Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Малахоўскі Уладзіслаў Юльянавіч

Да нашага часу застаецца шмат нераскрытых старонак беларускай гісторыі, яшчэ больш застаецца невядомых імёнаў і прозвішчаў нашых землякоў, якія ўнеслі значны ўклад у сусветную гісторыю. Да ліку такіх асоб належыць Уладзіслаў Юльянавіч Малахоўскі.

Уладзіслаў Малахоўскі - стваральнiк прататыпа «Кодака»

Уладзіслаў Малахоўскі нарадзіўся ў 1827 годзе ў маёнтку Маце Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (сёння гэта Кобрынскі раён Брэсцкай вобласці). Пасля хатняга навучання юнак набываў веды ў Свіслацкай гімназіі, якая адкрыла дарогу ў свет многім славутым людзям Беларусі. Пасля гімназіі вучыўся ў Пецярбургскім інстытуце шляхоў зносін. Там, у тагачаснай сталіцы Расійскай імперыі, і авалодалі маладым чалавекам ідэі барацьбы за пераўтварэнне грамадства. Малахоўскі наладзіў кантакты з тайнай рэвалюцыйнай арганізацыяй разначынцаў «Зямля і воля». У Пецярбургу Уладзіслаў пазнаёміўся з Кастусём Каліноўскім. Таму, калі пачалося паўстанне пад кіраўніцтвам Каліноўскага, члены арганізацыі «Зямля і воля» ўступілі ў саюз з партыяй «чырвоных». Малахоўскі прыклаў шмат намаганняў, каб ператварыць гэтае выступленне ва ўсерасійскае сялянскае паўстанне за зямлю і волю. Ён стаў адным з кіраўнікоў партыі «чырвоных»: займаў пасаду начальніка паўстанцаў Вільні. Калі ў Вільні заставацца стала небяспечна, Малахоўскі ў 1863 годзе перабраўся за мяжу — у Кёнігсберг, дзе займаўся закупкай і дастаўкай зброі для паўстанцаў Каліноўскага. Удзельнічаў у выданні газеты «Глос з Літвы».

Пасля задушэння паўстання Каліноўскага Малахоўскі выехаў у Лондан, дзе жыў пад імем Леона Варнэрке. У англійскай сталіцы наш зямляк заснаваў уласную фірму, якая займалася фотасправай. Ужо праз пяць гадоў гэтая фірма стала шырока вядомай ва ўсёй Заходняй Еўропе. Гэта сталася дзякуючы намаганням Уладзіслава Малахоўскага, які вынайшаў спецыяльную прыладу — сенсітометр, а ў 1875 годзе сканструяваў фотаапарат са скручанай касетай, які спецыялісты лічаць прататыпам «Кодака». Важны ўклад унёс Малахоўскі ў сам працэс фатаграфавання: фотапласцінкі ён замяніў на плёнку, пакрытую бромсерабром. Яго адкрыццё выклікала пераварот у сусветнай фотасправе, паколькі нічога падобнага дагэтуль у свеце не было. Малахоўскі пачаў ездзіць па розных краі нах і прапагандаваць свае адкрыцці. Пабываў і ў Расіі — у Маскве ў 1882 годзе праходзіла Усерасійская выстава. Адкрыццямі нашага земляка захапляўся вядомы расійскі вучоны-хімік Дзмітрый Мендзялееў. Уладзіслаў Юльянавіч абмяркоўваў разам са славутым вучоным ідэю аб заснаванні секцыі фатаграфіі Расійскага імператарскага тэхнічнага таварыства. У выніку гэта ідэя спраўдзілася.

Фірма Малахоўскага імкліва развівалася. Сведчаннем гэтага служылі шматлікія філіялы не толькі ў Вялікабрытаніі, але і ў іншых еўрапейскіх краінах. Але, на жаль, дзейнасць фірмы была азмрочана абвінавачваннямі ў выкарыстанні фальшывых расійскіх рублёў адным з філіялаў лабараторыі. Пазней віна Малахоўскага ў з'яўленні фальшывых грошай у судзе не была даказана. Верагодна, такім чынам вырашылі падставіць паспяховага вынаходніка яго канкурэнты. Магчыма, былі іншыя прычыны. Беспадстаўныя абвінавачванні выклікалі цяжкія перажыванні ў Малахоўскага. Нягледзячы на апраўдальны вердыкт суда, душэўнае супакаенне не прыйшло: 7 кастрычніка 1900 года Уладзіслаў Малахоўскі, не вытрымаўшы маральных пакут, застрэліўся.

Невядома, ці з'явілася б фірма «Кодак», фотаапараты якой сёння карыстаюцца папулярнасцю ва ўсім свеце, калі б беларуская зямля не падарыла свету Уладзіслава Малахоўскага.

Паходжанне прозвiшча
Часам паходжанне прозвішча Малахоўскі звязваюць з імем бажаства Молаха, якое ўпамінаецца ў Бібліі. Молах у пісьмовых крыніцах апісваецца ў выглядзе чалавека з галавой быка і працягнутымі ўперад рукамі. Асаблівасцю пакланення гэтаму бажаству было прынясенне ў ахвяру дзяцей, якіх спальвалі на агні. Таму, відаць, і ўзнікла меркаванне, што ў далёкім мінулым некаторыя бацькі, каб засцерагчы дзяцей ад уздзеяння злых сіл, маглі даваць ім імя Молах, якое пазней перайшло ў прозвішча. Аднак такую думку нельга лічыць навукова абгрунтаванай. Пакланяліся Богу Молаху сірыйцы, фінікіняне, аманіцяне. Для ўсходнеславянскіх зямель культ Молаха не быў характэрны.

Навукова даказана, што ў аснову прозвішча Малахоўскі пакладзена старажытнае хрысціянскае канананічнае імя Малахія, якое прыйшло да нас са старажытнаяўрэйскай мовы, дзе літаральна азначала «пасланец Бога». Імя Малахія зрэдку фіксуецца ў старабеларускіх помніках XVI — XVII стст.: от пана Малахия Андреевича Казкевича (Гісторыка- юрыдычныя матэрыялы, атрыманыя з актавых кніг Віцебскай і Магілёўскай губерняў, 1691). Але найбольшае распаўсюджанне гэта царкоўнае імя ў беларускай мове атрымала ў дзвюх формах: Малафей і Малах: Малах Насовіч (1614, Аршанскі павет), Малах Іванавіч (Магілёў, 1635), Малафей Канановіч (Мінскі павет).


 

Сучасныя Малахоўскiя
Прозвішча Малахоўскі даволі часта сустракаецца на тэрыторыі сучаснай Беларусі: Браслаўскі, Верхнядзвінскі, Віцебскі, Мёрскі, Лёзненскі, Расонскі, Талачынскі,Ушацкі раёны Віцебскай вобласці; Лоеўскі, Рэчыцкі, Чачэрскі раёны Гомельскай вобласці; Воранаўскі, Дзятлаўскі, Карэліцкі, Лідскі раёны Гродзенскай вобласці; Кіраўскі, Клімавіцкі, Клічаўскі, Крычаўскі, Слаўгарадскі раёны Магілёўскай вобласці; Барысаўскі, Валожынскі, Мінскі, Пухавіцкі, Слуцкі, Смалявіцкі, Клецкі раёны Мінскай вобласці, горад Мінск. Неаднаразова на нашых землях адзначаюцца і аднакаранёвыя прозвішчы: Малах (Бешанковіцкі, Чашніцкі раёны Віцебскай вобласці; Асіповіцкі раён Магілёўскай вобласці), Малаха (Ашмянскі, Карэліцкі раёны Гродзенскай вобласці; Магілёўскі раён), Малахаў (Бярозаўскі, Івацэвіцкі, Камянецкі, Лунінецкі раёны Брэсцкай вобласці; Аршанскі, Гарадоцкі, Дубровенскі, Лёзненскі, Пастаўскі, Полацкі, Расонскі, Сенненскі, Талачынскі, Ушацкі, Шумілінскі раёны Віцебскай вобласці; Буда-Кашалёўскі, Лоеўскі, Рагачоўскі, Рэчыцкі, Светлагорскі раёны Гомельскай вобласці; Бераставіцкі раён Гродзенскай вобласці; Бабруйскі, Быхаўскі, Бялыніцкі, Глускі, Горацкі, Касцюковіцкі, Кіраўскі, Клімавіцкі, Краснапольскі, Крычаўскі, Магілёўскі, Мсціслаўскі, Слаўгарадскі раёны Магілёўскай вобласці; Слуцкі, Стаўбцоўскі раёны Мінскай вобласці; горад Мінск), Малахвей (Ваўкавыскі, Свіслацкі раёны Гродзенскай вобласці; Нясвіжскі раён Мінскай вобласці), Малаховіч (Баранавіцкі, Пінскі раёны Брэсцкай вобласці; Верхнядзвінскі, Дубровенскі раёны Віцебскай вобласці; Астравецкі, Слонімскі раёны Гродзенскай вобласцi).

Газета "Звязда" , 2013-04-23

Iгар Капылоў

Навигация





Наши партнеры

Животный мир Кобринщины, Кобрин, Беларусь

химчистка диана чистка ковров