Аб існаванні ў Кобрыне замка сведчаць матэрыялы інвентароў XVI ст. Час узнікнення дакладна невядомы. Аднак у рэвізіі 1597 г. ён апісаны як састарэлы і заняпалы. У той час каралеўскія рэвізоры М. Райскі, Д. Дамарацкі і Я.Звер праводзілі рэвізію Брэсцкага староства, адначасова быў даследаваны і стан замка. Складаўся ён з дзвюх асобных частак — Верхняга і Ніжняга замкаў, — акружаных ірвамі, валамі з парканамі. Больш умацаваны Верхні замак служыў рэзідэнцыяй князя альбо яго намеснікаў, тут размяшчалася ўзброеная дружына. 3 паўднёвага боку быў мост цераз рукаў Кобрынкі, які вёў да цэнтральных крапасных варот. 3 абодвух бакоў варот былі размешчаны драўляныя вежы (у рэвізіі ўпамінаецца пяць), злучаныя паміж сабой мураванымі збудаваннямі, якія ўтваралі вонкавыя сцены абарончай лініі. У высокай шмат'яруснай вежы захоўваўся стары складны мост. З Ніжняга ў Верхні замак вёў стары мост на палях. Ва ўсходніх варотах Верхняга замка меўся пад'ёмны механізм для пад'ёму аднаго са звёнаў моста.
Место расположения былых Кобринских замков. Наполеон Орда. Кобрин. 1864
З апісання замка вынікае наяўнасць унутры яго ўмацаванняў
пустых пабудоў, у якіх меліся распісаныя або проста чорныя
кафельныя грубкі. Шкло ў вокнах было ўстаўлена ў драўляныя
ці алавяныя рамы. Мэбля складалася са сталоў, лаў, дубовых
сундукоў, палацей. У Верхнім замку быў вадзяны млын, канюшня
і калодзеж, а таксама невялікі сад, знаходзіліся склеп,
нешта падобнае на альтанку і кладоўка з простай каменнай
печчу з комінам.
Паводле рэвізіі на ўзбраенні замка меліся 2 гарматы і 4
змеявікі (лёгкія пушкі), 15 гакаўніц (зацінных пішчалей), 17
ручніц, 6 зарадных скрынак да змеявікоў, 2 баннікі, 2
кавалкі серы і кавалак волава, 3 капы жалезных пустацелых
ядраў і 3 капы каменных. У замку жыў стары пушкар, надзелены
дзвюма валокамі зямлі, тады як другі штатны пушкар памёр. У
абавязкі пушкара ўваходзіла ўтрыманне ў парадку замкавай
зброі, чыстка яе і штогадовы выраб 6 новых ручніц, для чаго
казна выдавала неабходны матэрыял. Але, улічваючы яго сталы
ўзрост, яму дазвалялася абмежавацца вырабам 4 ручніц. Жылі ў
замку і 2 кавалі, якія абавязаны былі вырабляць усё
неабходнае для замка. Дрэва на пабудовы і рамонт дастаўлялі
штогод 3 пастаўшчыкі. Усе работы па ўтрыманні замка ў
належным стане выконвалі гараджане.
З цягам часу замак усё больш старэў і разбураўся, і
канчаткова страціў сваё значэнне ў 1766 г., калі Кобрын быў
пазбаўлены гарадскога самакіравання і пастаўлены ў ранг
цэнтра эканамічнай адзінкі — Кобрынскага Ключа, кіраванне
якой было перанесена ў спецыяльна закладзеную паблізу горада
сядзібу «Губерня». А.В.Сувораў, якому ў 1795 г. разам з
Кобрынскім Ключом быў падораны замак, загадаў знесці яго
ўмацаванні. Аднак, відаць, гэтая работа не была даведзена да
канца, бо яшчэ ў 1812 г. пад канец кровапралітнага бою, які
праходзіў у самым горадзе 27 ліпеня паміж 3-й рускай арміяй
пад камандаваннем генерала Тармасава і саксонскім корпусам
генерала Рэнье, рэшткі атрада генерала Кленгеля аказвалі
безнадзейнае супраціўленне рускім войскам на руінах замкавых
умацаванняў. Пра гэта генерал Тармасаў паведамляў імператару
Александру I у сваім рапарце.
Алошнія рэшткі Замкавай гары зніклі ў 1840-я гады. У той час
праз цэнтр Кобрына пракладвалася Маскоўска-Варшаўская шаша,
для будаўніцтва якой і была выкарыстана зямля са
старажытнага замчышча. Аб гэтым паведаміў гродзенскаму
губернатару капітан інжынернай каманды, які кіраваў работамі.
Аднак некаторыя сляды былога ўсё ж засталіся і да нашых
дзён. Перш за ўсё, гэта добра прыкметная ўпадзіна,
размешчаная справа пры пад'ёме на мост цераз раку Мухавец, —
заплыўшы зямлёй след аднаго з ірвоў, што некалі апаясваў
замкавыя ўмацаванні. У гэтых мясцінах на ворнай зямлі
найчасцей знаходзяць абломкі старажытнага глінянага посуду з
характэрным для XII — XIII ст. лінейным арнаментам. Пад час
земляных работ, што вяліся на замчышчы пасля Вялікай
Айчыннай вайны, былі знойдзены рэшткі магутных паляў.
Знайшлі тут і ўцалелую драўляную пласціну з дзіркамі па
краях, якая нагадвае прыступку лесвіцы ці рэшткі тратуара.
На месцы Ніжняга замка пасля бою 1812 г. былі пахаваны ў
брацкіх магілах загінуўшыя рускія і саксонскія воіны. У 1866
г. на магіле рускіх салдат была пабудавана саборная
Аляксандра-Неўская царква. Паўднёвы рукаў рэчкі Кобрынкі,
што акружаў замак, быў засыпаны ў самым пачатку XX ст., і на
яго месцы пасаджаны невялікі сквер. А ў стогадовы юбілей
вайны 1812 г. у скверы, каля шашы, быў пастаўлены помнік,
які існуе і цяпер.
А. М. Мартынаў
Наши проеты: Туристический Кобрин | Познай Кобрин Все права защищены © 2011-2017. Все изображения защищены их правообладателями. При копировании материалов активная ссылка на http://ikobrin.ru обязательна.