тут жа раздаўся стрэл... Відавочна, каб не зацягваць часу, немцы загадалі аднаму з прысутных: паказвай, хто камуніст. Той пачаў тыкаць пальцам на усіх падрад. Хутчэй за ўсё, у тым спісе з улікам забітага Міхаіла было 16 чалавек, бо ў машыну яны загналі 15. Сярод іх была і Агрыпіна Бойка з сынам-камсамольцам.

А потым настала чарга яўрэяў. На луг прыгналі 12 мужчын і таксама пагрузтілі ў машыну. Іх лёс стаў вядомы на наступную раніцу: жыхары з хутара ля вескі Лягаты паведамілі, што тэвельскіх расстралялі на аэрадроме. I месца паказалі - свежавыкапаны роў, у якім пад тонкім слоем зямлі ляжалі забітыя. Жанчыны, якія ў адно імгненне засталіся ўдовамі, пабеглі да гэтага месца. Маці Ніны Пракопаўны прынесла дамоў кавалачак адзення мужа...

Беды жанчын сям`і Ефімукоў працягваліся. Бабуля Марыя Іосіфаўна, якая у адзін дзень страціла абодвух сыноў, ад гора аслепла. Праз паўгода пасля трагедыі «сяброўцы» немцаў спадабалася іх хата. Добра, што сусед злітаваўся, пусціў у сваю.
Хутчэй за ўсё, у тым спісе значыўся і Якаў Мазур, які не скрываў сваіх поглядаў, па характару быў чалавек прамы. Як лічыць яго сын Яраслаў, што жыве ў Кобрыне, ім пашанцавала. Раніцай таго дня яны ўдвух адправіліся касіць сена. Ужо збіраліся ісці ў вёску на абед, як заўважылі немцаў і пачулі стрэлы. Вырашылі пачакаць, не спяшацца...

Страта родных людзей - вялікае гора для кожнага чалавека. А калі не ведаеш, дзе іх апошні прытулак, куды можна прыйсці паплакаць, запаліць свечку, пакласці кветкі - гора становіцца яшчэ большым.

Ніна Пракопаўна Каляда, як і родныя іншых расстраляных 14 ліпеня 1941 года, дакладна не ведае, дзе пахаваны іх астанкі. Была інфармацыя, быццам бы пасля вайны перанеслі ў раён шлюза ў Кобрыне. Хутчэй за ўсё, на ўвазе маецца брацкая магіла ля Пінскага моста, дзе знайшлі апошні прытулак людзі розных нацыянальнасцей, веравызнанняў, мужчыны і жанчыны, дзеці і дарослыя, аб’яднаныя адным лёсам - ахвяры гітлераўскіх катаў.

Марыя Хільчук

Хільчук, М. Праз тры тыдні акупацыі / Марыя Хільчук // Кобрынскі веснік. – 2005. – 7 мая. Аб зверствах фашыстаў у першыя дні вайны на тэрыторыі в.Тэўлі.

Популярные материалы