Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Кобрынскія карані «Кодака»

У 1828 годзе ў маёнтку Мацы, што за 15 кіламетраў ад Кобрына і за адзін кіламетр ад тых мясцін, дзе жыву я, нарадзіўся Уладзіслаў Малахоўскі. На той час у Мацах жыло каля 300 насельнікаў. Малахоўскія былі ўладальнікамі 415 дзесяцін зямлі. Зусім блізка была вёска Стрыгава — цэнтр воласці. Там былі праваслаўная царква, валасное ўпраўленне, народнае вучылішча, школа, хлебазапасны магазін, карчма і бровар.

Пасля хатняга навучання Уладзіслаў Малахоўскі набываў веды ў Свіслацкай гімназіі, затым у Пецярбургскім інстытуце шляхоў зносін. Менавіта ў Пецярбургу яго апанавалі ідэі вальналюбства, і менавіта там ён пазнаёміўся з Кастусём Каліноўскім.

А калі ў 1862 годзе К.Каліноўскі ўзначаліў паўстанцаў, Малахоўскі прыклаў шмат намаганняў, каб ператварыць гэтае выступленне ва ўсерасійскае сялянскае паўстанне за зямлю і волю. На гэты час Ул.Малахоўскі займаў пасаду начальніка паўстанцаў Вільні. І на яго плечы легла цяжкая адказнасць за вырашэнне лёсаў тых, каго паўстанцы лічылі найбольш вінаватымі перад народам. Зразумела, такая “зачыстка” выклікала бязлітасную жорсткасць з боку ўлады.

Малахоўскі разумеў, што яму далей у Вільні заставацца небяспечна, таму ў жніўні 1863 года адправіўся за мяжу, у Кёнігсберг, дзе стаў прадстаўніком К.Каліноўскага, займаючыся закупкай і дастаўкай зброі для паўстанцаў. Пасля разгрому паўстання яму ўдалося (відаць, за вялікія грошы) пазбегнуць арышту. І, атрымаўшы англійскі пашпарт, ён выехаў у Лондан. Яму было 36 гадоў.

У Лондане Ул.Малахоўскі стварыў уласную фірму, і ўжо праз пяць гадоў яе ведала ўся Еўропа. А займаўся наш зямляк фотасправай. Як інжынеру, Малахоўскаму ўдалося значна ўдасканаліць сам працэс фатаграфавання. Фотапласцінкі ён замяніў на плёнку, пакрытую бромсерабром. Ягонае адкрыццё выклікала пераварот у сусветнай фотасправе. Гэта быў 1878 год.

Уладзіслаў Малахоўскі стаў выязджаць у розныя краіны, прапаноўваючы сваё адкрыццё. Не абмінуў ён і Расію. Калі ў Маскве ў 1882 годзе праходзіла Усерасійская выстава, Малахоўскага нават узнагародзілі медалём. Невядома, ці прыязджаў Ул.Малахоўскі на сваю малую радзіму. У маёнтку, напэўна, яшчэ былі жывыя бацькі або хто з родзічаў...

Але разам са славай заўсёды ідзе зайздрасць. Знайшліся тыя, хто яго “падставіў”. Пачаліся судовыя працэсы. Віну яго не даказалі. Але маральная рана ў душы засталася. І як вынік — у 1900 годзе ў Жэневе Малахоўскі скончыў жыццё самагубствам. Там і пахаваны. І, мусіць, ягоную магілу ўжо ніхто не шукае.

А цяпер наконт “Кодака”. Знакамітай на ўвесь свет фірмы магло і не быць, калі б гэтую касету не прыдумаў наш зямляк — літвін з-пад Кобрына Уладзіслаў Малахоўскі (з англійскім пашпартам на імя Леона Варнеркі). Што ж засталося ад маёнтка Мацы, што пад Кобрынам?

А нічога! Нават каменя з падмурка. І прозвішча такога няма ў мясцовым тэлефонным даведніку. І каменя на могілках няма з прозвішчам Малахоўскі. Ёсць толькі невялікая даведка ў “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі”...

Ніна Марчук, газета "Народная Воля", 18.01.13

Материалы



Наши партнеры

Познай Кобрин