Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Праваслаўная страчаная спадчына Кобрыншчыны

Легенда пра царкву

Гісторыя Свята-Пакроўскай царквы ў вёсцы Андронава, Кобрынскага раёна

Упершыню дадзены населены пункт узгадваецца ў 1465 годзе. З пiсьмовых звестак вядома, што ў 1704 годзе брэсцкi падстараста Ян Бенклеўскi пацвердзiў Андронаўскай царкве 1,5 валок (32 га) зямлi, якая была нададзена царкве яго продкам. З гэтага выцякае, што храм у вёсцы будаваўся значна раней за пачатак XVIII ст. У 1729 годзе адзначана, што ў вёцы Андронава мелася ўнiяцкая царква.

З 1847 года ўзгадваецца ўжо праваслаўная царква. Старыя бабулі, якiм пад 90 гадоў, расказвалi, што на пагорку, за сённяшнiмi андронаўскiмi могілкамі стаяла старая груша, агароджанная драўляным плотам, якi перыядычна рамантавалi i фарбавалi. Яго помняць нават за часам калгасу. Колісь гэта быў алтар унiяцкай царквы.

Мясцовая лягенда гаворыць, што некалi храм правалiўся пад зямлю…

Мо гэта так i было? Зараз ужо ніхто дакладна не памятае. З гiстарычных крыніц вядома, што Андронаўская праваслаўная царква была асвечана на Пакровы. Званiца была разам з царквою. Вiдаць пазней царкву рамантавалi. Унутраныя сцены былi пафарбаваныя ў блакітны колер. Наверсе былi хоры, а з боку шырокая лесвіца. Драўляны iканастас быў з шасцi клеймамi евангелiстаў. Царква перажыла Першую Сусветную вайну. Вёска гарэла. А храм ацалеў.

Праўда, немцы знялi звон. Але як сведчаць сённяшнiя жыхары вёскі, апошняя Андронаўская царква некалi будавалася як унiяцкая, бо была алтаром на захад. I яшчэ: на гарышчы будынку дзесяцiгодзямi ляжалi унiяцкiя скульптуры з мармуру: евангелiсты, Мацi Божая і анёлы. Iх забралi толькі ў 1962 годзе. Нехта «з кіраўніцтва прыехаў». Кажуць: «Можа ў музей?» Улетку 1962 года царкву падрамантавалi.

На жаль, хутка царкву закрылi. Без нагляду будынак стаяў год, а можа два. Дах абвалiўся. Туды павадзіліся лазіць невядомыя асобы. Праўда, адна жанчына зняла са сцяны абразы «Покрыва Мацi Божай», «Мацi Божую Адзігiтрыю» i аднесла іх у царкву Пятра і Паўла ў Кобрыне, да якой апошнiм часам і быў «прыпiсаны» Андронаўскі храм. Сёння кажуць, што iкона «Покрыва Мацi Божай» знаходзiцца ў храме Св. Мiкалая ў Кобрыне, а «Мацi Божая Адзігiтрыя» ў саборы А. Неўскага.

На жаль, усё іншае загiнула. Невялiкiя iконы, пiсаныя на дошках, кнiгi. Мясцовыя жыхары хадзiлi да старшынi Ярашука з просьбай аднавіць царкву. Чыноўнік адмовіў. Мо i жадаў дапамагчы, але спужаўся.

А аднойчы да месца, дзе былі разваліны пад’ехалі трактары і канчаткова знішчылі гістарычны будынак. Гадоў дзесяць таму вернiкi на месцы Пакроўскай царквы збудавалi маленькую адкрытую каплiчку. А сельсавет абгарадзiў могілкі плотам.

«Балотная» царква

Царква Раўнаапостальскай Марыi Магдалены ў вёсцы Балота

Вёска Балота (некалi Балоты) ўпершыню ўзгадваецца ў 1513 годзе. У 1890 годзе на месцы сучаснай вёскi і ў яе наваколлi iснавалі: пасёлак Снежкі Блоты, сяло Вялiкiя Блоты, Блоты-Паезуiцкiя. З 1652 года вядома Балоцкая царква (у маёнтку). У больш познi час праваслаўны прыход налiчваў амаль 1400 вернiкаў.

На кастрычнік 1940 года ў хутары Балоты-Шляхецкiя было 8 двароў і 50 жыхароў, а ў сваю чаргу, у вёсцы Вялiкiя Балоты было 365 двароў і 1300 жыхароў, былы маёнтак - 3 двары і 30 жыхароў. У 1881-1885 гадах на месцы старой балоцкай царквы быў пабудаваны новы храм. Мясцiны там былі багністыя, таму вернiкi другога месца не сталі шукаць. А царква стаяла на пагорку. Новы храм назвалі ў гонар вялебнай Параскевы Сербскай.

На перыяд будаўнiцтва новай царквы было прынята рашэнне пабудаваць ля могiлак часовую. 30 траўня (мая) 1882 года яна была асвечана ў гонар раўнаапостальнай Mарыi Магдалены. Сёння яшчэ жывуць людзі, якія памятаюць царкву. У размове з імі я даведалася, што ў пачатку мiнулага стагодзя будынак не стаяў «ля могілак». Проста за працяглы час пахаванні «наблізіліся» да царквы. Некалi перад сакральнай пабудовай хавалi святароў і iх блізкіх. За «польским часам» служба у царкве адбывалася толькi падчас пахаванняў…

Царква Марыi Магдалены была пабудавана з дрэва. Драўлянай была і званiца. Царкву «вянчалi» два купалы-цыбуліны. У 1930-я гады царква была шэра-чорнага колеру, таму што доўгі час будынак не малявалі і не даглядалі. У апошнюю вайну царква на могiлках была закрыта. Некалькi гадоў без святара была і балоцкая царква Параскевы Сербскай. Людзi на службу хадзiлi ў суседнiя, але далёкiя вёскi.

У 1963 годзе ў Балоты прыехала камiсiя. З будынку царквы Марыi Магдалены забралi найкаштоўнейшыя iконы i іншыя прадметы культу. Усё гэта перадалі ў прыход Параскевы Сербскай. У тым жа годзе на царкву навесiлi замок і аддалi ў распараджэнне школы. Нарэшце ў 1970-я гады новы мясцовы дырэктар школы царкоўны будынак прадаў. Мясцовыя кажуць, што ў вёску Хабовiчы.

Сёняшнiя «балацюкi» кажуць, што на гарышчы царквы Параскевы Сербскай у в. Балоты яшчэ захавалiся iконы i панiкадзiла з царквы Марыi Магдалены. А сярод пустазелля і хмызняку на могілках можна ўбачыць падмурак царквы, якая ужо страчана назаўсёды.

Царквы, якія бачылі гісторыю

Царквы Параскевы Пятнiцы і Раства Iаана Багаслова ў вёсцы Чаравачыцы

Хутчэй за ўсё царква Параскевы Пятнiцы была самай старажытнай на нашай Кобрыншчыне, бо першы пiсьмовы ўспамiн пра яе датуецца 1417 годам. Пабудавана яна была з дрэва. Вёска Чаравачыцы на той час была водчынай князя Сямёна Кобрынскага. Там таксама знаходзіўся прыгожы палац, які ўзгадваецца ў 1454 годзе, калi жонка Сямёна Ульяна «завещала его своей дочери Анне».

З 1795 года вёска знаходзілася ва ўласнасці «генералісімуса» Аляксандра Суворава, пасля 1800 года яго сына генерал-лейтэнанта Аркадзя. Пазней гэты населены пункт набыў багаты памешчык Ян Нямцэвiч. Гэта ён у Чаравачыцах пабудаваў палац, выява якога ёсць на адным з малюнкаў Напалеона Орды.

Калi сёння нiхто нават не здагадваецца, дзе ў Чаравачыцах стаяла Пятнiцкая царква, то пра царкву Iаана Багаслова захавалася больш інфармацыі. У ўспамiнах святара Нiканора Катовiча, датаваных 1936 годам, чытаем: «У 1782 г. у сяло Чаравачыцы быў прызначаны святаром мой прадзед Пётр Катовiч, па каралеўскаму прывілею за подпiсам караля Станiслава Панятоўскага».

Хутчэй за ўсё апошні кароль Рэчы Паспалітай прызначыў маладога адукаванага святара ў толькі што пабудаваны храм, які быў асвечаны ў гонар Iаана Багаслова. Вернiкаў у Чаравачыцах было шмат і Пятнiцкая царква ўсiх не змяшчала. Нагадаю, што вёска і царква знаходзіліся на бойкай дарозе, каля паромнай пераправы. Таму вайсковыя баталii, на жаль, нiколi не мiналi гэтыя мясціны. У 1812 годзе напалеонаўскія жаўнеры запатрабавалі ад святароў ключы ад царквы. Ануфрый Катовiч і яго стары бацька Пётр (той, якога прызначыў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскi), ключы не далi, хоць ведалi, што самае каштоўнае з царкоўнага ўбрання ўжо было схавана. Тады «акупанты» пабiлi святых айцоў. Выратаваў Катовічаў аўстрыйскі лекар, які своечасова дапамог няшчасным. А саксонцы (менавіта яны патрабавалі ключы ад храма) царкву так і не адчынілі і хутка рушылі ў накірунку Кобрына.

У пiсьмовай даведцы 1851 года чытаем, што на чаравачыцкiх могілках пабудавана каплiца. Сёння захаваўся толькi яе падмурак. У сваю чаргу пра Пятнiцкую царкву «Вiленскi зборнiк» за 1899 г. пiсаў: «Царква з дрэва, са званіцай і агароджай пабудавана невядома кiм i калi. Перабудоўвалася ў 1848 i 1887 гг.».

Першая Сусветная вайна таксама закранула Чаравачыцы. Калі летам 1915 года фронт прыйшоў на Беларусь, мясцовых жыхароў прымусілі пакінуць родныя мясціны і выехаць у бежанства. Сяло было падпалена казакамі. Але царкву Iаана Багаслова агонь не крануў, бо яна стаяла збоку ад дарогi, ля ракі Мухавец. А вось Пятнiцкая згарэла.

Калi ў 1918 годзе чаравачыцкi святар вярнуўся на радзiму, усё зарасло пустазеллем і хмызняком. Згарэла сядзiба святара, а царква Іаана Багаслова, ці то немцамі, ці то яшчэ кім была разрабавана. «За польскім часам», і пазней, у Другую Сусветную служба тут не спынялася.

Бяда прыйшла ў 1962 годзе. Храм зачынілі. Iконы і іншыя царкоўныя аздабленні забралi. Нешта ўдалося выратаваць вернікам. Так храм з выбiтымi вокнамi стаяў амаль 10 год, да 1972-га, калі пажар яго знішчыў.

Царква святога Iаана Багаслова ў вёсцы Чаравачыцы была белага колеру, пяцiвугольная, з высокай званiцай. Стаяла на высокiм, каменным падмурку. Сёння пра яе нагадвае толькі той самы падмурак, а яшчэ старыя надмагільныя камяні. Тры гады таму добрыя людзі паставiлі там вялiзарны Крэст. Час змяняецца. У Чаравачацах ля могілак стаiць новая царква Iаана Багаслова. Асвяцiлi яе ў 1995 годзе.

Храм, зняты з уліку

Свята-Мiхайлаўская царква ў сяле Бародзiчы

Гэтае пасяленне вядома яшчэ з 1500 года. У 1516 годзе яно было ў валоданні Мiкалая Гезгайлы, якi ў 1554 г. прадаў свой маёнтак луцкаму бiскупу Валер’яну Праясевiчу. У сярэдзіне XVII ст. новым уладаром гэтых зямель стаў Альбрэхт Радзiвiлл. У 1766 годзе ў Бародзiчах упершыню ўзгадваецца царква. Разам з тым, ёсць звесткi пра тое, што намаганнямi святара Мiхаiла Крачатовiча ў 1791 годзе тут быў збудаваны новы храм i асвечаны ў гонар архiстрацiга Божага Мiхаiла.

Але што здарылася з той, першай царквой? За трыдцаць гадоў яна не магла састарыцца. Магчыма яна была унiяцкай, можа не ўмяшчала вернiкаў, а можа проста струхнела. Захаваліся пiсьмовыя звесткi ХІХ ст. аб святары, якi служыў у Бародзiчах больш за 50 гадоў. Гутарка ідзе пра Iосiфа Крачатовiча, сына святара, якi будаваў тую царкву. А 6 жнiўня 1897 г., пасля рамонту, Свята-Мiхайлаўскi храм ізноў быў асвечаны.

Царква за сваю гісторыю не гарэла і не рабавалася. Перажыў храм і гады Першай Сусветнай вайны. Драўляны храм вянчалi два купалы з вялiкiмi металiчнымi (а можа і чугуннымi) крыжамi. Царква была пакрыта жалезным дахам. Унутры храм не малявалі, бо дрэва было гладкім, смалiстым i выглядала заўсёды святочна. У цэнтры храма вiсела прыгожае, у два ярусы, панікадзіла. Падчас Другой Сусветнай вайны храм працаваў. Служба iшла тут да 1960 года, калi прыехалi «упаўнаважаныя прадстаўнiкi улады» і вынеслi з царквы ўсё, што лiчылi патрэбным. Іншыя рэчы адвезлi ў Вазнясенскую царкву ў суседнi Гарадзец.

Будынак царквы не зачынялі, таму хутка, пры невысветленых абставінах знік царкоўны звон. Людзi ўсё часцей сталi заходзiць у храм і браць тое, што засталося. «На памяць», так бы мовіць. Храм стаяў без нагляду амаль тры гады. А ў кастрычніку 1962 года Кобрынскi райвыканкам звярнуўся ў Брэсцкi абласны Савет з просьбай зняць Свята-Мiхайлаўскi храм з улiку, па прычыне того, што «в храме не проводятся службы». Перад гэтым у сельвыканкаме збiралi подпicы. Казалi на рамонт, а аказалася на зняццё з улiку.

Амаль праз год у снежні 1963 года прашэнне «удовлетворили». Будынак першапачаткова вырашылі пераабсталяваць пад клуб, аднак з гэтага нічога не вышла і праз тры гады, у 1966-м царкоўны будынак разабралi для будаўнiцтва школьнага спортзала ў суседнiм сяле Грушава. Толькi ў 1992 годзе старажытную царкву вырашылі адбудаваць. Будавалi доўга. Асвяцiлi ў лiпенi 2000 года. Таксама ў гонар архiстраціга Мiхаiла.

З гарадзецкай царквы вярнулi: евангелле, плашчанiцу, некалькi iкон. Вернуты iканастас аказаўся малым для новага храма. Сёння ён так i стаiць ля новых царскiх варот. Вярнулася ў царкву і шмат з таго, што некалі «узялі на памяць».

Царква, якую фундаваў «іншаземец»

Гісторыя храма ў гонар iконы Бажай Мацi Казанскай у вёсцы Залессе

Упершыню Залессе ў пiсьмовых крыніцах узгадваецца ў 1563 годзе. Нават ёсць iмя яе войта – Хрышчот Азашэвiч. Крыху пазней, у 1633 годзе, у Залессi па загадзе караля Рэчы Паспалітай Уладзiслава IV Вазы 6 валок зямлi былi адданы Марцiку Лазавiцкаму.

У «эпоху рускіх цароў», у 1886 годзе, у сяле было 28 двароў i амаль 300 жыхароў. Побач з Залессем знаходзiліся маёнткi П. Штэра i графа Мантэла дэ Батола.

У гэты ж час у вёсцы Залессе ўпершыню ўзгадваецца i праваслаўная царква. Старажылы кажуць, што на храм ахвяраваў грошы нейкi мясцовы граф. Гутарка ідзе пра ўзгаданага вышэй Мантэла дэ Батола. Яго магiла захавалася на залесскіх могілках. Вялікі надмагільны камень уражвае. Нажаль, нiкому не вядома, адкуль з'явiўся ў Залессi граф з незвычайным для нас прозвішчам. Варта аднак падкэсліць, што на старых могілках Кобрына, тых што ля Петрапаўлаўскай царквы, у адной з крыпт пахавана яго сястра.

Залесская Свята-Казанская царква перажыла «першую» нямецкую купацыю ў 1915-1918 гг. Ёсць звесткі, што немцы зрабілі ў храме склад. Але на момант, калі ў Залессе ўвайші кайзераўскія жаўнеры, у вёсцы не было ні святароў, ні вернікаў. Людзі з'ехалi ў бежанства, а царква, мiласцю Божай, перажыла.

Сведка мне расказваў, што ў 1930-я гады, «за польскім часам», кожны чацвер у царкву прыязджаў святар з горада i чытаў на рускай мове «Закон Божы». Храм быў з тоўстага чуханага дрэва, пакрыты гонтай і з адным купалам. Сцены звонку былi пафарбаваныя ў блакітны колер. Падлога ў царкве была выкладзена з чырвонай цэглы. Iконы былi пiсаныя на дрэве i палатне ў цудоўных, жоўтага i срэбнага колеру, акладах. Галоўнай была iкона Мацi Божай Казанскай, намаляваная на драўлянай дошцы. Нiзкi прытвор увахода ў царкву трымаўся на чатырох слупах.

Святар, як узгадваюць вернiкi, прыязджаў з горада. Людзі расказвалі, што ў дзень рэлігійнага свята да царквы прыходзіла шмат вяскоўцаў. Не закрывалася Казанская царква i ў «другую» нямецкую акупацыю (1941-1944 гг.). Хiба што радзей была служба.

Так дзесяцiгодзямi царква стаяла на пагорку ля могілак да 1962 года. Дзесьцi ўвесну прыехалi да Казанскай царквы «упаўнаважаныя», мабыць з Кобрына. З царквы сарвалi замок, нешта пагрузiлi ў сваю машыну. Іншыя царкоўныя рэчы пачалi выносiць і скідваць ля будынку, а пазней падпалілі. Вакол вогнiшча сабралася шмат людзей. Жанчыны галасiлі, скрозь слёзы дасылалі праклёны.

Некаторыя іконы паспелі ўратаваць з агню. Сам царкоўны будынак прастаяў да восенi 1963 г., калi яго разабралi на два школьных памяшканнi. З цэглы, што была на падлозе храма, зрабiлi куты, ў якiя закiдвалi калодкі амаль стогадовага храма. Так гэтыя памяшканнi стаяць і сёння.

Яшчэ з часоў Першай Сусветнай на залесскiх могілках, непадалёку ад царквы, захавалася брацкая магiла, абкопаная глыбокiм ровам. Дакладна не вядома, хто там пахаваны: ці рускія, ці немцы.

Мне ўдалося даведацца пра тых, хто ініцыяваў знішчэнне залескай царквы. Гэта старшыня с/с Шаўчук А.I. і сакратар Панасюк I.М. Там, дзе некалі стаяла царква, зараз ужо могілкі. На былым падмурку бачныя свежыя магiлы.

«Бурштынавая» царква

Царква Пакрова Божай Мацi ў вёсцы Малыя Корчыцы

Сяло Корчыцы вядома з 1491 года. У гэты год мясцовая княжна падаравала сяло манастыру Святога Спаса ў Кобрыне. Мы ведаем таксама, што амаль праз два стагоддзі, у 1668 годзе Корчыцы вызвалілі ад вайсковых падаткаў і пастояў. Тут на могiлках, а дакладней ля іх, i была збудавана праваслаўная царква Пакрова Божай Мацi. У Гродзенскiм праваслаўна-царкоўным календары за 1899 г. адзначаецца, што «кладбищенская Покровская церковь села Корчицы деревянная, с такой же колокольней, когда и кем строилась не известно».

Пра царкву, якой яна была ў ХХ стагодзi, мне распавядалі старажылы. Храм быў збудаваны са смалiстай тоўстай сасны, унутры быў бурштынавага, цёмнага, колеру. Царква была знешне невялiкай, з адным купаламi. Звон згiнуў у вiхуры часу, хутчэй за ўсё, у гады Першай Сусветнай. Храм быў прыпiсаны да Нiкольскай царквы вёскi Верхалессе, таму службы тут адбываліся не часта. Царква прастаяла да перыяду «хрушчоўскай адлігі».

Аднойчы ў 1960-ыя гады сюды прыехала камiсiя з Кобрына. «Адказныя таварышы» парэкамендавалі царкву закрыць «з-за трухлявага яе стану». Сапраўды, дах у будынка працякаў. На просьбы людзей адрамантаваць «бурштынавую» царкву, нi мясцовыя ўлады, нi калгас «дабро» не далi. Хутка храм знялі з уліку.

У такім стане царква стаяла больш за два дзесяцігоддзі. Не аднойчы яе рабавалі. За гэты час дах канчаткова абваліўся. Дзесьці ў 1985-м цi 1986-м годзе мясцовыя жыхары разабралi царкву. Бярвёны спалiлi на месцы. Вялiзны крыж людзi закапалi. Пазней яго знайшлі і зараз гэты артэфакт упрыгожвае новую царкву. Дарэчы, калі мясцовыя разбiралi храм, на адным з бярвенняў знайшлі дату пабудовы храма – 1825 год.

12 жнiўня 1997 года у вёсцы Малыя Корчыцы пачалося будаўнiцтва новай царквы, якая 18 лiпеня 1998 года была асвечана арцыбісупам Брэсцкiм і Кобрынскiм у гонар Пакрова Мацi Божай. Жыццё працягваецца.

Ахвяра «хрушчоўскай адлігі»

Свята-Пакроўская царква вёскi Оса

Першыя пісьмовыя згадкі пра паселiшча Оса адносяцца да 1668 годзе. У 1789 годзе ў вёсцы было 16 двароў. Была там нават карчма. А ў снежні 1795 года пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалiтай расiйская iмператрыца Кацярына II, адным узмахам рукi падаравала вёску з 168 жыхарамі i амаль 1000 дзесяцiнамі зямлі нашчадкам генерал-фельдмаршала графа П. А. Румянцава-Задунайскага.

Царква ўпершыню згадваецца ў 1897 годзе, калi у вёсцы ужо жыло каля 400 жыхароў. Але яна з’яўлялася пераемніцай старажытнага храма, які быў пабудаваны дзесьцi у 1796 годзе. Праз сотню гадоў ля царквы пабудавалі званiцу. У той час у сяле Оса жыло амаль тысяча чалавек. Свята-Пакроўская царква была прыпiсана да Успенскага храма мястэчка Дзівiн.

У 1915 годзе амаль усе жыхары Кобрыншчыны былі пад прымусам адпраўлены у бежанства, у глыб Расii. Але сялян з вёскi Оса ў бежанства «не накіравалі». Сёння ніхто ўжо не ведае, цi гэтае лясное паселiшча проста «прапусцiлi» царскiя казакi, цi сяляне праз хабар «выпрасiлi» сябе ў расійскага войска права застацца. Пры нямецкай акупацыі (1915-1918 гг.) царква была зачынена, але не гарэла, не рабавалася і званоў не здымалі. Службы ў храме не адбываліся яшчэ і таму, што не было святароў, якія з'ехалi на Усход.

«За польскім часам» службы ў храме аднавiліся. Шматлікія жыхары вёскі ездзілі «на працу» у Канаду i ЗША і вярталіся з «валютай», за якую куплялі зямлю. За тыя ж «замежныя» заробкі беларускія сяляне перакрылi дах Свята-Пакроўскай царквы «жалезнымi» лiстамi, якiя перыядычна фарбавалі. Царква працавала i пры гiтлераўскай акупацыi.

У перыяд «хрушчоўскай адлігі» пачалося «новае жыццё» храма. Осаўскiя старажылы ўспаміналі, што ў 1962 годзе прыехалi прадстаўнiкi мясцовай улады і «упаўнаважаныя» з Кобрына, збiлi замок, пачалi выносiць iконы i кнiгi і грузіць гэтае багацце ў машыну. Людзi прасiлi не закрываць царкву, але на iх нiхто не звяртаў увагi. З храму забралі ўсё i адвезлi у Дзівін, у царкву Параскевы Пятнiцы, да якой апошнiм часам i быў прыпiсаны Осаўскі храм. На жаль, нiхто з мясцовых нічога не ўзяў «на памяць». Дарэчы, праз сорак гадоў, калi збудавалі новы храм, з Дзівiна прывязлі некалькi iкон i кнiг.

Пасля таго, як закрылi царкву, ужо восенню ў будынак храма засыпалi сабраны ўраджай збожжа. Як склад царкву Святога Пакрова выкарыстоўвалі да 1967 года. Аднойчы летам прыехала праверка з Кобрына «на предмет сохранности колхозного добра». «Адказныя таварышы» заходзiлi i ў царкву. Не паспелі «госці» ад'ехаць, як царква загарэлася. Пажарныя храм не ўратавалi. Людзi казалi, што гэта быу наўмыслы падпал…

Пасля трагедыi прайшло амаль пяцьдзесят гадоў. Яшчэ жывыя сведкi велiчы i хараства той царквы. Будавалi храм, напрыканцы ХІХ стагодзя, са смалiстых сасновых бярвенняў. I замест камянёў у падмурак былi ўстаўленыя дубовыя сваi. Iх знайдуць у 1990-ыя, пры пабудове новага храма. Царква была з адным купалам i збудаванай воддаль званiцай у форме пiлона, з чатырма званамi. Унутры храма сцены i столь былi пафарбаваныя ў белы колер. Панiкадзiла ў храме было рухомым і трох'ярусным. Хоры ў царкве былi на чатырох вертыкальных слупах, з шырокай лесвiцай наверх.

Адзiн з царкоўных званоў пасля «ліквідацыі» храма забралі на ферму, каб выкарыстоўваць, як сігнал. Тры іншых закапалi. З фермы звон хутка знiк. Куды – невядома. Другi пазней разламаўся. А апошнiя два «служаць» вернiкам у новай царкве.

Новы храм асвяцілі ў кастрычніку 1990 года. З Дзівiнскай Свята-Прычысцiнскай царквы прывезлi тры iконы: «Пакрова Прысвятой Багародзiцы», «Мiколы Цудатворца», «Таемную вячэру» i некалькi царкоўных кнiг. Невядома куды знiклi царкоўныя архiвы, харугвы i шматлікае іншае. Невядомы лёс i старога панiкадзiла.

Царква-касцёл

Царква ў вёсцы Iлаўск

Гэты населены пункт, як зрэшты і большасць паселiшчаў Кобрыншчыны, упершыню ўзгадваецца ў 1563 годзе як сяло Грушаўскага ваяводства, Кобрынскай эканомii Вялікага Княства Літоўскага. У 1762 годзе кароль Аўгуст III выдаў братам Гарышам прывілей на валоданне Iлаўскам. З 1795 года, пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, сяло апынулася ў складзе Расiйскай iмперыi.

У больш познi час у вёсцы ўзгадваецца маёнтак памешчыка К. Шэмiёна, які складаўся з амаль 2100 дзесяцiн зямлi. Тады ў вёсцы пражывала 400 жыхароў. Тут быў крухмальны завод, карчма, валасное праўленне. У гэты час, менавiта з 1814 года ўпершыню тут узгадваецца праваслаўная царква.

Недалёка ад Ілаўска знаходзіцца вёска Шымятоўка. З пiсьмовых крыніц вядома, што у 1814 годзе на фінансавыя сродкі, вылучаныя памешчыкам Шэмiенам, з дрэва была пабудавана праваслаўная царква. Размясцiлася яна ля дарогi, памiж узгаданымі вёскамi і была прыпiсана да Нiкольскай царквы вёсцы Грушава.

Першая Сусветная вайна не кранула храм. А вось «за польскім часам» царкву перабудавалi ў касцёл. Царква-касцёл была са смалістага і тоўстага дрэва. Дах быў з гонты. Старажылы памятаюць, што пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у верасні 1939 года ў храме службы былі забаронены.

Калі «за палякамі» царкву перарабілі ў касцёл, то звонку храм пафарбавалі. Ля царквы можна было ўбачыць старажытныя надмагiльныя камянi з надпicамi. Цяпер там ужо, нажаль, нiчога няма. Дзесьці ў 1960-х гадах святыню перабудавалі ў школу. Зараз ужо і школу зачыняць, бо вучняў няма. У навакольных вёсках дажываюць свой век старыя пенсiянеры. Моладзь даўно з'ехала ў горад…

Храм на «паповай горцы»

Свята-Мiкольская царква ў вёсцы Грушава

Упершыню гэтае паселішча ўзгадваецца ў лiсце князя Вiтаўта, датаваным 1404 годам. У пасланні ён дорыць гэтую вёску князю Раману Фёдаравiчу (родапачынальніку князёў Кобрынскiх).

З 1532 года сяло было ў уладанні каралевы Боны. А з 1563 года на сядзiбе святара С. Грыцковiча ўпершыню ўзгадваецца і царква. Праз амаль 300 гадоў, у 1816 годзе стараннямi мясцовага святара на тым жа месцы, дзе некалі быў храм пабудавалі новую царкву, якую асвяцілі ў гонар Свяцiцеля Мiкалая.

У 1888 годзе царкоўны прыход у Грушава налічваў 3206 вернiкаў. Праз 11 год, у 1899 г. іх было ўжо 4511. У самой вёсцы было 175 двароў і больш тысячы жыхароў. Стаяла Мiкалаеўская царква на высокiм пагорку, з якога было вiдаць амаль «увесь свет». У народзе той пагорак называлi спачатку «паповай гарой», а затым «царкоўнай горкай». Храм не пацярпеў у Першую Сусветную вайну, не кранулі яго і польскія ўлады. Падчас Другой Сусветнай вайны нямецкія акупацыйныя ўлады дазволілі службы тут. Але восенню 1943 года царква загарэлася. Зарыва i дым былi бачныя на дзесятак кiламетраў. Людзi святыню не ратавалi, бо аказалася, што ля храму адбыўся бой паміж партызанамі і немцамі. У выніку царква і школа, якая знаходзілася побач, згарэлі ўшчэнт.

Пазней стала вядома, што святыню падпалілі мясцовыя партызаны, якія спрабавалі ўцячы ад немцаў. Пазней, на цакоўным пагорку акупанты зрабілі кулямётныя кропкі.

Да вясны людзi не хадзiлi ў тое месца. А 22 мая (прастольнае свята храма) 1944 года на «царкоўнай горцы» прайшла першая служба. Дарэчы, такія службы адбываліся не адзін дзесятак гадоў. Там нават вянчаліся. У 1960-я гады мясцовыя ўлады забаранілі царкоўныя службы на пагорку. Ішоў час. Камянi з падмурка царквы знiклi. Былі знішчаны нават надмагiльныя камянi, пад якiмi былі пахаваныя святары гэтай царквы i члены iх сямей. Зараз там усё зарасло травою і хмызняком.

Материалы



Наши партнеры

Познай Кобрин