Versão em português 中文版本 日本語版
Polish version La version française Versione italiana
Русская версия English version Deutsch Version

Статьи о Кобрине: В составе ВКЛ и РП

Час Суворава

Упершыню ваенны лёс прывёў А.В.Суворава на Кобрыншчыну ў 1769 г. У 1768 г. у г. Бар (у той час у Рэчы Паспалітай, цяпер у Вінніцкай вобл., Украіна) частка найбольш рэакцыйных магнатаў і шляхты ўзнялі мяцеж супраць караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага з-за таго, што ён сваім указам устанаўліваў грамадзянскае раўнапраўе хрысціян некатолікаў з католікамі. Буйныя магнаты і шляхта выкарысталі сваё права на «рокаш» для барацьбы за прывілеі католікаў у Рэчы Паспалітай.

Па просьбе польскага караля царская Расія прыняла актыўны ўдзел у барацьбе супраць Барскай канфедэрацыі, войскамі якой часцей за ўсё камандавалі французскія генералы. У кастрычніку 1768 г. Сувораў на чале Суздальскага палка выступіў з Новай Ладагі для ўдзелу ў баявых дзеяннях. За 30 дзён салдаты прайшлі 900 вёрстаў да Смаленска ва ўмовах асенняга бездарожжа. Толькі ў 1769 г. яны ступілі на кобрынскую зямлю. 12 верасня 1769 г. каля в. Арэхава (Маларыцкі раён) адбыўся бой. Атрад Суворава колькасцю 800 чалавек атрымаў перамогу над 2-тысячным атрадам канфедэратаў пад камандаваннем братоў Пуласкіх, захапіўшы 1000 палонных. У час бою адзін з братоў быў забіты, а другі змог арганізавана адвесці рэшткі атрада, што моцна ўразіла Суворава. Ён паслаў Пуласкаму эмаліраваную табакерку з допісам: «Люблю змагацца з разумным праціўнікам».

Буйное паражэнне пацярпелі асноўныя сілы Барскай канфедэрацыі пад камандаваннем французскага генерала Дзюмур'е ў бітве каля Ландскроны, якая адбылася 23 мая 1771 г. А.В.Сувораў атакаваў конніцай умацаваныя пазіцыі праціўніка, выкарыстаўшы незвычайны тактычны прыём. Пазней Дзюмур'е абвінаваціў палкаводца ў няведанні канонаў ваеннай навукі, спрабаваў да канца сваіх дзён усім тлумачыць, што Сувораву спадарожнічае ваеннае шчасце.

                Вiзiтная картка Суворова з яго асабiстым подпiсам.

 Многія заходнія гісторыкі і сёння схільныя тлумачыць перамогі Суворава шчаслівым збегам абставін. Аднак дакументы таго часу сведчаць, што кожны раз пры падрыхтоўцы да аперацыі Сувораў старанна прадумваў яе ход, аналізаваў моцныя і слабыя бакі праціўніка, улічваў асаблівасці мясцовасці, дзе давядзецца змагацца. Самым галоўным залогам перамогі палкаводзец лічыў баявую падрыхтоўку і маральны дух рускіх салдат.

Праз 2 гады, у 1771 г., А.В.Сувораў зрабіў самы доўгі пераход па Беларусі. За два тыдні полк пераадолеў 600 вёрст, прайшоў праз Брэст, Бярозу, Косава, Палонку, Крынкі, Сталовічы, Нясвіж, Клецк, Сіняўку, Лагішын, Пінск, Драгічын, Антопаль, Ракітніцу, а затым павярнуў на Баранавічы. Хуткі пераход дазволіў раптоўна ноччу напасці на 4-тысячны атрад гетмана М.Агінскага пад в. Сталовічы (каля Баранавіч) і разбіць яго 23 верасня 1771 г. У выніку атрыманай перамогі была захоплена ўся артылерыя праціўніка, абоз і казна з архівам. Бітва стала класічным узорам прымянення сувораўскіх прынцыпаў: вакамера, хуткасці, націску.

Толькі ва ўзросце 40 гадоў А.В.Сувораў атрымаў сваю першую ўзнагароду — ордэн Святой Ганны. 30 жніўня 1771 г. ён быў узнагароджаны ганаровым рускім баявым ордэнам — Святога Георгія III ступені. За Сталовічы палкаводзец у снежні 1771 г. быў адзначаны ордэнам Святога Аляксандра Неўскага.

Прайшло больш за 20 гадоў, і Сувораў зноў апынуўся на Кобрыншчыне.

У 1794 г. у Рэчы Паспалітай ўспыхнула паўстанне, кіраўніком (начальнікам) і галоўнакамандуючым якога быў прызначаны брыгадны генерал арміі ЗІПА, выпускнік французскай ваеннай акадэміі, патрыёт Полынчы Т.Касцюшка. Паўстанне праходзіла пад лозунгамі нацыянальна-вызваленчай барацьбы, за аднаўленне незалежнасці і суверэнітэту Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. у саюзе з рэвалюцыйнай Францыяй. Рускія войскі, якія знаходзіліся ў Рэчы Паспалітай па просьбе караля Польшчы, былі раптоўна атакаваны паўстанцамі. На задушэнне паўстання царскі ўрад кінуў войскі з Расійскай імперыі, якія, аднак, на працягу вясны і лета не дамагліся рашаючых поспехаў. Як заўсёды ў цяжкіх сітуацыях успомнілі пра Суворава.

У сярэдзіне жніўня атрад колькасцю 5 тыс. чалавек выступіў з г. Няміраў (цяпер Вінніцкая вобл.). Шлях яго ляжаў на паўднёвы захад Беларусі, канечным пунктам з'яўляўся г. Брэст. Фарсіраваным маршам войска набліжалася да тэрыторыі сучаснай Брэсцкай вобласці. 14 верасня 1794 г. падышлі да в. Дзівін, размешчанай за 30 км ад Кобрына. Тут адбыўся бой, у выніку якога быў знішчаны ар'ергард (у 500 сабель) генерал-маёра К.Серакоўскага. У невялікай драўлянай царкве Сувораў адстаяў падзячнае набажэнства, а потым рушыў далей. За 3 км ад вёскі атрад спыніўся на адпачынак, і Сувораў прылёг пад разгалістым дубам. (З таго часу сярод мясцовага насельніцтва з пакалення ў пакаленне перадавалася паданне, што менавіта пад гэтым дубам адпачываў праслаўлены палкаводзец.)

Ноччу атрад Суворава рушыў у бок Кобрына. Падышоўшы да горада палямі і агародамі з паўднёвага ўсходу, казакі хуткай атакай збілі вартавыя пасты непрыяцеля і, не даючы яму апамятацца, нанеслі ўдар. У данясеннях тых дзён паведамляецца пра баявыя дзеянні супраць армейскіх падраздзяленняў. Гэта тлумачыцца тым, што ў Рэчы Паспалітай буйныя феадалы мелі шмат палітычных, эканамічных і іншых правоў. Маючы ўласныя войскі, феадалы ў сваіх уладаннях станавіліся «дзяржавай у дзяржаве» і валодалі правам «на рокаш» — выступленне са сваёй арміяй супраць караля. Так было і ў 1794 г., калі буйныя феадалы прынялі ўдзел у паўстанні пад кіраўніцтвам Касцюшкі. На баку паўстанцаў выступілі і некаторыя рэгулярныя часці каралеўскай арміі. Вось чаму і ў данясеннях пра перамогі пры Дзівіне і Кобрыне Сувораў піша пра генерал-маёра Ружыча, палкоўніка Верашчаку, палонных афіцэраў і салдат.

Пасля бою ў Кобрыне 15 верасня Сувораў на суткі затрымаўся, каб яго атрад змог адпачыць. У гэты час яму стала вядома, што за 15 вёрстаў ад горада каля Крупчыцкага манастыра спыніўся 20-тысячны корпус Серакоўскага. На досвітку 17 верасня 1794 г. каля сцен Крупчыцкага манастыра адбыўся бой. Корпус Серакоўскага займаў зручную ў тактычных адносінах пазіцыю: манастыр, размешчаны на пануючай вышыні, быў надзейна абаронены з трох бакоў лесам, а чацвёрты бок прыкрывала балоцістая пойма ракі Трасцяніцы. Уся мясцовасць вакол манастыра добра прастрэльвалася, і першая спроба Суворава атакаваць пазіцыі скончылася няўдачай. Тады ён загадаў адысці і пачаць наступленне з боку непраходнага балота. Для таго, каб вымасціць гаць, у суседняй в. Хадасы былі разабраны агароджы і стрэхі з хлявоў. Пад агнём праціўніка салдаты на руках па гацях перацягнулі гарматы, пераправіліся самі, пастроіліся тупым вуглом да непрыяцельскай пазіцыі і пачалі наступаць. Разгарэўся жорсткі штыкавы бой, які працягваўся больш за 8 гадзін, пасля чаго Серакоўскі вымушаны быў адысці. У гэтым баі Сувораў па-майстэрску выкарыстаў спалучэнне франтальнай атакі з абходнымі манеўрамі.

Вечарам 18 верасня войска Суворава спынілася за 5 вёрстаў ад Брэста і ноччу пачало абыходзіць праціўніка, які тройчы мяняў пазіцыю. На наступны дзень паміж Брэстам і в. Цярэспаль быў нанесены канчатковы ўдар па корпусе Серакоўскага. Трафеямі сталі сцягі і ўся артылерыя паўстанцаў.

На працягу наступных чатырох тыдняў Сувораў бяздзейна прастаяў пад Брэстам у чаканні падмацаванняў, вельмі нерваваўся з-за вымушанай затрымкі, не выключаў думку аб авантурным прасоўванні наперад. Часцей за ўсё яго планы па смеласці і рашучасці межавалі з рызыкай, якая аднак заўжды была беспамылкова абгрунтавана.

Пасля месячнага знаходжання ў Брэсце Сувораў рушыў у бок Варшавы. 26 кастрычніка каля г. Кабылка ім быў разбіты невялікі атрад паўстанцаў незвычайным манеўрам.

Яшчэ 10 кастрычніка ў баі пад в. Мацяёвіцы генерал-лейтэнантам І.Ферзенам быў узяты ў палон цяжка паранены Т.Касцюшка. Кіраўнікі паўстання, сярод якіх пачаліся рознагалоссі, не змаглі арганізаваць адпор рускім войскам.

1 лістапада 1794 г. войскі пад камандаваннем Суворава наблізіліся да Прагі (прадмесце Варшавы). Увесь дзень 3 лістапада грымела кананада рускіх батарэй. А вечарам па палках быў зачытаны загад аб штурме. Прычым чыталі яго па тры разы, «каб кожны салдат больш цвёрда запомніў». На світанні 5 лістапада пачаўся штурм Прагі, які працягваўся 4 гадзіны. Каб выратаваць Варшаву, Сувораў загадаў гранатай падпаліць мост цераз Віслу і такім чынам закрыў дарогу ў горад. На працягу наступных двух тыдняў ён адпусціў па хатах болып за 15 тыс. удзельнікаў паўстання. Афіцэраў адпускаў са зброяй, беручы з іх слова, што яны ніколі больш гэту зброю не будуць узнімаць супраць Расіі.

Жыхары Варшавы, ацаніўшы гуманізм і міралюбнасць палкаводца, паднеслі яму залатую, упрыгожаную эмалем табакерку з надпісам: «Варшава свайму збавіцелю».

За перамогі ў баях 1794 г. Сувораў атрымаў чын фельдмаршала. Кацярына II «у якасці падзякі за выдатныя заслугі» падаравала яму маёнтак Кобрынскі Ключ. У склад маёнтка ўваходзілі некалькі вёсак з фальваркамі, гарадскі дом (тут цяпер мемарыяльная частка Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А.В.Суворава), сядзіба «Губерня», а таксама замак, размешчаны ў цэнтры горада. Усяго тут пражывала каля 7 тыс. душ прыгонных толькі мужчынскага насельніцтва. Сам Сувораў адразу прыехаць у Кобрын не змог, а прыслаў сюды свайго прадстаўніка, палкоўніка Карыцкага. Агледзеўшы падараваны палкаводцу маёнтак, палкоўнік адправіў паведамленне, што замак вельмі моцна заняпаў і жыць у ім немагчыма.

У 1795 г., калі адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай, у час вяртання з Варшавы ў Пецярбург Сувораў затрымаўся ў Кобрыне і агледзеў свае ўладанні. Знаходжанне Суворава ў Кобрыне было перарвана неабходнасцю тэрміновага прыбыцця ў Пецярбург, дзе ён быў прызначаны камандуючым 3-й рускай арміяй. Пасля смерці ў 1796 г. Кацярыны II на расійскі прастол уступіў яе сын Павел I, выхаваны ў прускім духу, паклоннік караля Фрыдрыха II. З першых дзён царавання Павел пачаў перабудоўваць армію, выкараняць усё, што было створана Пятром I, П.І.Румянцавым і Суворавым.

             Салдаты i афiцэры рускай армii другой паловы XVIII ст.

Насаджаючы новыя прускія парадкі, якія былі ўведзены ім яшчэ пры жыцці маці ў яго «гатчынскіх» войсках, Павел I падаўляў у арміі ўсё прагрэсіўнае і нацыянальнае.

У хуткім часе Сувораў убачыў не толькі «новаўвядзенні» імператара ў арміі, але і яго характар. Пасля некалькіх дробных прычэпак Паўла I Сувораў папрасіў даць яму гадавы водпуск. Аднак у гэтым палкаводцу было адмоўлена і неўзабаве ён атрымаў указ аб звальненні ў адстаўку, «паколькі вайны няма і неабходнасці ў ім няма». Так, у 1797 г., пасля 50 гадоў службы Сувораў быў выгнаны з арміі і нават без права нашэння мундзіра.

У сакавіку 1797 г. апальны фельдмаршал прыехаў у Кобрын. Разам з ім прыбылі 18 афіцэраў, якія пайшлі ў адстаўку ў знак пратэсту супраць яго звальнення. Сувораў збіраўся ўладкаваць усіх у сваім вялікім маёнтку на пастаяннае жыхарства. Ды і сам меркаваў, што астатак дзён правядзе менавіта тут.

Знаёмства з новымі ўладаннямі Сувораў пачаў з сядзібы «Губерня», якая знаходзілася прыкладна за 1 км ад горада. Сюды ён будзе прыходзіць амаль штодзень і адпачываць на вялікім камені (захаваўся да нашага часу). У час аб'езду падараваных вёсак Сувораў знаёміўся з жыццём і побытам мясцовых сялян, прыслухоўваўся да незнаёмай яму гаворкі.

Недалёка ад дома на Губерніяльнай вуліцы стаяў будынак Петрапаўлаўскай царквы, узведзенай у 1497 г. Апальны палкаводзец амаль кожны дзень наведваў яе, пратаптаў сцяжынку праз агароды. Часам ён узлазіў на званіцу і званіў ці спяваў на клірасе, папраўляючы дыякана, калі той фалыпывіў. Пеўчыя з павагай уступалі побач з сабой на клірасе месца праслаўленаму палкаводцу.

Ён заставаўся верны сваім салдацкім прывычкам: быў непераборлівы ў ядзе, спаў каля раскрытага акна ў любое надвор'е і абавязкова на цвёрдай пасцелі. Стары граф ахвотна гутарыў з усімі, хто наведваў яго ці каго ён сустракаў на сваім шляху ў час штодзённых прагулак у сядзібу «Губерня». Калі-нікалі ў Кобрын заязджалі розныя вяльможы, якія накіроўваліся ў Пецярбург або Маскву — часцей проста пацікавіцца, як жыве палкаводзец, які «баталій не прайграваў».

Знаходжанне Суворава ў Кобрыне ўжо праз паўтара месяца было перарвана новым указам імператара. Зласліўцы палкаводца напомнілі Паўлу I пра тое, што ад Кобрына недалёка заходняя граніца і Суворава могуць пераманіць на службу за мяжу. Да таго ж пастаянна нашэптвалі, што сярод 18 афіцэраў, якія прыехалі да Суворава ў Кобрын, магчыма, узнікне змова супраць імператара.

4 мая 1797 г. у Кобрын прыбыў чыноўнік тайнай канцылярыі Нікалаеў. Па яго патрабаванні Суворава паднялі з пасцелі і зачыталі яму ўказ: «Ехаць вам у Кобрын ці іншае месца прабывання Суворава, адкуль адвезці яго ў баравіцкія вёскі, дзе і перадаць Вындомскаму (гараднічаму), а ў выпадку неабходнасці патрабаваць дапамогі ад усякага начальства».

Часу для афармлення папер па перадачы зямель адстаўным афіцэрам, якія жылі ў Кобрыне, а таксама для іншых грашовых спраў не заставалася. Сувораў вымушаны быў пазычыць грошы ў аканома Карыцкага пад заклад сваіх ордэнаў і на досвітку быў вывезены з Кобрына. За чатыры гадзіны, якія яму даваліся на зборы, ён не паспеў прывесці ў парадак свае паперы.
 

          Тытульны лiст кнiгi пра А. В. Суворова

Пасля таго, як Суворава даставілі ў с. Канчанскае Наўгародскай губерні, Нікалаеў зноў прыехаў у Кобрын. На гэты раз для таго, каб арыштаваць усіх афіцэраў і накіраваць іх у кіеўскую турму. Там афіцэраў на працягу чатырох месяцаў катавалі, спрабуючы даведацца пра змову, якой аднак не існавала, і яны былі адпушчаны. Адны з іх вярнуліся на службу ў армію, іншыя прыехалі зноў у Кобрын і назаўсёды засталіся тут.

Канчанская ссылка — самы цяжкі перыяд у жыцці палкаводца. Ён правёў там два гады, а даходы ад «Ключа Кобрынскага» ў гэты час паступалі ў казну імператара.

Нягледзячы на цяжкія ўмовы, Сувораў не пераставаў сачыць за падзеямі ў Еўропе, за паходамі Напалеона. Ён прадказаў сутыкненне Расіі з Францыяй. У Канчанскім Сувораў распрацаваў план паходу супраць Напалеона, у якім выклаў шэраг асноўных стратэгічных прынцыпаў: актыўнае наступленне, канцэнтрацыя сіл на рашаючым напрамку, знішчэнне жывой сілы праціўніка, захоп яго. У гэтым плане адлюстраваўся палкаводчы талент Суворава, яго ўменне правільна ацэньваць абстаноўку, веданне моцных і слабых бакоў праціўніка, наватарства і празорлівасць.

Саюзнікам, што аб'ядналіся супраць Францыі, на чале саюзнай арміі патрэбен быў палкаводзец, здольны кіраваць баявымі дзеяннямі і які валодаў новымі спосабамі вядзення вайны і бою. Усведамляючы, што барацьба будзе вельмі цяжкая, ад Расіі патрабавалі, каб галоўнакамандуючым саюзнай арміяй быў прызначаны Сувораў. Палкаводца вярнулі з канчанскай ссылкі ў Пецярбург, дзе Павел I тэрмінова ўзнагародзіў яго ордэнам Святога Іаана Іерусалімскага (Мальтыйскі ордэн) і ўручыў рэскрыпт аб прызначэнні камандуючым саюзнай арміяй.

Па дарозе ў Італію Сувораў спыняўся ў Кобрыне прыблізна з 14 да 17 сакавіка 1799 г. для прывядзення ў парадак розных папер, паколькі ў сувязі з новым прызначэннем Павел I вярнуў яму гэты маёнтак.

У 1799 г. сувораўская армія ў італьянскім і швейцарскім паходах прадэманстравала Еўропе выдатныя якасці рускага салдата, перавагі сувораўскай ваеннай школы і навукі перамагаць («Навука перамагаць» — першы падручнік у гісторыі рускай арміі для салдат, напісаны Суворавым у 1796 г.).

У пачатку лютага 1800 г. авеяны славай палкаводзец у час вяртання на радзіму спыніўся ў Кобрыне, каб крыху паправіць сваё здароўе. У Швейцарыі ён цяжка захварэў ліхаманкай і зараз стан яго рэзка пагоршыўся. Сувораў не ў сілах быў камандаваць войскамі. Армію ён перадаў у Кракаве генералу Розенбергу, а сам у паштовай карэце імкнуўся хутчэй дасягнуць межаў Расіі. Па прыбыцці ў Кобрын Сувораў спадзяваўся затрымацца тут толькі на некалькі дзён, але насуперак жаданню прабыў амаль два месяцы. Палкаводзец быў цяжка хворы. Амаль два тыдні ён не прымаў ніякай ежы, спадзеючыся такім чынам пазбавіцца ад немачы. Аднак яму станавілася ўсё горш і горш, і ён згадзіўся лячыцца сур'ёзна. Былі запрошаны кобрынскі доктар Кернісон, а потым урачы з Цярэспаля і Брэста.

Першыя дні лячэння прынеслі некаторы поспех. Адчуўшы паляпшэнне, Сувораў вырашыў пасціць, паколькі пачынаўся Вялікі пост. У час паляпшэння стану генералісімус хадзіў па пакоях дома, дыктаваў успаміны пра італьянскі і швейцарскі паходы гістарыяграфу Фуксу, які жыў пры ім.

Аднак палёгка была непрацяглай. У хуткім часе Сувораву стала зусім дрэнна, і князь П.І.Баграціён, які знаходзіўся пры ім у Кобрыне, адправіўся ў Пецярбург з паведамленнем аб вельмі цяжкім стане здароўя палкаводца.

18 сакавіка 1800 г. у Кобрын прыбылі пасланы імператарам сын Суворава Аркадзь і лейб-медык Вейкарт. Павел I загадаў Аркадзю кожны дзень даносіць пра стан здароўя палкаводца.

Прыбыўшыя паведамілі, што ў сталіцы Сувораву рыхтуецца пышны прыём. Імператар загадаў сустракаць генералісімуса так, як сустракалі б яго самога: царкоўным звонам і салютам з гармат, вывешваннем сцягоў. Гэтыя весткі цешылі сэрца хворага палкаводца, і ён яшчэ раз сілай волі змог падняць сябе на ногі. Сувораў стаў уставаць з пасцелі, працягваў дыктаваць успаміны, наведваў Петрапаўлаўскую царкву і спяваў на клірасе. (У памяць пра наведванні Суворава гэту царкву мясцовыя жыхары сталі называць «сувораўскай», пад гэтай назвай яна цяпер значыцца ў царкоўных спісах.)

На шляху з замежнага паходу зводны батальён Екацярынаслаўскага і Маскоўскага палкоў 19 сакавіка 1800 г. прайшоў маршам па Губерніяльнай вуліцы, дзе на ганку свайго дома, адчуўшы ў гэтыя хвіліны палёгку, іх вітаў Сувораў. Генералісімус быў хворы целам, але па-ранейшаму быў моцны духам. Гэта была апошняя сустрэча А.В.Суворава з арміяй.

У апошніх чыслах сакавіка ён назаўсёды паехаў з Кобрына. У дарозе стан яго рэзка пагоршыўся, і пасля прыбыцця ў Пецярбург 18 мая 1800 г. Сувораў памёр. Яго пахавалі ў Благавешчанскай царкве Аляксандра-Неўскай лаўры ў Пецярбургу. На надмагільнай пліце напісалі толькі тры словы: «Тут ляжыць Сувораў» — так ён завяшчаў.

Усё сваё жыццё ад нараджэння да апошняга дыхання А.В.Сувораў прысвяціў таму, што было для яго не прафесіяй, а вышэйшым прызначэннем — ваеннай справе. Яму былі незвыклымі забавы і ўцехі, гульні і балі. Асабістага жыцця, па сутнасці, у яго не было. Усе свае сілы ён прысвяціў ваеннаму майстэрству — гэтаму цяжкаму роду дзейнасці, які патрабаваў максімальнага праяўлення таленту, мужнасці і волі. Адной з асноўных уласцівасцей яго натуры была глыбокая непарушная бескарысліваць.

Непераўзыдзены майстар вайны, Сувораў яе не любіў. Як палкаводзец ён прагнуў ратных спраў, але як чалавека вялікай душы, гуманнага, добрага яго засмучалі згубныя наступствы войнаў. «Вайна — хаос, вайна — бедства, перамога — канец вайны», — так гаварыў ён з болем пра вайну.

Ваенна-тэарэтычная і практычная дзейнасць А.В.Суворава зрабілі вялікі ўплыў на далейшае развіццё рускага нацыянальнага ваеннага майстэрства і ваеннай тэорыі.

Н.М.Пліско.
 


Названия статей

Поиск по сайту



Наши партнеры

Виртуальное путешествие по всему городу Кобрину