Першае пісьмовае ўпамінанне аб Лагішыне
адносіцца да 1552 году, калі пасяленне згадваецца ў “Пісцовай
кнізе Пінскага княства”, як “востраў на Лагішыншчыне”
Берасцейскага ваяводства ВКЛ. Мястэчка мела свой герб “Воўк на
ласіных нагах” (гэты ж герб і зараз).
Кароль
Уладзіслаў ІV у 1643 годзе дае мястэчку Лагішын Магдэбургскае
права з усімі вольнасцямі, якімі карысталіся многія гарады ВКЛ.
Граматай былі вызначаныя і зямельныя ўладанні мястэчка.
Лагішынскія мяшчане ў вечным валоданні мелі пашы (землі тыя –
пясок сярод балота) з невялікай платай у каралеўскую казну (дарэчы,
гэты прывілей быў адным з нямногіх на тэрыторыі ВКЛ).
Аднак, ужо па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793) Лагішын быў
пазбаўлены гарадскіх правоў. Зямлю, праўда, пакуль не кранулі. А
праз амаль 30 гадоў, у 1828 годзе расійскія ўлады ўсё ж
пацвердзілі зямельныя правы мяшчан, атрыманыя імі раней.
Герб Лагішына ХVII стагоддзя
У
гэты час у 400 дамах Лагішына пражывалі каля 2800 жыхароў. Дзейнічаў
касцёл (пабудаваны яшчэ ў 1634). Пры ім была ўтвораная езуіцкая місія,
пры якой узнік бясплатны шпіталь і аптэка. Меліся гандлёвыя рады.
Ладзіліся 2 двухтыднёвыя гадавыя кірмашы.
Крыху пазней у Лагішыне была створаная і яўрэйская малітоўная школа. У
прыгарадзе дзейнічаў ветраны млын, працавала маслабойня, скураны цэх. Па
Ясельдзе зімою і летам ездзілі да Гарадзішча. У Ясельдзе лавілі рыбу, у
лясах збіралі грыбы і ягады, палявалі (дзічыны было шмат).
Сучасны герб Лагішына
У верасні 1771 году праз Лагішын праходзіў Аляксандр Сувораў, як прыбыў
у наш край па загадзе расейскай імператрыцы Кацярыны ІІ для падаўлення
канфедэратаў. У гэты час Расея і Прусія выступілі з праектам ураўнання у
правах хрысціян-некатолікаў з католікамі. Але гэтаму знайшліся
праціўнікі, якія стварылі канфедэрацыю. Гэта не спадабалася Кацярыне ІІ
і яна сілай свайго войска разграміла барскіх канфедэратаў, что
садзейнічала першаму падзелу (1772) Рэчы Паспалітай.
У 1772 годзе ў Лагішыне пачалі будаваць Прачысценскую царкву (грэка-каталіцкую).
Дарэчы, яна згарэла ў 1842 годзе, а на месцы пажарышча паставілі капліцу.
Пасля ІІІ падзелу Рэчы Паспалітай (1795) раптам 2260 жыхароў Лагішыну (з
2800) “прымаюць” праваслаўе. Дакладней, усё гэта было па змушэнню. А
католікі, якія засталіся, упарта адстойваюць свае рэлігійныя традыцыі.
Касцёл расейскія ўлады зачынілі толькі ў 1863 годзе, а дакладней,
перадалі яго праваслаўнай царкве.
Царква і касцёл у Лагішыне сёння
У апошняй
чвэрці ХІХ стагоддзя Лагішын становіцца вядомы амаль ва ўсёй Расеі і
замежжы ў сувязі з так званай “Лагішынскай справай”. Аб гэтым тады
пісала і расейская і замежная прэса. Памятаеце аб той зямельнай Грамаце,
якую пазней пацвердзілі расейскія ўлады? І вось, у 1865 годзе менскі
губернатар Токараў пры дапамозе начальніка менскай губернскай
люстрацыйнай камісіі забіраюць лагішынскія пашы, а гэта 131 валока (2755
га), у казну. А праз амаль 10 гадоў было аддадзена распараджэнне, якое
давала права губернатару Токараву “за заслугі” усе пашы выкупіць за 14
тысяч рублёў, з выплатай напрацягу 20 гадоў.
Аднак лагішынскія сяляне аддаваць зямлю ня збіраліся. Пачалі ва ўсе
інстанцыі накіроўваць скаргі, у тым ліку і губернатару. Аднак адказу ня
было. І толькі ў 1874 годзе ўлады паведамілі, што ў сувязі з рашэннем
“справы”, зямлю яны чапаць ня меюць права. А тут і сеяць трэба! І ўборка
не за гарамі! Узнікла незадаволенасць, якая перарасла ў насілле.
Пралілася кроў. Тады ўлады накіроўваюць у Лагішын з Пінска 50
супрацоўнікаў паліцыі, узброеных і на конях. Аднак яны ня здолелі
ўціхамірыць бунт. Бунтавалі больш тысячы лагішынцаў.
Пачалося следства. Паведамілі губернатару Токараву. У 1875 годзе
Міністэрства унутраных спраў дасылае ў Лагішын генерала Лашкарова на
чале двух батальёнаў пяхоты і сотняй казакоў. З кроўю, але бунт задушылі.
Тры дні усіх лагішынцаў білі розгамі. Пяць галоўных завадатараў этапам
саслалі ў Сібір. 20 чалавек асудзілі на 12 год катаргі. Мяшчанам
прысудзілі выплаціць у казну больш 5 тысяч рублёў кантрыбуцыі.
Аднак, мяшчане не здаюцца. Наймаюць адваката (акрамя гэтага, у мяшчан
быў і пакравіцель, нехта Уладзіслаў Галенскі) і накіроўваюць скаргі ў
Пецярбург. Было гэта ў 1875 годзе. А 23 красавіка 1876 году купчая
губернатара Токарава была адмененая і ўсе старажытныя правы лагішынцаў
былі пацверджаныя. Аднак пройдзе яшчэ не адзін год, пакуль з катаргі і
Сібіры вернуцца завадатары бунту. Аднак і вінаватыя былі пакараныя:
губернатар Токараў і генерал Лашкароў былі вызваленыя ад службы бяз
права працы на дзяржаўнай службе. Лагішынцам вярнулі іх землі, выплаты ў
казну і матэрыяльныя страты на вядзенне судовых спраў.
І гэтымі землямі лагішынцы карысталіся да сярэдзіны ХХ стагоддзя, да
калектывізацыі.
Наши проеты: Туристический Кобрин | Познай Кобрин Все права защищены © 2011-2017. Все изображения защищены их правообладателями. При копировании материалов активная ссылка на http://ikobrin.ru обязательна.