Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

З гiсторыi кобрынскiх касцёлаў

Вёска Гарадзец. Касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыi пабудаваны ў 1633 годзе з дрэва на грошы польскага караля i вялiкага князя лiтоўскага Уладзiслава IV Вазы. Адноўлены ў 1723 годзе. А ў 1865 годзе на месцы драўлянай пабудовы паставiлi муры.

Не прайшло i года, як царская ўлада забрала касцёл пад праваслаўную царкву (прычына была вядомая: паўстанне супраць цара пад кiраўнiцтвам ураджэнца Кобрыншчыны Рамуальда Траyгута, былога генерала расiйскай армii). Трэба дадаць, што царскi ўрад пасля далучэння нашых зямель да Расii (1795) даваў грошы толькi на пабудову праваслаўных храмаў, таму католiкi будавалi свае храмы выключна на ахвяраваннi.

Касцёл перабудавалi. Так ён i служыў праваслаўным да 1918 года. У 1918 годзе ў час безуладдзя католiкi вярнулi касцёл сабе. Крыху яго перабудавалi, а калi ў 1921 годзе Польшча атрымала незалежнасць, вядомая палеская пiсьменнiца Марыя Радзевiч, якая жыла ў суседнiм сяле Грушава, на свае грошы заказала вялiзны звон для касцёла. Удзячныя католiкi надалi звану iмя – «Марыя».

Дарэчы, цiкавая далейшая гiсторыя звана. Перажыў ён i падзеi 1939 года, i фашысцкую навалу. А ў 1950-я яго скiнулi са званiцы. Завалаклi ў школьны падвал. Там ён праваляўся да 1970-х, пакуль па вусным распараджэннi начальства яго не забраў загадчык РАНА (я знайшла гэтага чалавека. Спачатку ён пацвердзiў гэтую гiсторыю, а затым пачаў прыкiдвацца, што нiчога не ведае i не памятае).

Няма сёння ў Гарадцы касцёла. У 1950-я мясцовы калгас выкарыстоўваў пабудову пад сховiшча збажыны, затым – мiнеральных угнаенняў. А пасля да храма прыладзiлi пабудоўку для школы-iнтэрната. Цяпер там дзiцячы садок. А ў адным з пакояў – школьны музей.

Вёска Камень (да 1940 года Камень-Каралеўскi). Першае пiсьмовае ўпамiнанне пра пасяленне адносiцца да 1563 года. Калi там быў пабудаваны першы касцёл, гiсторыя маўчыць. Але вядома, што ў 1866 годзе яго забралi пад праваслаўную царкву. У 1873 годзе да будынка дадалi званiцу.

Пры якiх абставiнах знiкла гэтая царква – таксама невядома. Пабудова была з дрэва. Не выключаецца i пажар, i струхлеласць. Але тое, што новы касцёл у Каменi пачалi будаваць у жнiўнi 1901 года, вядома дакументальна. Ды пра яго таксама мала хто штосьцi ведае. Мабыць, i ён згарэў у вiхуры Першай сусветнай вайны.

Вёска Дзiвiн – некалi мястэчка, якое мела магдэбурскае права (з 1642 года). У гэты час там пражывала амаль тысяча насельнiкаў. Былi там дзве праваслаўныя царквы. А ў 1682 годзе ўпамiнаецца ўжо i касцёл. Вiдаць, ён, як i большасць храмаў таго часу, быў збудаваны з дрэва. I, вiдаць, не адзiн раз рамантаваўся i перабудоўваўся.

На пачатак XX стагоддзя касцёл у Дзiвiне знаходзiўся ў цэнтры сяла i быў мураваны. У пачатку 1960-х яго закрылi i амаль да 1990-х там быў мясцовы клуб (гэта помню i я). I зусiм нядаўна на гэтым месцы абшчына евангельскiх хрысцiян-баптыстаў пабудавала малiтоўны дом.

Вёска Кiвацiчы. У 1610 годзе на сродкi Мiкалая i Соф'i Пацаў (тагачасная мясцовая шляхта) быў пабудаваны драўляны касцёл Пятра i Паўла. Яго не раз рамантавалi i перабудоўвалi. А ўлетку 1798 года здарылася няшчасце: касцёл згарэў ад маланкi.

I толькi ў 1845 годзе ў вёсцы ля дарогi на Жабiнку, каля маёнтка Ласковiчаў, збудавалi новы мураваны касцёл. У 1897 годзе будынак быў у добрым стане. Тады ж паставiлi там i званiцу з цэглы. Званiца стаiць i сёння. А касцёл знiк падчас Другой сусветнай i больш не адналяўся.

Вёска Буховiчы. У 1674 годзе непадалёку ад вёскi пабудаваны цагляны дамiнiканскi касцёл-манастыр (дамiнiканцы – жабрацкi каталiцкi ордэн, якi быў створаны для барацьбы з ерэтычным рухам. На Беларусь прыйшоў з Польшчы). Была там i пякарня.

Але ў 1831 годзе ўспыхвае паўстанне супраць царызму. Паўстанне было задушана рэгулярным царcкiм войскам. Манахаў разагналi, пабудовы, акрамя касцёла, зруйнавалi. А касцёл перадалi пад праваслаўную Свята-Пакроўскую царкву (касцёл быў пабудаваны ў гонар Успення Найсвяцейшай Дзевы Марыi).

Царкву (са званiцай, вежай) дабудоўвалi на грошы мужа i жонкi Пухальскiх. Дарэчы, царква гэта нiколi не закрывалася. Дзейнiчае i сёння. А пра касцёл, бадай, нiхто i нiчoгa не ведае.

Вёска Лелiкава. Паселiшча ўпамiнаецца з 1546 года. З 1795 года ў складзе Расiйскай iмперыi, у Ковельскiм павеце. У больш познi час, у 1883 годзе, ужо Лелiкаўская воласць, уладанне шляхцiчаў Быкоўскiх.

У гэты час упамiнаецца i каталiцкая каплiца (каплiца – культавае збудаванне, якое не мае асобнага памяшкання для алтара. Магнаты будавалi iх для малiтваў i пахаванняў. Часта пры сваiх сядзiбах цi на могiлках. Пабудовы былi часцей драўляныя, невялiкiя, са скульптурамi святых). Болей пра каплiцу ўспамiнаў няма. Вiдаць, струхнела i больш не аднаўлялася.

Пра каталiцкiя каплiцы канца XIX - пачатку XX стагоддзяў ёсць пiсьмовыя звесткi:
– у вёсцы Iлаўск. Каплiца Святога Казiмiра. Драўляная. Напэўна, была каплiца ўладальнiка гэтых зямель магната Казiмiра Шэмiёна;
– вёскi Астромiчы i Паляцiчы. Мураваныя каплiцы стаялi пры дарозе. Абедзве не мелi выразнай архiтэктурна-стылёвай трактоўкi. Знiклi непрыкметна. Калi – невядома;
– у пачатку мiнулага стагоддзя разбурана i каплiца ля кобрынскага касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыi. Фундаваў яе пабудову былы паўстанец 1863 года з вёскi Андронава Юзэфат Андраноўскi, за ўдзел у паўстаннi сасланы ў Сiбiр.

Пра касцёл у Кобрыне сведчаць дакументы 1513 года. Па адных звестках, будаўнiцтва касцёла фундаваў кароль польскi i вялiкi князь лiтоўскi Жыгiмонт, па iншых – княгiня Ганна Кобрынская-Касцюкевiч, жонка каралеўскага маршалка. Гэта быў драўляны рымска-каталiцкi касцёл iмя Успення Прасвятой Багародзiцы. Стаяў непадалёк ад рынкавай плошчы (цяпер на гэтай плошчы швейная фабрыка). Ёсць звесткi пра каталiцкi касцёл на Пiнскай вулiцы ў запiсках Сапегi 1563 года. У 1801 годзе ўпамiнаецца пра два касцёлы ў Кобрыне.

Вядома, што драўляныя пабудовы рамантавалiся i перабудоўвалiся. Але пасля пажару 1812 года (бой з войскам Напалеона) касцёл, што быў каля рынку, мог згарэць i больш не аднаўляцца. У 1858 годзе на беларускiм Палессi пабываў вядомы рускi пiсьменнiк-журналiст Шпiлеўскi, якi пакiнуў цiкавыя звесткi пра Кобрын: «...в библиотеке Кобринского духовного училища я случайно нашёл редкие фолианты на латинском, немецком и польском языках, перевезенные из знаменитой некогда библиотеки Брестской базилианской семинарии. Кроме бернардинского монастыря в Кобрине есть ещё четыре костёла. Жителей в Кобрине считается до 7000».

Дзе знаходзiлiся гэтыя касцёлы, калi будавалiся, Шпiлеўскi не ўдакладнiў. Не ведаю i я.

Краязнаўчая газета, № 22 (231), чэрвень 2008 года

Материалы



Наши партнеры

Виртуальное путешествие по всему городу Кобрину