Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

1920-1925: як "мухаўцы" чэкістам партызаніць памагалі

Перад мною ліст з сямейнага архіву Міхалоўскіх, сям'і святара Чэрэвачыцкай царквы пад Кобрынам. Я чытаю ліст сына Мікалая сястры Марыі, напісанае 10 лістапада 1923 году ў Вільні:

"Мілая і дарагая Марусенька! Як ты пажываеш? Паведамляю табе наступныя навіны:
... гэтымі днямі вядомы бандыт Муха напаў на цягнік у Ляхавічах, расставіў сваіх агентаў па вагонах, парваў усе правады, каб не паведамілі на суседнюю станцыю, абрабаваў зусім буржуяў, пусьціўшы іх босымі, паліцыю абязброіў, а потым сказаў: "цяпер можаце сабе каціцца ў Лунінец", а сам уцёк".

А яшчэ я памятаю, як нам у дзяцінстве дахаты задавалі вывучыць словы песні. А дзяцінства мае было пасляваенным. Вось радок, які памятаю з той песні:

Памятаюць псы-атаманы,
Памятаюць польскія паны
Чырвонаармейскія нашыя клінкі!


Аднак мама мне напявала зусім іншую песню. Бяз злосці, але патлумачыўшы незразумелую мне сутнасць. I словы другой песні засталіся ў маёй памяці:

Шаблі ў ронцы, лянцэ ў длонь,
Бальшавікоў гонь, гонь, гонь!


Сям'я нашая жыла каля Карэлічаў, гэта дзесьці ў 40 км ад Ляхавічаў. Цяпер я ўзгадваю асобныя эпізоды тых 20-х гадоў з аповядаў маці. Бо конныя рэйды бандытаў праходзілі і на маёй радзіме.

Аднак, усё па парадку.

Рэвалюцыйнага перавароту ў 1917 годзе ў нас (Беларусі) не было. Рэвалюцыя адбывалася ў Петраградзе. На шчасце, не было ў нас і грамадзянскай вайны. Амаль палова насельніцтва заходняй часткі сённяшняй Беларусі была ў бежанстве. Тры гады тут гаспадарылі кайзераўцы, і тыя нямногія, хто не з'ехаў у бежанства.

3 сакавіка 1918 году паміж РСФСР, Германіяй, Аўстра-Венгрыяй, Балгарыяй і Турцыяй была падпісана "Брэст-Літоўская мірная дамова", па якой 4/5 сённяшняй тэрыторыі Беларусі апынулася пад уладай кайзераўскай Германіі, а паўднёвая частка Беларусі была далучана да гетманскай Украіны.

У гэты час у Польшчы да ўлады прыходзіць урад Юзэфа Пілсудскага з ідэяй "Вялікая Польшча ў гістарычных межах". А 13 лістапада 1918 году Усесаюзны цэнтральны выканаўчы камітэт РСФСР анулюе Брэст-Літоўскую дамову. I да лютага 1918 году тэрыторыя Заходняй Беларусі штыкамі чырвонаармейцаў была ачышчаная ад кайзераўцаў.

Але да восені 1919 году польскія легіянеры, пры падтрымцы Антанты, заваёўваюць усю тэрыторыю Беларусі. Але ўжо да пачатку 1920 году бальшавікі, дастаткова ўмацаваўшы пазіцыі ўнутры Расіі, пачалі паход у Еўропу за сусветнай рэвалюцыяй. Ішлі пад лозунгамі "Даеш Варшаву! Даеш Берлін!" I ішлі так імкліва, што дайшлі не толькі да Віслы, але і нашмат заходней Варшавы.

Але тут Польшча, ды і перапужаная Антанта, зрабілі "цуд на Вісле". Адкат чырвоных быў такім катастрафічным, што 15 кастрычніка 1920 году польскія легіянеры ўварваліся ў Менск. Праўда, на некалькі дзён. Аднак, працягваць ваенныя дзеянні Польшчы не хапіла моцы, таму яна пайшла на падпісанне новай мірнай дамовы. Спачатку папярэдняй – 12 кастрычніка 1920 году, потым Рыжскай – 18 сакавіка 1921 году.

Даслоўна…

"бакі адмаўляюцца ад усялякіх інтэрвенцый, або іх падтрымкі", "...абавязуюцца не ствараць і не падтрымліваць арганізацый, якія маюць на мэце ўзброеную барацьбу з другім бокам".

Захад пачынаўся каля Менска, ля станцыі Негарэлае. 3 цэнтральнай Полыпчы сюды рушылі асаднікі з ліку былых легіянераў.

Са словаў маіх бацькоў, у тутэйшых людзей ніхто ні зямлі, ні жывёлы не адбіраў. Наадварот. Польшча садзейнічала развіццю асабліва сельскай гаспадаркі. Польская валюта стабілізавалася. Жыхары маглі нават захоўваць грошы ў банках, атрымоўваючы дывідэнды (ёсць гэтаму пацверджанне у асабістым архіве нашай сям'і).

Вольна можна было выехаць на заробкі ў ЗША і Канаду, і гэтаксама вольна вярнуцца з грашыма. Ну а што там, ва ўсходняй частцы Беларусі?

У гэтыя гады там было каля 800 мелкатаварных сялянскіх гаспадарак, агульнай колькасцю насельніцтва каля 4 мільёнаў чалавек. Канчатковы лёс усходняга беларускага селяніна быў вырашаны ў 1929 годзе, калі Сталіным быў узяты курс на калектывізацыю. Для забеспячэння высокіх тэмпаў у вёскі накіравалі тысячы ўпаўнаважаных...

Аднак, вернемся да нашай асноўнай тэмы. Зразумела, што ў любой краіне ёсць спецслужбы, і ў звычайным парадку яны працуюць і на чужой тэрыторыі. Практычна да восені 1920 году пазіцыйная вайна РСФСР і Польшчы закончылася. Аднак, як стала вядома нядаўна – Заходні фронт РСФСР на нашай тэрыторыі існаваў да 1925 году.

Нелегальная ваенная арганізацыя, кіраваная Масквой, дзейнічала на Захадзе Беларусі. Савецкая ваенная разведка і ГПУ падзялілі наш край на "партызанскія ўчасткі". Імкнуся зразумець, што кіравала такім узаконеным бандытызмам? Дакладней, чэкізмам.

Думаю, што імкненне рэваншу за "цуд на Вісле". I як вынік – узаконеная разня. Маю некаторую інфармацьпо аб двух, у выніку Героях Савецкага Саюзу, якіх не забылі і сёння: Кірыл Арлоўскі (1895-1968) і Васіль Корж (1899-1967).

Гэта яны ў 20-я гады ў нашай мясцовасці, з ведама Масквы вялі партызанку на стыку сённяшніх Менскай і Брэсцкай абласцей – гэта ваколіцы Баранавічаў, Ганцавічы, Ляхавічы, Клецк, Нясвіж, Стоўбцы.

Нагадаю вядомае: Кірыл Арлоўскі, прататып героя мастацкага фільма 60-ых "Старшыня", нарадзіўся на Магілёўшчыне. Удзельнічаў у рэвалюцыі 1917 году, затым у Маскве скончыў курсы камскладу. I быў накіраваны начальнікам партызанскага ўчастка № 4 на тэрыторыі Заходняй Беларусі, аднак, згодна Рыжскай дамовы, тэрыторыі Польшчы, уздымаць вайну "гневу працоўных". Метад быў адзін – "чым горш, тым лепш". Ставілася мэта – ланцуг насілля. А там бачна будзе!

У атрадзе Арлоўскага быў і Васіль Корж, ураджэнец вёскі Хорастаў, сённяшняга Салігорскага раёну. У рэвалюцыі 1917 году, мяркую, ён не ўдзельнічаў з-за малалетняга ўзросту. Але да 1920 году яму было 20 год. Як звёў лёс гэтых людзей – невядома.

Я не была сведкай тых далёкіх падзеяў. Але я бачыла архіўныя зводкі ўпраўлення дзяржаўнай паліцыі Палескага ваяводства аб дзейнасці гэтых людзей. "6 лютага 1924 году група ў складзе 40-50 чалавек, узброеных вінтоўкамі, гранатамі і рэвальверамі, у сяле Караевічы (Лунінецкі павет) знішчыла тэлефонную лінію, якая вядзе ў сяло Ганцавічы; 7 лютага група ў складзе 20 чалавек разграміла памешчыцкі кааператыў "Еднасць"; 25 лютага разграміла маёнтак у сяле Зарэчча".

Асабліва цікава аб кааператыве "Еднасць" – лічы камуна! I з чаго гэта паразіт-памешчык надумаў арганізавацца ў камуну, ды яшчэ ў Польшчы і ў 1924 годзе? Думаю, не гарэлку піць! Мяркую, што на рынак выраблялі яны збожжа, мяса, малако... I ўсё пад корань, усё на папялішча! Вось вам і легендарны чэкіст і ваенны разведчык Арлоўскі!

А што рабіў каля Баранавічаў, на польскай па Рыжскай дамове тэрыторыі: забіваў вясковых паліцыянтаў, памешчыкаў, ды і просты народ. Ірвалі чыгуначнае палотнішча, тэлефонную сувязь, палілі жыллё. А народ казаў, што ў незгаворлівых паненак пускалі пух з пярыны...

Але самае цікавае, што гэтыя прозвішчы – Арлоўскі і Корж, не былі на слыху ў народа. Усё спісвалася на бандыта Муху (узгадайце ліст у пачатку артыкула).

Дык хто ён такі, гэты няўлоўны Муха, які змагаўся з пілсудчынай?

Сапраўднае яго імя – Юзэф Міхальскі, ураджэнец Варшаўскага ваяводства. Служыў у чыне харунжага, у Ляхавічах. Казалі, што быў надзвычай прыгожы. 3-за мардабою з старэйшым афіцэрам пайшоў пад трыбунал, але здолеў збегчы. Назбіраў хеўру бандытаў, такіх як сам, у ваколіцах Баранавічаў. Рабаваў памешчыкаў, святароў, яўрэяў, біў як паноў, так і бальшавікоў.

Падобна, што чэкіст Арлоўскі і Корж дзесьці паланілі гэтага бандыта і падпарадкавалі сабе. I пачалі дзейнічаць ад імя легендарнага няўлоўнага атамана. Неаднойчы паліцэйскія атрымлівалі лісты, пісаныя сапраўды атаманам Мухай. Аднак падобныя на дыктоўку чэкістаў.

Але ў пачатку 1925 году чэкісты атрымалі загад – згарнуць заходнебеларускі атрад Арлоўскага. Ёсць звесткі, што Васіль Корж у 1926 годзе ў сяле Мецявічы арганізуе сельскагаспадарчую камуну. А ў 1931-1936 гадах служыў у органах НКУС. Потым была Іспанія, партызанка, у 1944 – атрымаў званне Героя СССР. I, як усе смяротныя, памёр у 1967 годзе.

I ўсе забыліся на "партызанку" у 20-я гады на польскай тэрыторыі. Хутчэй, не забыліся, а не ведаюць! А што наш Арлоўскі? Пасля "партызанкі" служыў у ГУЛАГу, аб чым ніхто не ўзгадваў. Быў у Іспаніі і Кітаі. Ну а потым – бязрукі старшыня ў Кіраўскім раёне на Магілёўшчыне.

Ну а што "Муха"-Міхальскі? Звесткі аб ім цьмяныя, бо каму патрэбнае жыццё бандыта? Аднак нешта вымалёўваецца.
У 1925 годзе яго са сваімі сябрукамі чэкісты Арлоўскага накіроўваюць на "адпачынак" у Лошыцу (тую, што пад Менскам). Дакладна вядома, што менавіта ГПУ у 1925 годзе там заснавалі Беларускае аддзяленне Усесаюзнага інстытута раслінаводства.

Дарэчы, некалі там была каларытная сядзіба памешчыка Любанскага. Народ казаў, што тады "мухаўцаў" узброеныя людзі ГПУ заводзілі ў лазню групамі. Там і растрэльвалі. А потым трупы кудысьці вывозілі. Не выключаю, што некаторым "мухаўцам" давялося "адпачнуць" і ў сталінскіх лагерах.

Узгадваю перабудовачную галоснасць. Лошыца побач з Курапатамі называлася як мясціна, дзе рэпрэсіўныя органы займаліся знішчэннем ахвяраў сталінскага рэжыму. Усё сыходзіцца.

Материал стал победителем литературного конкурса «Рэха Берасцейшчыны», 2012 г.