Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

«Чырвона цэркаў» хутара Гарбанька i «бiла цэркаў» вёскi Буховiчы

Цяперашняя Свята-Міхайлаўская царква ў вёсцы Яромічы, якую месцічы называюць «Чырвона цэркаў», або Гарбанькаўская царква (ад назвы хутара Гарбанька) – самая старая ў Кобрынскім раёне. Датуецца яна 1599 годам: тады з'явіўся фундатарскі запіс на зямлю пад праваслаўную царкву на хутары Гарбанька (на той час Берасцейскае ваяводства BKЛ, непадалёк вёскі Яромічы, што побач з Кобрынам).

Запіс сведчыў, што каралёўскія «зямяне» Верашчакавы даравалі царкву святарам рэлігіі грэчаскай праваслаўнай, а пасля на ўсе вякі ўсім, для паміну іх продкаў (запіс захоўваўся ў Буховіцкай царкве, пабудаванай у 1880 годзе). Як выглядала тая царква, невядома. Але захаваўся вусны пераказ, што яна насіла назву Успення Багародзіцы. Вядома, што стаяла на пясчаным прыгорку, як і цяпер, на могліцах (так тут называюць могілкі). Вядома і тое, што ў 1784-1787 гадах на сродкі памешчыкаў Судзіных па тых жа гарбанькаўскіх могліцах была пабудаваная новая драўляная царква. Відаць, менавіта з гэтага часу яна стала Свята-Міхайлаўскай і да сённяшніх дзён захавалася без асаблівых зменаў. Гэта прамавугольны зруб з прырубам і абсідамі. Усё накрытае агульным дахам. Зала асветленая высокімі арачнымі ваконнымі праёмамі. Над прытворам на двух слупах размешчаныя хоры. Абсіда аддзеленая драўляным іканастасам.

Свята-Мiхайлаўская царква ў в. Яромiчы

Гэтую царкву я ўпершыню пабачыла прыкладна ў 1975 годзе. Яе мясцовыя не называлі інакш як «чырвона». Але чырвоная фарба даўно злезла, і стаяў храм шэра-чорнага колеру з дзіравым дахам і вялізным замком на дзвярах. Да 1871 года гарбанькаўская Свята-Міхайлаўская царква была самастойным прыходам, а потым была прыпісаная да суседняй Свята-Пакроўскай царквы ў вёсцы Буховічы, якую называюць «білай». 17 красавіка 1961 года яна была знятая з уліку і амаль трыццаць гадоў не выкарыстоўвалася. За тры гэтыя дзесяцігоддзі царкву не раз раскрадалі: маёмасць, iконы, царкоўныя кнігі.

У 1993-1994 гадах царкву на хутары Гарбанька адбудавалі «на мирские» грошы і нанава асвяцілі 21 лістапада 1994 года. Як і раней, яна прыпісаная да «білай» царквы. Сёння сцены царквы ўпрыгожваюць абразы святой вялікамучаніцы Варвары, Міколы Цудатворца, Маці Божай Ахарскай і Маці Божай Адзігітрыі. Многае ўзялі з буховіцкай царквы. А вось шалёўку Свята-Міхайлаўскай царквы пафарбавалі чамусьці ў жоўты колер.

Адрэстаўравалі і царкоўную браму-званіцу, збудаваную з чырвонай цэглы прыкладна ў ХVIII-ХІХ стагоддзях. Цяпер яна патынкаваная, зноўку пабеленая. У царкве ёсць тры невялікія званы, якія на святы выносяць на званіцу, і чароўнае гучанне разносіцца навокал.

Гаворачы пра «чырвоную» царкву, нельга абмінуць могілкі, якім ўжо пятае стагоддзе. На гарбаньскіх я бываю кожны год, бо там ляжаць у вечным сне продкі. Вядома, што пахаванні там вядуцца ўжо не па першым разе. Бывалі выпадкі, калі пад час капання новай магілы выкопвалі па два-тры чалавечыя чэрапы і косткі.

Дзве гарбаньскія магілы асабліва хвалююць чалавечае ўяўленне. Крыпта-пахавальня сям'і Васілеўскіх, адно з пахаванняў якой датуецца 1862 годам. На вялізнай чыгуннай пліце па-польску выбіта «Роберт Васілеўскі». На жаль, цяпер там новае пахаванне, а пліты з надпісамі Васілеўскіх стаяць каля крыпты. Цікаўнасць не дазваляе прайсці і міма надмагільнага помніка Шыраевых. Ён уяўляе сабой усечанае вялізнае дрэва, вырабленае з маналіту чорнага мармуру. Над трыма магіламі, абнесенымі металічнаю агароджаю, – тры чыгунныя пліты з надпісамі. Вядома, што П. Шыраеў быў багатым уладальнікам, меў маёнтак Астрамы. Цяпер ад усяго былога багацця засталіся толькі некалькі квадратных метраў зямлі і надмагільны камень.

Помнiк Р. Васiлеўскаму

Свята-Пакроўскую царкву вёскі Буховічы і сёння называюць «білай царквой». Яна зусім недалёка ад «чырвонай». I гісторыя яе не менш цікавая. Будавалі храм манахі-дамініканцы прыкладна ў 1674-1675 гадах з цэглы і дрэва. Манастыр і касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі паўсталі дзякуючы фундацыі нейкіх Пухальскіх. Дамініканцы – жабрацкі ордэн, заснаваны ў 1215 годзе манахам Дамінікам у Заходняй Еўропе. Але ўжо ў XVI стагоддзі значэнне ордэна, які некалі кіраваў інквізіцыяй, значна зменшылася. Мо таму яны ўзяліся за будоўлю манастыроў у ВКЛ?

Буховіцкі касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі існаваў да 1831 года, да першага паўстання супраць расійскага цара. Відаць, хтосьці з манахаў-католікаў спачуваў, а мо і садзейнічаў паўстанню. Царскія ўлады на трыццаць гадоў закрылi касцёл і выгналі манахаў. Ходзяць чуткі, быццам у 1831 годзе, калі расійскія салдаты спрабавалі выбіць з буховіцкага манастыра манахаў, тыя аказалі супраціўленне.

Увесь манастырскi комплекс і сам касцёл разбураліся. А 19 лютага 1862 года быў выдадзены ўказ Духоўнай кансісторыі аб перабудове дамініканскага касцёла пад праваслаўную царкву. У 1881 годзе яна, пасля капітальнага рамонту, была асвечаная як Свята-Пакроўская. На той час грамада налічвала 2637 вернікаў. У гэты час да яе прыпісалі гарбанькаўскую «чырвоную» царкву. У 1889 годзe да царквы была дабудаваная трох'ярусная званіца (верхнi ярус выраблены з дрэва); быў адноўлены дах. Храм патынкавалі і пафарбавалі ў белы колер. Іканастас з дрэва ў 1877 годзе спраектаваў архітэктар барон Козен. Ва ўласнасці Буховіцкага храма знаходзідца малавядомы абраз-таблетка XVII стагоддзя: на адным баку «Спас з дзяржавай», на адвароце – «Маці Божая Адзігітрыя».

Свята-Пакроўская царква ў в. Буховiчы

Пад час размовы з настаяцелем Свята-Пакроўскай царквы айцом Канстанцінам мне сталі вядомыя цікавыя звесткі. Перш – у буховіцкай царкве няма архіваў, яны дзесьці ў Кобрыне. А было шмат, пра іх захаваліся цікавыя факты. Далей – пад час вядзення любых, нават нязначных, земляных працаў рыдлёўка натыкаецца на цэглу і каменне. Гавораць, дзесьці ў 1930-я гады ў часе нейкай працы на тэрыторыі храма натыкнуліся на глыбокі падземны ход, у якім ляжалi чалавечыя чарапы і шмат касцей...

Напрыканцы – цікавыя звесткі пра вёску Буховічы. 3 пісьмовых крыніцаў вядомая першая згадка паселішча: 1558 год. Веска і маёнтак Кобрынcкага павета ВКЛ. У 1599 годзе маёнтак ва ўладаннi братоў Галяцішчавічаў, а крыху раней – ва ўладанні Крыштафа Зяновіча, ваяводы брэсцкага. У 1786 годзе ў сяле 11 валокаў зямлі (235 га). У 1897 годзе – вёска з 44 двароў і амаль 300 жыхароў. 3 пачаткам Першай сусветнай вайны, восенню 1915 года, большая частка жыхароў пад прымусам выехала ў бежанства; вярнуліся не ўсе. 3 1921 года Буховічы ў складзе Польшчы. I ў вёсцы толькі 20 двароў і 106 жыхароў.

Краязнаўчая газета, №1 (498), студзень 2014 года
 

Материалы



Наши партнеры

У нас широкий ассортимент различных украшений для зала и автомобилей, а также большой опыт по подготовке и монтажу видеоматериалов.