Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Статьи о Кобрине: 1945 - Дожинки

З гісторыі прадпрыемстваў Кобрына

АДКРЫТАЕ АКЦЫЯНЕРНАЕ ТАВАРЫСТВА «ЗАВОД ПДРАЎЛІЧНАГА МАШЫНАБУДАВАННЯ»

Заснавана ў 1940 г. у Кобрыне як ма шынна-трактарная майстэрня (МТМ). Ажыццяўляла рамонт трактарных рухавікоў, агрэгатаў аўтамабіляў. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны было завершена будаўніцтва 1-й чаргі завода, здадзены ў эксплуатацыю машынна-сілавое, маторнае i разборна-зборнае аддзяленні, механічны цэх, выпрабавальная станцыя, склады, заводаўпраўленне. У час адступлення гітлераўцы вывезлі абсталяванне і электрастанцыю, узарвалі машынна-сілавое аддзяленне. МТМ аднавіла працу ў верасні 1944 г. пасля вызвалення Кобрына.

В'етнамская дэлегацыя на кобрынскім заводзе «Гідрамаш». 1968 г.

Яе рабочыя (25 чалавек) адбудавалі электрастанцыю, якая забяспечвала электраэнергіяй горад, дапамагалі ў зварачных работах на аднаўленні разбуранага моста цераз Мухавец. У 1945 г. пачалі рамантаваць сельскагаспадарчую тэхніку, у канцы 1946 г. уведзены ў строй чыгуналіцейны ўчастак. Восенню 1947 г. МТМ рэарганізавана ў міжраённую майстэрню капітальнага рамонту.

Кобрынскі і суседнія Антопальскі і Дзівінскі раёны на карце з «Атласа БССР» 1958 г. 8 жніўня 1959 г. апошнія два раёны былі скасаваны, a іх тэрыторыя падзелена паміж суседнімі раёнамі. З Антопальскага раёна г.п. Антопаль, Галоўчыцкі, Дзеткавіцкі, Імянінскі і Першамайскі сельсаветы былі перададзены ў Драгічынскі раён, а Аніскавіцкі, Гарадзецкі і Грушаўскі сельсаветы адышлі да Кобрынскага раёна. Дзівінскі раён быў падзелены паміж Кобрынскім, Маларыцкім і Драгічынскім раёнамі: да Кобрынскага адышлі Верхалескі, Дзівінскі, Навасёлкаўскі, Павіцкі, Хабовіцкі сельсаветы, да Маларыцкага — Осаўскі і Чэрнінскі, да Драгічынскага — Радастаўскі.

 У 1948 г. яна мела 3 участкі: механічны, ліцейны і маторны, дзе ажыццяўляўся капітальны рамонт аўтамабільных і трактарных рухавікоў, пазней быў асвоены выпуск калёс для счэпаў С-11, пультаў для прасушкі збожжа, пярэдніх калёс для трактароў і інш. У 1949 г. ММКР рэарганізавана ў рамонтны завод, якому былі перададзены памяшканні і пабудовы былой Кобрынскай машынна-трактарнай станцыі: галоўны рамонтны корпус, гараж, кацельня, воданапорная вежа і інш. Яны былі пераабсталяваны пад вытворчыя плошчы аўтарамонтнага прадпрыемства. З 1959 г. завод праводзіў капітальны рамонт аўтамабіляў ГАЗ-51, іх рухавікоў, пярэдніх і задніх мастоў, каробак перадач, рулявога кіравання. Было адрамантавана 43 машыны. У той час на заводзе працавала 219 чалавек. Працягвалася асваенне новых відаў прадукцыі: стэндаў для рамонту абсталявання жывёлагадоўчых ферм, эстакад для разборкі і зборкі аўтатрактарных рухавікоў. Гэтыя вырабы пастаўляліся ў саюзныя рэспублікі краіны, асобныя ішлі на экспарт. У 1967 г. пабудаваны новы ліцейны ўчастак з вытворчай плошчай больш за 1100 м2, які даваў штогод 1000 т чыгуннага ліцця. 3 1972 г. завод спецыялізаваўся на рамонце грузавых аўтамабіляў

ГАЗ усіх мадыфікацый. Пасля рэканструкцыі ў 1976 г. узведзены галоўны вытворчы (плошча 13 тыс. м2) і 4-павярховы адміністрацыйна-бытавы карпусы, кампрэсарная і кацельня, якая забяспечыла цяплом і гарачай вадой шэраг прадпрыемстваў і жылых дамоў горада. 3 1997 г. таварыства «Гідрамаш» стала акцыянерным. З'яўляецца буйнейціым у Рэспубліцы Беларусь прадпрыемствам па выпуску гідрацыліндраў. Асноўныя спажыўцы прадукцыі — Мінскія аўтамабільны і трактарны заводы, Гомсельмаш, Лідсельмаш і інш. У 1997 г. асвоены выпуск культыватараў, седлавых канструкцый для велікагрузных аўтамабіляў.

ПТУШКАФАБРЫКА «КОБРЫНСКАЯ»

Заснавана ў 1962 г. на базе інкубацыйна-племянной станцыі і калгаса «Расія». З 1969 г. у складзе Баранавіцкага вытворчага аб'яднання, з 1993 г. у падпарадкаванні рэспубліканскага аб'яднання «Белптушкапрам». Асноўныя кірункі дзейнасці птушкафабрыкі — вытворчасць і рэалізацыя яек, мяса птушкі, яечнага меланжу і бялку, каўбасных вырабаў, паўфабрыкатаў і кансерваў з мяса птушкі, вытворчасць травяной мукі, сухіх бялковых кармоў. Займае тэрыторыю плошчай 410 га. Цэхі: сартавання яек, паглыбленай перапрацоўкі мяса птушкі, забою птушкі, вытворчасці яечнага меланжу і бялку, сухіх кармоў. Магутнасць інкубаторыя складае 3144 тыс. птушкамесцаў, для вырошчвання маладняку птушкі маюцца 8 куранятнікаў з адначасовай умяшчальнасцю 279 тыс. птушка-месцаў, для ўтрымання дарослай птушкі — 15 птушнікаў умяшчальнасцю 385 тыс. птушкамесцаў. Штогод прадпрыемства вырабляе 350 — 400 т яечнага меланжу і бялку, рэалізуе на мяса больш за 300 т галоў птушкі. Побач з вытворчасцю вараных і паўвэнджаных каўбас, кансерваў «Курыца ва ўласным соку» вырабляюцца катлеты, пельмені, макаронныя вырабы, выпякаюцца хлебабулачныя вырабы. Рынкам збыту прадукцыі птушкафабрыкі з'яўляюцца прадпрыемствы дзяржаўнага і фірменнага гандлю, грамадскага харчавання, бюджэтныя арганізацыі Брэсцкай вобласці і Беларусі. Мае 9 фірменных магазінаў: у Кобрыне (3), Брэсце і Жабінцы (па 2), Драгічыне і Пінску (па 1).

МЭБЛЕВАЯ ФАБРЫКА

Заснавана ў 1948 г. як арцель імя А.В.Суворава. Выпускала сталы, крэслы, трумо. Працавала 30 чалавек, аб'ём прадукцыі складаў 15 тыс. рублёў у год. У 1957 г. арцель перададзена Кобрынскаму райпрамкамбінату і да 1969 г. была адным з яго цэхаў. У 1964 г. узведзены адзін з будынкаў сучаснага цэха (плошча 2400 м2). Дзякуючы ўстаноўцы новага абсталявання была наладжана вытворчасць фанераванай 3-дзвернай шафы. Калектыў рабочых налічваў 185 чалавек, аб'ём прадукцыі ў 1965 г. склаў 660 тыс. рублёў. У 1969 г. мэблевы ўчастак стаў самастойнай фабрыкай. Замест фарбаванай мэблі асвоены выпуск фанераваных сервантаў, кніжных шаф, туалетных тумб.

Прадукцыя Кобрынскай мэблевай фабрыкі.

Дабудаваны ўчастак па зборцы і ўпакоўцы прадукцыі. У 1971 г. мэблевая фабрыка ўвайшла ў склад Брэсцкага мэблевага вытворчага аб'яднання і стала адным з яго цэхаў. У выніку рэканструкцыі прадпрыемства пабудаваны цэх па механічнай апрацоўцы дэталей, механічная майстэрня, вытворчы ўчастак па зборцы і ўпакоўцы мэблі, склады сыравіны і матэрыялаў, гатовай прадукцыі. У 1985 г. калектыў перайшоў на выраб корпуснай мэблі «Русь», якая выпускаецца ў 8 варыянтах. Дзяржаўны Знакякасці прысвоены наборам корпуснай мэблі «Аўрыка» (1978) і «Русь». 3 1994 г. фабрыка існуе як самастойнае прадпрыемства ў складзе канцэрна «Брэстмясцпрам». У 1999 г. уведзены ў дзеянне сталярны цэх, наладжана вытворчасць філянговых дзвярэй. Выпушчана першая партыя спальні новага пакалення з масіўнай драўніны. Мае фірменны магазін. Значны ўклад у станаўленне і развіццё фабрыкі зрабілі яе дырэктары Л.Я.Гольцман і М.А.Ермаловіч.

КОБРЫНСКІ ХЛЕБАЗАВОД

Заснаваны ў 1954 г. У 1959 г. пабудаваны булачны цэх, у 1962 г. — склады для сыравіны, кацельня. У 1970 г. завод газіфікаваны. У 1992 г. уступіў у строй новы хлебазавод, аснашчаны 5 тэхналагічнымі лініямі па вытворчасці чорнага хлеба, булачных і сухарных вырабаў. Праектная магутнасць 65 т хлебабулачных і кандытарскіх, 1,5 т цукровых вырабаў. Пастаўляе прадукцыю ў Кобрын і раён, Брэст, Драгічынскі, Жабінкаўскі, Камянецкі і Маларыцкі раёны.

КОБРЫНСКІ МЯСАКАМБІНАТ
Заснаваны ў 1997 г. Асноўная прадукцыя: каўбасы паўвэнджаныя, варана-вэнджаныя, вараныя, сыравэнджаньм, паўфабрыкаты, у тым ліку фарш і пельмені. На камбінаце распрацаваны новыя тэхналогіі сыравяленых вырабаў, такіх як «Бастурма» трох і «Сунжук» двух відаў. У 1999 г. выраблена 2506 т мяса і субпрадуктаў 1-й катэгорыі, у тым ліку 1929 т ялавічыны, 420 т свініны. Вытворчасць каўбасных вырабаў склала 1806 т, паўфабрыкатаў — 313 т. Пастаўшчыкамі сыравіны з'яўляюцца 34 калгасы і саўгасы.

РЭСПУБЛІКАНСКАЕ УНІТАРНАЕ ВЫТВОРЧАЕ ПРАДПРЫЕМСТВА «КОБРЫНСКІ ІНСТРУМЕНТАЛЬНЫ ЗАВОД «СІТОМО»

Створаны ў 1960 г. на базе слясарнай майстэрні, лесапільні, кузні, ліцейна-механічнага завода, які ўваходзіў у склад райпрамкамбіната. У 1961 — 1965 гг. рэканструяваны, пабудаваны новыя цэхі. Прадпрыемства спецыялізавалася на выпуску шырокага асартыменту слясарна-мантажнага інструменту і тэхналагічнага абсталявання. Асноўная прадукцыя: ключы гаечныя розных памераў і найменняў, клупы трубныя для наразання разьбы са зменнымі плашкамі, нажніцы ручныя для рэзання металу, малаткі, зубілы, пласкагубцы, рамкі нажовачныя, клеймы ручныя лічбавыя і літарныя і інш. 3 1968 г. Кобрынскае інструментальнае вытворчае аб'яднанне. 3 1986 г. завод у складзе беларускага інструментальнага вытворчага аб'яднання. Сучасная назва з 1996 г. Пры стварэнні новых распрацовак на заводзе выкарыстоўваецца сістэма аўтаматызаванага праектавання. Прадукцыя вядома ў краінах СНД і далёкага замежжа. Узнагароджаны Міжнароднай брыльянтавай зоркай за якасць.

РЭСПУБЛІКАНСКАЕ УНІТАРНАЕ ВЫТВОРЧАЕ ПРАДПРЫЕМСТВА «КОБРЫНСКАЯ ПРАДЗІЛЬНА-ТКАЦКАЯ ФАБРЫКА «РУЧАЙКА»

Створана ў 1980 г. З'яўляецца буйнейшым у Рэспубліцы Беларусь прадпрыемствам лёгкай прамысловасці па вытворчасці тканін тэхнічнага і бытавога прызначэння з хімічных штапеліраваных валокнаў доўгай рэзкі (35 — 38 мм), а таксама з сумесі хімічных валокнаў з натуральнымі. Фабрыка складаецца з 2 самастойных вытворчасцей: прадзення хімічных валокнаў і ткацкай. Магутнасць прадзільнай вытворчасці складае 95 856 верацён з выпускам 5100 т пражы ў год. Ткацкая вытворчасць налічвае 847 адзінак ткацкіх станкоў з гадавым вырабам 34 тыс. м тканін. Цэхі фабрыкі аснашчаны тэхналагічным абсталяваннем машынабудаўнічых заводаў Пензы, Іванава, Кузнецка (Расія), Ташкента (Узбекістан), Германіі, Чэхіі, Італіі, Індыі. Выпускае адзіночную і кручаную пражу як для ўласнага спажывання, так і таварную. Асабліва шырокі асартымент пражы трыкатажнага прызначэння ў розным сумесевым саставе з прымяненнем катанізаванага льновалакна. Сярод тэхнічных тканін рознага прызначэння — тканіна пад аснову штучнай скуры, цыраты медыцынскай, шліфавальнай шкуркі, лінолеума і інш. Вырабляецца іголкапрабіўное палатно з поліэфірнага валакна ў аб'ёме 370 тыс. пагонных метраў, а таксама прашыўное палатно з адыходаў уласнай вытворчасці. Асноўнымі пастаўшчыкамі сыравіны з'яўляюцца Магілёўскае вытворчае аб'яднанне «Хімвалакно», прадпрыемствы Маскоўскай вобласці, Калінінграда, Разані (Расія). Бавоўнавае валакно імпартуецца з рэспублік Сярэдняй Азіі. У 1997 г. фабрыка працавала з новымі відамі валокнаў вытворчасці Германіі.

РЭСПУБЛІКАНСКАЕ УНІТАРНАЕ ПРАДПРЫЕМСТВА «КОБРЫНСКАЯ ШВЕЙНАЯ ФІРМА «ЛОНА»

Заснавана ў 1944 г. як швейная майстэр няарцель «Сацпраца». Арцелі было перададзена некалькі трафейных швейных машын фірмы «Зінгер». Да вясны 1945 г. вырабляла прадукцыю для фронту. У 1956 г. арцель перададзена Міністэрству лёгкай прамьісловасці БССР і перайменавана ў швейную фабрыку. Працавала 256 чалавек. Пашывачны асартымент — касцюмы для дзяцей з баваўняных і шарсцяных тканін. У 1961 —1966 гг. праведзена рэканструкцыя фабрыкі, у 1967 г. пабудаваны новы вытворчы корпус. Колькасць рабочых узрасла да 1300 чалавек. 3 1972 г. пачалося асваенне новага асартыменту — куртак спартыўна-бытавога прызначэння для ўсіх узроставых груп. Прадпрыемства аснашчана айчынным і замежным абсталяваннем. У 1993 г. Кобрынская швейная фабрыка стала арэндным прамыслова-гандлёвым прадпрыемствам «Лона», у 1994 г. перайменавана ў Кобрынскую швейную фірму «Лона», з 1999 г. сучасная назва. Прадпрыемства славіцца выпускам канкурэнтаздольных швейных вырабаў, у наменклатуру якіх уваходзідь 21 найменне. У год вырабляецца больш за 100 мадэляў, аб'ём паставак складае каля 400 тыс. штук. У ліку дзелавых партнёраў фірмы Францыі, Полынчы, Чэхіі, Галандыі і інш. Член Беларускай гандлёва-прамысловай палаты (з 1969).

ВЫТВОРЧА-ГАНДЛЁВАЯ ФІРМА «СУЗОР'Е»

Заснавана ў 1944 г. як арцель «Чырвоны Сцяг». Рабочыя (каля 20 жанчын) уручную апрацоўвалі авечую воўну, на ўласных калаўротах пралі пражу, вязалі світэры, валялі валёнкі. У 1949 г. устаноўлены ручныя ткацкія станкі. Прадпрыемства выпускала радно, дарожкі для падлогі, хусгкі. 3 1950 г. пачалі ткадь абрусы, з 1951 г. дываны, з 1953 г. жакардавыя пакрывалы. Працавала каля 120 чалавек. Значны ўклад у развіццё арцелі ўнеслі першы дырэктар П.Я.Алесік і першы мастак М.Д.Іванова. У 1957 г. пабудаваны ткацкі цэх, у 1958 г. з'явіліся механічныя станкі. У 1960 г. перайменавана ў фабрыку «Чырвоны Сцяг». У 1963 г. заменены апошні ручны ткацкі станок. Асноўным асартыментам сталі жакардавыя пакрывалы. У 1968 г. уведзены ў строй новы ткацкі цэх і складскія памяшканні, у 1969 г. — фарбавальны цэх. На базе ткацкай фабрыкі ў 1979 г. створана тэкстыльна-вытворчае аб'яднанне, у склад якога ўвайшлі Антопальская ватна- прадзільная фабрыка і Дзівінскі ўчастак. 3 1983 г. у сувязі з абнаўленнем абсталявання пашырыўся асартымент вырабаў, пачалі выпускаць паўтара- і двухспальныя пакрывалы, шарсцяныя камплекты, пледы і пражу, махровыя ручнікі, дэкаратыўныя тканіны. 3 1995 г. сучасная назва. У 1998 — 2000 гг. расшыраны асартымент дэкаратыўных і асвоены выраб тэхнічных тканін. У 1999 г. выраблена 253 тыс. м2 баваўняных і 328 тыс. м2 шаўковых тканін.

АДКРЫТАЕ АКЦЫЯНЕРНАЕ ТАВАРЫСТВА «КОБРЫНСКІ КАНСЕРВАВЫ ЗАВОД»

Заснавана ў 1948 г. Працавалі 52 рабочыя, выпускалася 6 відаў прадукцыі. У 1948 г. выраблена 324 тыс. умоўных бляшанак кансерваў. Праз некаторы час быў пабудаваны цэх па выпуску кансерваў «зялёны гарошак», пачала працаваць кацельня. У 1982 г. узведзены цэх па вырабе кансерваў з гародніны, склады па захоўванні шклатары і гатовай прадукцыі, аўтагараж, механічная майстэрня. Дзякуючы рэканструкцыі цэхаў і мадэрнізацыі вытворчасці ўзровень механізацыі дасягнуў 70%. У 1985 г. выпуск кансерваў склаў 20 831 тыс. умоўных бляшанак, адпаведна ў 1990 г. — 20 320 тыс., у 1995 г. - 4697 тыс., у 1999 г. — 7487 тыс. У 1998 г. пераўтвораны ў адкрытае акцыянернае таварыства з сучаснай назвай. Выпускае болын за 60 найменняў кансерваў. Уся прадукцыя сертыфікавана ў сістэме сертыфікацыі Рэспублікі Беларусь.

АДКРЫТАЕ АКЦЫЯНЕРНАЕ ТАВАРЫСТВА «ЛЬНОЗАВОД»

Папярэднікам ільнозавода быў створаны ў 1955 г. пункт па нарыхтоўцы лёну, дзе працавала 10 чалавек. Завод уступіў у строй у 1959 г., перапрацоўваў ільносыравіну з гаспадарак Кобрынскага, Драгічынскага, Пружанскага і Маларыцкага раёнаў Брэсцкай вобласці. Меў адну паточную лінію, магутнасць якой складала 901 т ільновалакна ў год. У 1962 г. пабудаваны ўчастак прамысловай перапрацоўкі льносаломкі, у 1965 г. установлена 2-я паточная лінія па вырабе льновалакна. Магутнасць завода дасягнула 2300 т ільновалакна ў год. У 1972 г. уступіў у строй участак па вырабе кастрапліт магутнасцю 5630 м2 у год. Завод уваходзіць у склад Брэсцкага вытворчага аб'яднання «Лён». У 1997 г. пераўтвораны ў адкрытае акцыянернае таварыства. Асноўныя кірункі дзейнасці прадпрыемства — першасная апрацоўка льну, выраб доўгага і кароткага льновалакна, кастрадраўняных пліт. У 1995 г. за межы рэспублікі адгружана 87% ільновалакна ад вырабленага. Яно пастаўляецца таксама на Аршанскі льнокамбінат, Івацэвіцкі льнозавод, Барысаўскую і Дзятлаўскую экспартныя базы. Кастрадраўняныя пліты рэалізуюцца ў асноўным насельніцтву, гандлёвым і будаўнічым арганізацыям Брэсцкай вобласці, у невялікай колькасці пастаўляюцца за яе межы. Максімальнай магутнасці прадпрыемства дасягнула ў 1990 г. У сувязі са штогадовым зніжэннем закупак ільносыравіны з 1992 г. пачалося скарачэнне аб'ёму выпуску льновалакна. У 1997 г. вытворчыя магутнасці выкарыстаны на 47,7%, у 1998 г. — на 42,3%, у 1999 г. - на 28,8%. Выраб кастрадраўняных пліт у 1990 г. склаў 87,4%, у 1999 г. - 10,7%.

АДКРЫТАЕ АКЦЫЯНЕРНАЕ ТАВАРЫСТВА «КОБРЫНСКІ МАСЛАСЫРАРОБЧЫ ЗАВОД»

Заснавана ў 1939 г. як маслазавод. Пасля Вялікай Айчыннай вайны рэканструяваны. У пачатку 1950-х гадоў на прадпрыемстве працавала каля 30 чалавек, штодзень перапрацоўвалася зімой каля 300 л малака, летам — 20 т. У 1967 г. пабудаваны новы завод, магутнасць якога была разлічана на перапрацоўку 50 т малака за змену. У вышку мадэрнізацыі вытворчасці адбыўся пераход ад разліву малака ў флягі да выпуску яго ў поліэтыленавых пакетах, ад вагавага тварагу ў флягах да фасаванага ў па-кетах. Было здадзена ў эксплуатацыю прыёмна-мыйнае аддзяленне, рэканструяваны кампрэсарны цэх, кацельня, цеплапункт, апаратны ўчастак, у 1989 г. уступіў у строй цэх сухога абястлушчанага малака. У 1997 г. набыў статус адкрытага акцыянернага таварыства. Пастаўшчыкамі з'яўляюцца гаспадаркі і прыватны сектар Кобрынскага раёна. Прадпрыемства забяспечвае пастаўшчыкоў мыйнымі і дэзінфекцыйнымі сродкамі, дробным інвентаром, транспартам, ёмістасцямі для збору малака, халадзільнікамі. Акрамя таго, праводзіцца закупка малака ў насельніцтва.

Для развіцця сельска-гаспадарчай базы прадпрыемства ў 1999 г. зрасходавала 6,6 млрд. рублёў уласных сродкаў, у тым ліку 3,6 млрд. на набыццё інвентару і абсталявання, 3 млрд. на будаўніцтва малакапрыёмнага пункта, 10 халадзільнікаў для ахалоджвання малака ў гаспадарках. За 1999 г. прадпрыемства атр мала малака вышэйшага гатунку 37,9% (пры сярэднім працэнце па Брэсцкай вобл. — 26,1), аб'ём вытворчасці прадукцыі вырас на 30,1%, прадукцыйнасць працы — на 17,3%, атрымана прыбытку 382,9 млрд. рублёў, узровень рэнтабельнасці склаў 19,5%. Асвоена вытворчасць нізкатлустай прадукцыі (сыроў, кісламалочных напіткаў, нятлустага кефіру і тварагу, пладова-ягадных салодкіх і нятлустых сыркоў, 4 відаў дэсертаў з выкарыстаннем альбумінавага тварагу), прадукцыі з немалочнай сыравіны (маянэзу, гарчыцы, соусаў). Вырабляецца таксама шакаладнае масла, некалькі відаў марожанага, сыроватка для сіласавання кармоў. Распрацавана тэхналогія малочна-бялковых дэсертаў з рознымі напаўняльнікамі. Асноўныя задачы на перспективу — павелічэнне аб'ёму вытворчасці цвёрдых сычужных сыроў «Расійскі», «Рускі», «Волжскі», «Прыбалтыйскі», выраб нізкатлустых сыроў «Берасце», «Палескі», «Кобрынскі».

У 1999 г. заключаны дагавор з Брэсцкім цэнтрам стандартызацыі і метралогіі аб распрацоўцы сістэмы якасці па міжнародных стандартах серыі НС09000. Пастаўкі прадукцыі ў Полынчу і Расію склалі 354,2 тыс. долараў ЗША (1999). Прадпрыемства ўдзельнічае ў выстаўках і ярмарках у Рэспубліцы Беларусь, праводзіць маркетынгавыя даследаванні па вылучэнні мясцовага рынку і за межамі рэспублікі. Неаднаразова займала прызавыя месцы на аглядах-конкурсах Брэсцкага канцэрна «Мясамалпрам». У 1998 г. здадзены ў эксплуатацию адміністрацыйна-бытавы корпус, пральня, тарны цэх, у 1999 г. — 48-кватэрны жылы дом для работнікаў прадпрыемства. Пачата будаўніцтва прыёмнай лабараторыі, рэканструкцыя сыраробчага цэха, плануецца ўзвядзенне 20-кватэрнага жылога дома. Мае медпункт.

КОБРЫНСКАЕ ВЫШЭЙШАЕ ПРАФЕСІЙНАЕ ВУЧЫЛІШЧА БУДАЎНІКОЎ

Заснавана ў 1968 г. на базе трэста «Брэстсельбуд». У розны час мела назвы Гарадское прафесійна-тэхнічнае вучылішча, Сярэдняе прафесійна-тэхнічнае вучылішча, Прафесійна-тэхнічнае вучылішча. Рыхтуе спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Першы набор склаў 88 чалавек. Заняткі пачаліся 18.2.1969 г., першы выпуск адбыўся ў снежні гэтага ж года. Спачатку навучанне вялося па простых будаўнічых спецыяльнасцях: маляр, муляр, тынкоўшчык, цясляр. Пасля завяршэння ў 1982 г. новага вучэбна-вытворчага корпуса набор навучэнцаў павялічыўся да 220 чалавек у год. У 1985 г. здадзены ў эксплуатацию інтэрнат на 395 месцаў. На 1.9.2000 г. кантынгент навучэнцаў складаў 550 чалавек.

Падрыхтоўка рабочых вядзецца па спецыяльнасцях: муляр, мантажнік будаўнічых канструкцый, зваршчык, маляр (будаўнічы), тынкоўшчык, слесар-сантэхнік, газазваршчык, электрагазазваршчык, сталяр, цясляр, рэзчык па дрэве, станочнік шырокага профілю. Для тэарэтычнай падрыхтоўкі навучэнцаў абсталявана 14 кабінетаў па агульнаадукацыйных і 6 па спецыяльных предметах. 7 майстэрняў забяспечваюць практычную падрыхтоўку па вышэй пералічаных спецыяльнасцях. За час існавання вучылішча падрыхтавана больш за 6 тыс. спецыялістаў. Мае актавую, спартыўную, трэніровачную залы, стадыён, саўну, дыскатэку, бібліятэку, музей, у якім дзейнічае выстаўка тэхнічнай і мастацкай творчасці навучэн- цаў. Вучылішча ўзнагароджана пераходным Чырвоным Сцягам Дзяржаўнага камітэта БССР па прафесійна-тэхнічнай адукацыі (1991), дыпломамі, Ганаровымі граматамі і граматамі Міністэрства народнай адукацыі Рэспублікі Беларусь, Упраўлення народнай асветы Брэсцкага аблвыканкома. Дырэктары: П.Л.Сазоненка (лістапад 1968 —ліпень 1976), А.В.Букач (ліпень 1976 — сакавік 1982), Э.Р.Галушка (сакавік 1982 —сакавік 1988), М.Л.Гольцман (з красавіка 1988).

КОБРЫНСКАЕ ПРАФЕСІЙНА-ТЭХНІЧНАЕ ВУЧЫЛІШЧА № 153

Заснавана 1.10.1981 г. як тэхнічнае вучылішча № 153 з мэтай падрыхтоўкі рабочых для Кобрынскай прадзільна-ткацкай фабрыкі. Рыхтуе спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Напачатку рыхтавала рабочых па прафесіях: прадзільшчык, ткач, памочнік майстра прадзільнай вытворчасці. У 1982 г. пабудаваны інтэрнат, у 1984 г. здадзены ў эксплуатацыю вучэбны і грамадска-бытавы карпусы, пачалася падрыхтоўка швачак для Кобрынскай швейнай фабрыкі. Падрыхтоўка рабочых вядзецца па спецыяльнасцях: швачка, раскройшчык, хатняя гаспадыня (швачка, повар, сацыяльны работнік); ткач, ткач ручнога дыванаткацтва, кравец (лёгкага адзення), прадпрымальнік; повар, повар дзіцячага харчавання; камерцыйны агент; страхавы агент. У вучылішчы працуюць гурткі тэхнічнай і мастацкай творчасці, мастацкай самадзейнасці, спартыўныя секцыі. У 1988 г. прысвоена званне «Вучылішча высокай культуры». Дырэктары: Г.В.Амелянюк (1981 — 1982), М.М.Клачковіч (з 1983).

КОБРЫНСКІ ПРАФЕСІЙНА-ТЭХНІЧНЫ КАЛЕДЖ ВЫЯЎЛЕНЧАГА МАСТАЦТВА I НАРОДНЫХ МАСТАЦКІХ ПРОМЫСЛАЎ

Заснавана ў 1982 г. як тэхнічнае вучылішча народных мастацкіх промыслаў па падрыхтоўцы рабочых высокай кваліфікацыі для мастацкіх прадпрыемстваў, аб'яднанняў, майстэрняў Брэсцкай вобласці і ўсёй рэспублікі. У 1996 г. вучылішчу нададзены статус вышэйшага. У ім ажыццяўляецца многаступеньчатая мадэль навучання. На 1-й ступені навучання будучыя спецыялісты атрымліваюць прафесійную падрыхтоўку па складаных інтэграваных спецыяльнасцях, на 2-й ступені адначасова з павышэннем свайго рабочага рамяства — сярэднеспецыяльную педагагічную адукацыю па спецыяльнасці выяўленчае мастацтва, чарчэнне, а таксама дадатковую кваліфікацыю — майстар вытворчага навучання. У вучылішчы працуюць 26 інжынерна-педагагічных работнікаў. За час існавання вучылішча падрыхтавала болын за 2,5 тыс. спецыялістаў. У вучылішчы дзейнічаюць 10 гурткоў, у тым ліку малюнка, жывапісу, разьбы, інкрустацыі саломкай, вышыўкі і кройкі, інкрустацыі шпонам і інш., гурткі і клубы па інтарэсах, спартыўныя секцыі. Мае інтэрнат, бібліятэку, чытальную і спартыўную залы, дыскаклуб, музей і выставачныя залы, дзе сабраны лепшыя працы навучэнцаў, выпускнікоў і выкладчыкаў. На базе вучылішча праводзяцца рэспубліканскія і абласныя семінары па народных мастацкіх промыслах, эстэтычным выхаванні і методыцы выкладання выяўленчага мастацтва, у 1995—1999 гг. дзейнічаў філіял Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта па выяўленчым мастацтве. У вучылішчы арганізоўваюцца тэматычныя і выніковыя выстаўкі мастацкай творчасці. Лепшыя творы экспануюцца на гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх выстаўках, былі прадстаўлены на міжнародных выстаўках у Алжыры, Канадзе, Мазамбіку і інш. У 1993 г. праведзена адкрытая выстаўка прац навучэнцаў вучылішча ў Пекіне (Кітай). Дырэктар А.В.Букач (з 1982).

A.M. Рысь.