Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

На лініі перадавой

Пасля снегападу веска Каташы выглядала казачна прыгожа. Ціхая раніца пачынала размераны сялянскі дзень. Спяшаліся мы сюды на сустрэчу з Васілём Батуліным. Заадно захапілі ў дарогу і прыз за перамогу ў конкурсе чытачоў ад газеты «Кобрынскі веснік» для Галіны Плескацэвіч, якая жыве тут. Аднак дом яе быў зачынены.

Ды ў Васіля Нічыпаравіча высветлілася, што гэта яго дачка, занята на ферме. Праз нейкі час завітала да бацькоў і яна. Выканаўшы прыемную місію, «выйшлі» на незабыўную для беларусаў ваенную тэму. Ветэран добра памятае, падрабязна апавядае пра падзеі мінулага.

У гэтай шчырай споведзі дакладна акрэсліваюцца жывыя дэталі даваеннага часу, ваеннага ліхалецця, наступных дзесяцігоддзяў. Галоўную скрыпку ў сям’і Батуліных «іграў» Нічыпар. У поўным сэнсе гэтага слова. Выдатным быў працаўніком і музыкай. Бацька іграў на скрыпцы, а сыны Сцяпан - на гармоні, Васіль - на балалайцы, а самы малодшы Мікалай - на бубне. Славіўся на Кобрыншчыне аркестр Батуліных...

Гарматы фашысцкіх захопнікаў заглушылі жывую музыку жыцця. Акупацыйны рэжым дзейнічаў нахабна і жорстка, ігнараваў інтарэсы насельніцтва занятай тэрыторыі. Узнікненне партызанскіх атрадаў, іх актыўнасць прыцягвалі туды моладзь. У верасні 1943 года ў атрад імя Фрунзе Брэсцкага злучэння былі залічаны Сцяпан і Васіль Батуліны, што не засталося без увагі паслугачоў фюрэра. Нічыпар з сынам Мікалаем былі арыштаваны і загінулі ў фашысцкім засценку вясной 1944 года.

...Баявая загартоўка, якую прайшлі ў партызанах браты, вельмі спатрэбілася на фронце, дзе іх шляхі-дарогі разышліся. Сцяпан трапіў у артылерыю, дайшоў да Берліна, а Васіль ваяваў у пяхоце. 3 кулямётам «максім» вызваляў Столін, Пінск, родную Кобрыншчыну.

Пасля вызвалення вёскі Грушава фашысты аказалі нашым вайскам моцнае супраціўленне. Каля Гарадца яны мелі добрыя ўмацаванні. Адкрытая, прыстраляная прастора ўскладняла баявыя дзеянні. Наступаючыя парадкі савецкіх салдат неслі страты. Асабліва стрымліваў іх варожы кулямёт. Васіль Батулін дакладна вызначыў, адкуль б’е фрыц. Выкаціўшы свой кулямёт на ўзвышша дарогі, баец трапнай чаргой нейтралізаваў агнявую кропку.

Імкліва рушылі далей, наперад. Але праціўнік не здаваўся. Выстралам з гарматы прамой наводкай быў забіты напарнік Батуліна. Да разрыву другога снарада Васіль паспеў залегчы. Гэта і выратавала жыццё, але асколкі моцна пасеклі руку і нагу. Больш як дзесяць месяцаў загойваў баец раны ў шпітапі ў Варонежскай вобласці. Аднак асколкі з нагі хірургі даставалі яшчэ і ў мірны, пасляваенны час.

Інвалід вайны Васіль Батулін працаваў пасля вайны паштальёнам, палявым сторажам, лесніком, рэчышчавым рэманцёрам, загадваў складам. Умела і дбайна выконваў свае абавязкі. Плённа працаваў у сельскай гаспадарцы і Сцяпан Батулін. За поспехі быў узнагароджаны ордэнам Леніна.

3 сям’і Нічыпара Батуліна Васіль застаўся адзін. Жыве; з жонкай Надзеяй. Вядома, даюць аб сабе знаць раны, ды і ўзрост з рахунку не скінеш. Але ветэран не страчвае аптымізму, наведваюць яго і дочкі. Як святую сямейную рэліквію захоўвае ён гармонь.

Пянко, А. На лініі перадавой / Аляксей Пянко // Кобрынскі веснік. – 2004. – 20 сакавіка. У час вайны ветэран В. Батулін вызваляў родную Кобрыншчыну.

Популярные материалы



Названия статей

Поиск по сайту

Наши партнеры

Познай Кобрин