Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Статьи о Кобрине: Древняя Кобринщина

Княжая гара на Кобрыншчыне

У пісьмовым слове да нас дайшла мізэрная частка былога. Невымерна болыд нямых сведкаў гісторыі. Гэта курганы, гарадзішчы, могільнікі, руіны замкаў і інш. А голас іх — памяць народа. Калі знікаюць казкі, легенды і паданні, то гэтыя сведкі ператвараюцца ў простыя пагоркі ці скопішчы камянёў.

На Кобрыншчыне недалёка ад в. Ляхчыцы (Ляхчычы) існуе пагорак выцягнутай формы, які крута ўздымаецца ўверх. Амаль на 10 метраў яго вяршыня пануе над навакольнымі палямі: Косцевым, Вырысаватым, Глінішчамі, Навінкаю, Стаўком.

Ды толькі не за гэта пагорак атрымаў назву Княжая гара (Княжа гора), бо непадалёку ёсць і больш высокія ўзгоркі. Мясцовае паданне распавядае: «Даўно тое было. Княгіня Вольга тут праходзіла. Была яна наша, руская ... Некалі забілі мужа яе, Уладзіміра, і пайшла Вольга ваяваць 3 ворагамі...

Вольга хітрасцю перамагла ворагаў, перакаваўшы ў коней капыты наадварот. Але за Дзівінам быў пост, і адтуль салдаты яе даганялі. У той час наша гара над балотамі стаяла, лесу на ёй не было. Там княгіня і спынілася. У той час варожыя войскі наступалі 3 поўдня, ад Навасёлак. На гары і напаткала смерць Вольгу ... Там яе і пахавалі. Як кажуць, магіла была амаль пад вяршыняй. 3 таго часу гара і завецца Княжаю. Здаўна на магіле стаяў просты драўляны крыж, але, напэўна, пры бальшавіках яго знялі...»

На жаль, зараз ужо пра гэта паданне рэдка хто раскажа больш поўна і прыгожа. Маладзейшыя, акрамя таго, што на пагорку пахавана княгіня, нічога больш не ведаюць.

А пачалася гэта гісторыя больш чым 700 гадоў таму. У 1287 г. галіцка-валынскія князі пайшлі на Польшчу. Уладзіміра-валынскі князь Уладзімір Васількавіч, цяжка хворы, паслаў замест сябе ваяводу, а сам застаўся ў Камянцы. Вельмі пакутуючы ад сваёй раны (у яго гніла ніжняя сківіца), ён паведаміў Мсціславу Данілавічу Луцкаму, што прызначае яго спадкаемцам. Пасля паходу луцкі князь быў выкліканы для падпісання дакументаў. Асобна была напісана грамата, у якой жонцы Уладзіміра Вользе Раманаўне быў завешчаны горад Кобрын і сяло Гарадзель (Гарадзец). Акрамя таго, у грамаце князь запісаў: «...а княгиня моя оже восхочет в черничь поити поидеть, аже не восхочет ити, а кйко ей любо мне не воставши смотрети, что, кто маеть чинить по моем животе». Да таго ж князь вымусіў пераемніка цалаваць крыж, што ён не аддасць прыёмную дачку Ізяславу супраць яе волі замуж, а толькі так, як захоча Вольга [1].

У 1289 г. Уладзімір Васількавіч памёр. Вольга Раманаўна на хаўтурах мужа была 3 Ізяславай і са сваёй залвіцай, чарніцай Аленайх [2]. Апошні раз у Іпацьеўскім летапісе Вольга згадваецца ў сакавіку 1290 г.

На першы погляд цяжка пагадзіцца, што ў паданні гаворыцца менавіта пра княгіню Вольгу Раманаўну. Але, прааналізаваўшы прывед'зены вышэй тэкст, сустракаеш два ўскосныя пацвярджэнні гэтаму. Па-першае, калі княгіня пасля смерці мужа збіралася пайсці ў чарніцы, як гэта было прынята ў тыя часы, дык навошта было гэты момант агаворваць у грамаце. А па-другое, калі Вольга не думала ехаць у Кобрын, дык навошта Уладзіміру было завяшчаць ёй гэты горад на ўскраіне сваіх уладанняў, а не нейкае бліжэйшае паселішча.

Відаць, княгіня са сваім мужам, які па сведчанні летапісца быў «кніжнікам і філосафам», даўно прадумалі яе лёс пасля смерці князя. Калі гэта так, дык Кобрын, які існаваў ужо даўно, сапраўды быў ідэальным месцам для жыцця дзвюх княгінь.

Дарэчы, за 4 км ад Лепеля, каля в. Boраўна, ёсць два курганы, вядомыя пад назвай Княгінкі. Пра іх існуе наступнае паданне. Князь, уладар гэтай зямлі, пайшоў на вайну. Жонка яго не дачакалася і выйшла замуж за другога. Калі князь вярнуўся, ён забіў жонку і сябе. Людзі пахавалі іх і над магіламі насыпалі вялізныя курганы. У канцы XIX ст. археолаг М.Ф.Кусцінскі раскапаў гэтыя насыпы. У адным з іх ён знайшоў мужчынскі касцяк з кап'ём і вялікай сякерай, у другім — касцяк жанчыны, на шыі ў яе сярэбраныя каралі, на руках — бронзавыя спіралепадобныя бранзалеты [3].

Жыццё ўжо неаднаразова паказвала — гісторыя адкладаецца ў памяці народа, у т.л. у паданнях. Але тыя, пры перадачы ад адных носьбітаў да іншых, аддаляліся ад фактычнай першаасновы і прайшлі праз вольную паэтычную інтэрпрэтацыю.

Пра Княжую гару існуюць пісьмовыя звесткі ў навуковай літаратуры. Першая «Рэвізія Кобрынскай эканоміі» 1563 г., дзе запісана: «Княжая Гора, урочище села Рухович»[4]. Пазней Гара прысутнічае на рускіх картах XIX ст. і на польскіх пачатку XX ст. У канцы XIX ст. археолаг Ф.В.Пакроўскі са слоў святара запісаў: «с. Хабовічы ... Блоцкай вол., Кобрынскага павета. У 5 вярстах на паўднёвы-захад ад сяла ёсць невялікі пагорак, які называецца ў народзе Княжая гара. Называецца так таму, што тут быццам бы ў час бойкі забіта нейкая княжна»[5].

Ёсць надзея, што помнік дачакаецца археалагічных даследаванняў. Бо толькі яны пацвердзілі б наяўнасць самой магілы і, магчыма, ідэнтычнасць княгіні Вольгі і жонкі Уладзіміра Васількавіча.

Ю.А. Барысюк.


1. ПСРЛ. Т. 2. Ипатьевская летопись. М.: АН СССР, 1952. С. 904-905.
2. ПСРЛ. Тамсама. С. 9.
3. М.Ф.Кусцинский. Из записок о курганах Лепельского уезда // Полоцкие епархиальные ведомости Витебск, 1903.С. 77.
4. Акты Віленскай археалагічнай камісіі. Вільня, 1876. Т. 15. С. 67.
5. Ф.В.Покровский. Археологическая карта Гродненской губернии. Вильно, 1895. С. 83.

Комментарии


Комментарии


Названия статей

Поиск по сайту



Наши партнеры

Познай Кобрин